To be Estonian. Хто не паспеў — не плачце! (фота)

Вечарам 24 сакавіка ў Цэнтры сучасных мастацтваў (Някрасава, 3) адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “To be Estonian. Эстонскія асацыяцыі”. “Хто не паспеў на сённяшняе адкрыццё — не плачце. Выстава будзе працаваць па 18 красавіка, а пасля пераедзе ў Віцебск. Яшчэ паспееце ўсё ўбачыць”, — пажартаваў Надзвычайны і паўнамоцны пасол Эстонскай Рэспублікі Майт Марцінсан.



Пятнаццаць сучасных касцюмаў з нацыянальным каларытам, пятнаццаць таленавітых эстонскіх мастачак і безліч пазітыўных эмоцый — гэта ўсё “To be Estonian. Эстонскія асацыяцыі”.

Нацыянальная самабытнасць і сучасныя тэндэнцыі, таленавітасць і вынаходлівасць, пачуццё свабоды і бязмежнай творчасці — выстава прадстаўляе беларускім гледачам магчымасць задумацца аб пытаннях захавання эстонцамі сваіх унікальных каранёў і гісторыі ў сучасным свеце, які напоўнены зменлівымі каштоўнасцямі.

Мастакі-дызайнеры, якія бяруць удзел у выставе, прысвячаюць яе вераванням і эстэтычнаму густу сваіх продкаў — з дапамогай нацыянальных рамёстваў. Яскравыя вобразы, колеры і адценні, зашыфраваныя ў эстэтычным гусце, дазволілі эстонцам захаваць жывым іх асаблівы нацыянальны стыль.

У выставе прымаюць удзел мастакі-мадэльеры: Мары Аакрэ, Дзіяна Дзянісава,  Катрэ Арула, Пірэт Пуппарт, Кертту Сіпланэ, Моніка Кісанд,  Астра Мыістлік, Трыіну Пунгітс, Ліізі Ріід, Лііз Плато, Айніккі Эйскоп, Хелі Ківерік, Рііна Томберг, Кюлліке Тувікенэ, Мерле Лыхмус.

Куратар выставы — Ану Хінт, якая, дарэчы, прадставіла яшчэ і свае фотаработы

Выстава арганізавана пры падтрымцы Культурнага фонду Эстоніі, Эстонскага саюза мастакоў і Амбасады Эстонскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

Дарэчы, заўтра, 25 сакавіка а 17.00 таксама ў Цэнтры сучасных мастацтваў адбудзецца творчая сустрэча з матачкай Ану Хінт “Сучасны эстонскі касцюм — натхненне ў фолк-арце”.

Каментаваць