Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Той мроі больш няма. N.R.M. Піта Паўлава выступілі ў Мінску (фота)

Сёлета мы асвятлялі звыш шасці канцэртаў Лявона Вольскага, як сольна, так і з «Крамбамбуляй». Але 20 кастрычніка мы завіталі ў прастору «Верх» на N.R.M. — гурт, які з 2011 года існуе без Вольскага, але працягвае жыць. Як выглядае праект сёння і ці можна назваць яго паўнавартасным гуртом?


Пакуль «новы» N.R.M. выдаў толькі адну кружэлку пад назвай «Д.П.Б.Ч.» у 2013 годзе перад святкаваннем свайго дваццатага году існавання. Тады многія слухачы ўспрынялі альбом, як развітальны. Музычныя эксперты паставіліся да яго даволі прахалодна. Прычым крытыкавалі кружэлку не з-за дрэннага матэрыялу і страты асноўнага аўтара песень, а праз нізкую якасць запісу дыска.

Да музыкаў далучыўся малады гітарыст. Трыа зноў стала квартэтам. Цяпер жа чакаецца другі альбом. На новую песню «На далоні» гурт паспеў ужо выпусціць кліп. У ім Паўлаў узгадаў сваё дэсантнае мінулае, і зноў скочыў з парашутам. Яе гучанне вяртае слухачоў у тыя жа часы росквіту гурта. Але цяпер гэта ўжо не тое. Такая музыка ўсё ж засталася на мяжы 90-ых і нулявых. Прагрэсу пакуль не чуваць. Так што сюрпрызаў і новага гучання не будзе?  


Перад N.R.M. выступілі гурт Её ослепительное сияние і Этна-Біт ад Дзяніса Груша



У сэт-ліст гурта ўвайшлі два дзясяткі песняў, як і адносна новых, так і хітоў N.R.M. Тут і «Партызанская», «Катуй-ратуй» ды «Маё пакаленне» — хіты, якія цяжка ўявіць не ў выканні Вольскага. Прагучала і «Кітай» ад Алезіса Дземідовіча. Яе Паўлаў спяваў у залатым складзе сольна. Астатнія песні, збольшага – з апошняй кружэлкі, не самыя яскравыя. Можна толькі выдзяліць сінг «Мроя мая» з даволі моцным тэкстам і нядрэнным гучаннем.

Праблемаў з забаронамі ў гурта няма. Граюць музыкі, у асноўным, на даволі маленькіх пляцоўках пару разоў на год. У 2015 N.R.M. даў канцэрт у мінскім клубе «Re:public», напэўна, на самай буйнай пляцоўцы для гурта пасля 2011 года. Але лыжку дзёгця ў гэтым канцэрце дадаў выступ гурта Drum Eсstasy са скандальным Філіпам Чмыром. Бубнач некалькі разоў адзначаўся як беларусафоб. Афішы аднаго выступу былі нават на рускай мове. За год да гэтага Паўлаў у музычнай перадачы на тэлебачанні зусім сказаў, што руская мовая яму таксама родная.




Некалькі сольных канцэртаў на год дае і сам Піт Паўлаў. Сёлета ён прэзенаваў свой сольнік «Зброя. Золата. Кабеты.».

Верагодна, N.R.M. заняў нейкую сваю нішу для аматараў панастальгаваць, падобна гурту Trubetskoy. Наўрад ці слухачы пачуюць новыя хіты ўзроўня «Трох чарапах» ці «Паветранага шара». Той «Незалежнай Рэспублікі Мроі» больш не будзе, і варта ісці наперад.


Каментаваць