Тэрпсіхора спатыкнулася, або Новая «Папялушка»

Увага, пытанне: што аб’ядноўвае Шарля П’еро і Сяргея Пракоф’ева? Правільны адказ: колькасць абаротаў у труне за хвіліну. 5 снежня ў Мінскім оперным адбылася прэм’ера балета «Папялушка».



Увага, пытанне: што аб’ядноўвае Шарля П’еро і Сяргея Пракоф’ева? Правільны адказ: колькасць абаротаў у труне за хвіліну. 5 снежня ў Мінскім оперным адбылася прэм’ера балета «Папялушка».

Следам за пампезнай рэнавацыяй Тэатра як Храма — фасада, інтэр’ераў і камунікацый будынка на Траецкай гары, пра якую «НЧ» пісаў у сакавіку 2009-га, у беларускіх оперы і балеце распачалася рэформа Тэатра як Школы. Праз месяц пасля напаўсенсацыйнай пастаноўкі оперы Вердзі «Трубадур» адбылася яшчэ адна чаканая ды шырока рэкламаваная прэм’ера: украінска-расійскі харэограф Юры Пузакоў прыехаў паставіць нам «Папялушку». З цяжкасцю трапіўшы на гэта гледзіва, пасля яго заканчэння я дзейнічала абсалютна ва ўнісон з публікай: мы стаялі і ха-ло-дна  пры-м а-лі  пастаноўку. Прайшоў час, і цяпер, калі эмоцыі аціхлі, я паспрабую разабрацца найперш для сябе, што ж было не так з любімай казкай у пераказе Тэрпсіхоры.

Перамога жыцця над казкай

Тое, што я напішу ніжэй, на слэнгу фанатаў розных серыялаў называецца «спойлер» — я псую шаноўнаму чытачу (магчымую) прыемнасць ад прагляду новага балету на сцэне Опернага, пераказваючы лібрэта. Вы спытаецеся, што мы там не ведаем у гэтай гісторыі кахання з першага позірку, што за тры стагоддзі стала класікай і штампам? Сумна, але факт: адна з нешматлікіх прыемнасцяў, якую прыносіць спектакль, — гэта чытанне праграмкі, у якой сюжэт Папялушкі быў падагнаны пад альфонсмухаўскую атмасферу Парыжа пачатку ХХ стагоддзя.

У балетнай студыі суворай Матухны вэрхал: ідуць апошнія прыгатаванні да танцавальнага конкурсу ў Палацы Караля, дзе будуць выступаць яе ўлюбёныя вучаніцы — Злюка і Крыўляка. За тузанінай шкадлівых дзяўчатак назірае пакаёўка Папялушка. Адораную дзяўчынку ніхто і не думае вучыць танчыць, з яе нягеглых па пацяшаюцца, яе зневажаюць. Бойка ў студыі перапыняецца прыходам чарніцы, якая збірае ахвяру на касцёл (на ажурны, гатычны французскі касцёл — аж крычаць дэкарацыі — магчыма, на сам Нотр-Дам!). Кепскія гераіні балета праганяюць чарніцу, а Папялушка па-біблійнаму аддае святой жанчыне апошнюю лепту. І нямарна: бо гэта ж была пераапранутая фея — Фея Танца. Уночы, калі гаротніца Папялушка засынае, фея яўляецца паненцы ў сапраўдным абліччы і з дапамогай кароткага ўроку рытмікі адорвае мастацтвам харэаграфіі, а таксама поўным «райдэрам» Папялушкі — уключна з дыяментавымі пуантамі і бліскучым аўто, якім кіруе паж, падазрона падобны да таго самага з савецкага кіно, які «я не чараўнік, я толькі вучуся». Папялушка таксама едзе на конкурс танца, даўшы падпіску пра вяртанне з балу цягам каляндарных сутак — пакуль не праб’е поўнач.

У палацы караля таксама апошнія прыгатаванні. Кароль — стары баявы генерал — рассякае па сцэне ў сецэсійным інвалідным вазку, заляцаючыся да кардэбалету. Прынц вяртаецца з вечарынкі п’яны — хістаючыся, ён усё-ткі вырабляе некалькі мужчынскіх балетных скокаў, пасля чаго яго выносяць у кулісы. У конкурсе танцаў чамусьці ўдзельнічаюць толькі Злюка і Крыўляка — але вось з’яўляецца Папялушка, і кубак найлепшай танцоркі аддаюць ёй. Прынц, што ўмомант працверазеў, без памяці закаханы. Папялушка, як пераконвае нас лібрэта, «у захапленні ад яго мужнай красы». Яны забываюць пра ўсё навокал і нават адмаўляюцца ад апельсінавага марозіва (зноў прывітанне чорна-белай савецкай «Папялушцы»). Але гадзіннік робіць сваю няўдзячную справу — і дыяментавая пуанта, як ёй і належыць, застаецца на прыступках палаца.

Прынц несуцешны. У балетным трыко колеру хакі і пробкавым шаломе ён пранікае ва ўсе куткі Зямлі, шукаючы Папялушку. Але ўрэшце, проста як алхімік Каэльё, здагадваецца пашукаць каханую незнаёмку побач з родным палацам. Нягледзячы на дыктатуру Матухны, Папялушка і прынц пазнаюць адно аднаго і амаль без перапынку на прывітальны танец ідуць пад вянец…

…Ранак у балетнай студыі. Папялушка прачынаецца ў сваёй каморцы. Тут жа ёй у твар пхаюць анучу: мый падлогу. І яна мые яе, пад урачыстую коду Пракоф’ева: усё было толькі сном. Але знойдзены на грудзях залаты гадзіннічак, падораны пажам, пасяляе ў сэрца гаротніцы хімерную надзею.

У пошуках балета

Усё названыя і неназваныя мной рэжысёрскія прыдумкі, галівудскія хітрыкі і спецэфекты былі б мілай аздобай пекнага балета, калі б трупа  пратанчыла  ўсё тое, што я зараз апісала. Але праблема ў тым, што пастаноўшчык стаў на сумнеўны шлях ігравога балету. Слова «танчыць» у гаворцы пра новую «Папялушку» напоўніцу можна ўжыць толькі стасоўна кардэбалету. Салісты ж збольшага занятыя тым, што мімікай і жэстамі, стоячы, седзячы і бегаючы па сцэне, пазначаюць свае дзеянні. Прычым робяць гэта так няўмела, адчайна і натужна, што, гледзячы на іх пакуты, так і хочацца крыкнуць: «Ды не мучайся, скажы словамі!» Калі ж справа даходзіць да харэаграфіі, то пагалоўна ўсе танцоры, што задзейнічаныя ў спектаклі, па сцэне прагульваюцца: ніводнага арыгінальнага дуэта, ніводнага складанага скоку — відаць, вострую праблему недахопу канап для адпачынку за кулісамі ў Оперным вырашылі тым, што танцораў цяпер будуць менш напружваць. Сачыць за дзіцячай валтузнёй вядучых балерын трупы на сцэне забаўна — але, як гэта ні банальна з нашага боку, мы, гледачы, ходзім на балет, бо там танчаць!

У выніку воплескі пасярод спектакля чуліся тройчы. Адзін раз іх сарваў кароль, грацыёзна круцячыся ў інвалідным вазку, і двойчы — дэкарацыі. Яны, трэба сказаць, у новай пастаноўцы фенаменальныя (мастак-пастаноўшчык — Аляксандр Касцючэнка). Уявіце сабе сцэну: Прынц шукае Папялушку на ўсходзе. На сцэну выходзіць «усходняя прыгажуня», тры хвіліны няўмела танчыць на адным месцы нешта падобнае на танец жывата і сыходзіць. Прынц падбягае з пантофлікам да гіганцкага вярблюда: ці не бачыў ты каханай маёй? І раптам гіпсакардонны вярблюд круціць галавой: не-а. Усе авацыі — жывёле. Ці рэтра-аэрапланчыкі, якія ляцяць шукаць Папялушку на край Зямлі пад класічную музыку на фоне 3D-анімацыйнага неба… Не кажучы ўжо пра тое, якая багатая тэма для дэкаратара — французскі мадэрн. Але дзе балет? Балет, я пытаюся, дзе?..

Добрая навіна: у Тэатры оперы і балета нарэшце з’явіўся спектакль, на які можна вадзіць у культпаходы вучняў старэйшых класаў агульнаадукацыйных школ і ПТВ — і ім не будзе нудна. Як глыбокадумна напісаў Юры Пузакоў у сваім па-юнацку натхнёным звароце да публікі, новы спектакль «не для дзяцей, што прыйшлі ў тэатр з бацькамі, а для дарослых, што ўзялі з сабой дзяцей» (пасмакуйма нюансы). А тое, што артысты балету дзве гадзіны проста ходзяць па сцэне — не бяда: згадайце, як у дзяцінстве вас раздражняла, што яны дрыгаюць нагамі, а робяць выгляд, што прызнаюцца ў каханні ці б’юцца на дуэлі. Беларускі балет імкліва стаецца зразумелым простаму гледачу.

Кепская навіна: звычайны парадак рэчаў — калі дэкарацыі і касцюмы ў балеце падкрэслівалі вартасці танцу, з усяго відаць, у беларускім балеце змяніла эра, калі эксперымент і выдумка — самі па сабе, а танец — сам па сабе, і ён не галоўнае. Чорт з ёй, са Школай і Традыцыямі — цяпер у нас 3D-анімацыя на задніку: не сорамна і замежнікам паказаць. Толькі вось яшчэ дзве-тры такія пастаноўкі — і беларускі балет абанкруціцца: на замежныя гастролі, дзе высока цэняць найперш харэаграфічнае майстэрства ды высокакласную тэхніку нашай трупы, больш не будзе чаго вазіць.

Каментаваць