ТБМ запрашае ў вандроўку

Да чарговых угодкаў Аршанскай бітвы Таварыства беларускай мовы запрашае ў вандроўку на Аршаншчыну.



Фота з фб Алены Анісім


Вядоўца — цудоўны магілёўскі экскурсавод і краязнаўца Алег Дзячкоў. Таксама ў вандроўцы бяруць удзел вядомы мастак Мікола Купава ды беларускія барды Андрэй Мельнікаў і Зміцер Захарэвіч.

Напачатку вандроўкі мы завітаем у славутыя Смаляны, дзе ва ўладаннях аднаго з самых знакамітых княжацкіх родаў ВКЛ — Сангушкаў — з кожным поглядам і кожным крокам усё мацней вы будзеце адчуваць подых старадаўніх легенд і гістарычны рэалій мінулых эпох.

Там мы пабачым:

·         Рэшткі замку Белы Ковель — княжацкай рэзідэнцыі, узведзенай па апошнім слове інжынернага майстэрства XVI ст. А таксама даведаемся, чаму ў Смалянах памятаюць Бону Сфорцу, ды з якой нагоды гэтая фартэцыя завецца Белым Ковелем...

 

·         Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі — познебарочную святыню, трагічны лёс якой і сёння застаецца пад пытаннем…

 

·         Царкву Праабражэння Гасподняга — узор драўлянага дойлідства XVIII ст., што хавае ў сваіх сутарэннях гістарычныя таямніцы і архітэктурныя галаваломкі.

 

·         Царкву Святога Аляксея — увасабленне псеўдарускага стылю сярэдзіны ХІХ ст. на тутэйшы манер.

 

·         Магілу Тамаша Зана — менавіта ў Смалянах знайшоў свой апошні спачын знакаміты філамат Тамаш Зан, навуковец, паэт, сябра Міцкевіча, Чачота, Дамейкі.

 

Далей у праграме — сядзіба і парк Любамірскіх ХІХ ст. у вёсцы Юрцава.

І вядома, мы наведаем непасрэднае месца бітвы пад Оршай у 1514 годзе ля вёскі Крапіўна, дзе пабачым памятныя крыжы ды камяні ў гонар гэтай славутай перамогі і яе герояў. 

А напрыканцы вандроўкі нас чакае старажытная Орша, пабудаваная яшчэ князем Глебам Менскім летапісная Рша, што ўпершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 годам.

У Оршы мы пабачым:

·         Аршанскае Замчышча, дзе стаялі сцены магутнага замка і шмат разоў яго абаронцы вытрымлівалі варожы націск.

·         Царкву Святой Троіцы і Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, дзе дзейнічала знакамітая друкарня Спірыдона Собаля і дзе быў выдадзены адзін з першых беларускіх падручнікаў.

·         Калегіум езуітаў — навучальную ўстанову, што была фундаваная на сродкі самога Льва Сапегі ды з каралеўскай казны Жыгімонта ІІІ.

 

·         Касцёл Святога Язэпа — незвычайны прыклад барочнай архітэктуры, воблік якога мяняўся праз гады, дзе яшчэ ў сярэдзіне XVII ст. знайшлі прытулак манахі-дамінікане.

 

·         Вадзяны Млын — помнік прамысловай архітэктуры пачатку ХХ ст., у якім зараз знаходзіцца этнаграфічны музей.

Маршрут (~520 км): Мінск — Смаляны — Юрцэва — Крапіўна — Орша — Мінск. 

Запіс на вандроўку па тэл: +375 5513236 (спадар Мікола), дадатковая інфармацыя па тэл. +375291342804 (Валерыя). 

Каментаваць