«Таўкачыкі–2014»: гэтым разам — апора на ўласныя сілы

23 красавіка для айчыннай фолк-сцэны — дзень у нечым знамянальны. На сцэне знакамітага клуба «RE: PUBLIC» загучалі старажытныя народныя спевы, выконваліся абрады, якім не адна сотня гадоў.



Спявае і грае Юрый Выдронак


Народных спевакоў з розных рэгіёнаў Беларусі змянялі маладыя рок-гурты і сучасныя фолк-выканаўцы, а слухачы не шкадавалі апладысментаў і тым, і другім. Гэта і быў folk-bomond-fest «Таўкачыкі на Юр’я»!

Памятаю аптымізм Юрыя Выдронка, калі ў 2011 годзе ягонае тварэнне і дзецішча — фолк-фэст «Таўкачыкі» ўпершыню ўхваліла Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. І сапраўды, гэта было радасна, бо самая значная культурная ўстанова краіны, як маральна, так і матэрыяльна, падтрымала ініцыятыву незалежнага прадзюсера і музыканта ў яго імкненні зрабіць рэальны крок па адраджэнні беларускіх фальклорна-спеўных традыцый, напаўзабытых народных абрадаў, пазнаёміць з імі моладзь.

З такім жа пачуццём Юрый Выдронак і гэтым разам рушыў у Міністэрства культуры. Але з першых жа хвілін перамоў стала зразумела, што чаканай падтрымкі ўжо не будзе. І на гэта знайшлася тысяча прычын: тут і набліжаючыся Чэмпіянат свету па хакеі, і патрэба павышаць заробкі работнікам культурных устаноў, і новыя, больш важныя праекты Міністэрства…

Але дзякуючы намаганням уласна Юрыя Выдронка, яго сяброў і аднадумцаў фестываль стаў рэальнасцю. Хоць і ў нязвычным фармаце. Юрый прапанаваў гэтым разам адзначаць выканаўцаў спецыяльнымі намінацыямі з уручэннем маленькай копіі талісмана фэсту «Таўкачыкі» — сялянскай ступы з таўкачом. А танец «Таўкачыкі» стаў другім — музычным — талісманам фэсту. Ім і распачалася канцэртная праграма folk-bomond-fest «Таўкачыкі на Юр’я–2014».

Фота на памяць. Юрый Выдронак і Наталля Матыліцкая

Першымі на сцэну быў запрошаны хор «Талака», які працуе пры БДУ. Творчае крэда фолк-выканаўцаў — найбольш цеснае набліжэнне да аўтэнтычнай манеры выканання. Юрый Выдронак пад апладысменты слухачоў уручыў хору прыз у намінацыі «За фолк-адраджэнне». А вось блізкі па духу калектыў фальклорны гурт «Грамніцы» БДУК быў адзначаны ў намінацыі «Лепшы хоравы калектыў».

Салістка гурта «Альтанка» Дар'я Лаўрэнцьева

 

Вялікай нечаканасцю стала з’яўленне на сцэне этна-гурта «Альтанка» пад кіраўніцтвам В. Шкілёнка. Віктару тут жа быў уручаны прыз у намінацыі «Фолк-гітара». «Альтанка» змяніла склад, і фронтмэнам гурта стала маладая спявачка Дар’я Лаўрэнцьева, з якой гурт набыў новыя музычныя адценні. У выкананні Дар’і і «Альтанкі» прагучалі некалькі фальклорных апрацовак, у тым ліку і юраўскай тэматыкі.

Гурт «Дзівасіл», спявае Іна Перасецкая-Малаковіч

Як добрую знаёмую сустракалі слухачы фолк-эмбіет-гурт «Дзівасіл» і яго салістку — Іну Перасецкую-Малаковіч. Менавіта Іне Юрый Выдронак уручыў прыз у намінацыі «За лепшую фолк-лірыку». Трэба адзначыць, што гурт «Дзівасіл» змяняецца ад эмбіента ў бок гітарнага джазавага гучання, элементаў імправізацыі, якія робяць кампазіцыі гурта больш насычанымі і экспрэсіўнымі. Ад гэтага, відавочна, гурт толькі выйграе, і гэта ацанілі слухачы, якія горача віталі высокі прафесіяналізм гурта «Дзівасіл».

У намінацыі «За фолк-экспрэсію» быў адзначаны малады фолк-рок-гурт «БАЙ КРАЙ». З першай жа кампазіцыяй «Там за гарой, ды камянной» выканаўцы прыцягнулі ўвагу слухачоў сваёй неўтаймаванай энергетыкай, высокім выканаўчым майстэрствам.

Гурт «Літы талер»

Настрой слухачоў не змяніўся, калі на сцэну выйшлі музыканты гурта сярэднявечнай музыкі «Літы талер», якім кіруе вядомы Дзяніс Шматко. Гэтым разам музыканты былі адзначаны за «Гістарычны вобраз». І сапраўды, музыка «Літога талера» адрозніваецца вытанчанасцю і арыентацыяй на лепшыя еўрапейскія ўзоры медыевальных выканаўцаў. Пад «Конскі бранль» «Літога талера» слухачы таксама ліха танчылі, як іпад рокавыя рыфы гурта «БАЙ КРАЙ»…

Спявае Маша Яр

Намінацыяй «За фолк-пошук» былі адзначаны Маша Яр і яе «ХОХА БЭНД». Але ўсё ж такі галоўным сюрпрызам сталі песні ў выкананні Машы. Тут гучалі і беларускія народныя спевы ў незвычайнай апрацоўцы («Велікоднае танга»), і апрацоўкі палескіх песень у стылі «лаціна» («Рутка Сільвія»), і ўсе яны былі напоўнены цудоўнымі мелодыямі, жыццярадаснымі пачуццямі, якія характэрны для надыходу свята Юр’я, свята вясны. А вось прызам «За самы самабытны голас» была адзначана іншая фолк-выканаўца — Наталля Матыліцкая. І гэта адзнака знайшла сваё пацверджанне ў час выканання шэрагу фолк-кампазіцый. Напрыклад, «Пчолка» ў аранжыроўцы Юрыя Выдронка ці «Вяснавой песні», якую Наталля запісала падчас этнаграфічнай экспедыцыі на Любаньшчыне.

На сцэне гурт «ВЕТАХ»

Слухачам вядомы гурт «ВЕТАХ», якім кіруе знаны беларускі музыкант і фалькларыст В. Калацэй. Музыканты вядуць вялікую працу па папулярызацыі нацыянальнага фальклору дома і за мяжой. Гэтыя высілкі і адзначылі арганізатары і журы фэсту «Таўкачыкі на Юр’я», калі ўзнагародзілі гурт «ВЕТАХ» у намінацыі «За фолк-прапаганду». У іх выкананні прагучаў і «Гапак», які быў пашыраны і ў Цэнтральнай Беларусі, і пастушковая песенька «Юрачка», і юраўская «Вясна на талочку»…

«Глыбокія Крыніцы» з Любаньшчыны

Бадай, самай эмацыянальнай часткай фэсту, і гэта ўжо традыцыя «Таўкачыкаў», стала з’яўленне на сцэне клуба «RE: PUBLIC» аўтэнтычных фальклорных выканаўцаў з Любаньшчыны — спеўнага гурта «Глыбокія крыніцы», якія былі адзначаны прызам у намінацыі «Фолк-традыцыі». Свята Юр’я — маляўнічая дзея, якая ў суправаджэнні шматгалоснага спеву была ўзноўлена на фестывальнай сцэне.

Фестывальныя старонкі завяршыў сваім драйвавым выступленнем гурт «URIA», якім і кіруе Юрый Выдронак. Цяпер Юрый быў не толькі вядучым фэсту, але і гітарыстам і вакалістам. У выкананні гурта слухачы пачулі такія хіты «UR’IA», як «Агу, вясна», «Мамачка», «Курка-рабушка» і іншыя кампазіцыі, якія і завяршылі фестывальную праграму гэтага вечара.

Канешне, сёлетні folk-bomond-fest «Таўкачыкі на Юр’я» нельга параўнаць з мінулагоднімі, калі ў арганізатараў была дзяржаўная падтрымка. Цяпер гэтага шчасця няма. Затое, ужо ёсць добры вопыт ініцыятывы і самаарганізацыі на карысць адраджэння і папулярызацыі нацыянальнага фальклору.

Абмеркаванне:

  • Кацярына
  • 2014-04-27 15:03:10
Мудрыя людзі казалі: "Помні дзень сьвяты сьвяткаваць". Зайздрошчу людзям, якія і помняць, і ведаюць як сьвяткаваць, таму стараюся далучыцца да іх. І квіткі недарагія. І было так
цудоўна, што не перадаць. Колькі таленавітых музыкаў! Я нават некалькі кружэдак сабе купіла, пра якія й не чутно было ні з радыё, ні з ТБ.
  • Дар'я
  • 2014-04-28 04:32:24
ансамбль "Талака", як і Грамніцы, з Універсітэта Культуры. Кафедра этналогіі і фальклору. Папраўце, калі ласка

Каментаваць