Трыумфатарам музычнай прэміі партала Experty.by стала этна-трыа "Троіца"

Узнагароджанне пераможцаў музычнай прэміі за лепшыя альбомы 2011 года партала Experty.by адбылоася 20 сакавіка ў сталічнай страўні "Камяніца". Самую вялікую колькасць узнагарод атрымала этна-трыа "Троіца" за альбом "Зімачка".



Узнагароджанне пераможцаў музычнай прэміі за лепшыя альбомы 2011 года партала Experty.by адбылоася 20 сакавіка ў сталічнай страўні "Камяніца". Самую вялікую колькасць узнагарод атрымала этна-трыа "Троіца" за альбом "Зімачка".

Экспертамі праекта былі ацэненыя 63 беларускія альбомы. "У 2011 годзе нашы музыканты выпусцілі досыць шмат цікавых дыскаў, — расказаў БелаПАН каардынатар праекта і адзін з экспертаў Дзмітрый Безкаравайны. — Пры той іх разнастайнасці, якая была, выйгралі і нават проста трапілі ў намінанты сапраўды супер'якасныя рэлізы".

Лепшым дэбютам быў прызнаны альбом “Smooth Season гурту “B_Side. Лепшым фолк-альбомам — "Зімачка" "Троіцы".

Лепшы рок-альбом — "Вясёлыя карцінкі" гурту "Ляпіс Трубяцкой". За лідара гурту Сяргея Міхалка ўзнагароду атрымліваў прадзюсар Яўген Калмыкоў.

Лепшы беларускамоўны альбом — "Зімачка" "Троіцы". Лепшы рэкард-лэйбл — "Вігма".

Прэмія за лепшы поп-альбом не ўручалася. "З поп-альбомамі другі год запар нейкая засада — лепшы дыск атрымлівае ў раёне 6 балаў з 10, — растлумачыў Безкаравайны. — І неяк не хочацца даваць лепшы поп-альбом таму дыску, які быў лепшым з горшых".

Лепшы альбом традыцыйна быў аб'яўлены па чатырох версіях: штатных экспертаў (чатырох штатных аглядальнікаў партала Experty.by — Дзмітрыя Безкаравайнага, Сяргея Будкіна, Алега Клімава і Дзмітрыя Падбярэзскага), вялікага журы (дванаццаці беларускіх журналістаў), народных экспертаў (карыстальнікі сайта), а таксама замежных экспертаў.

У журы замежных экспертаў традыцыйна ўвайшлі крытыкі з пяці краін, з якімі мяжуе Беларусь.

Лепшым альбомам паводле версіі народных экспертаў стала "Зімачка" "Троіцы". На другім месцы застаўся гурт "Сярэбранае вяселле" з альбомам "Сардэчная мускулатура", на трэцім месцы “The UNB "Д'урбан: гісторыі з жыцця".

Лепшы альбом паводле версіі вялікага журы — таксама "Зімачка". Другое месца — у гурту "Ляпіс Трубяцкой" за "Вясёлыя карцінкі", трэцяе — у "Сярэбранага вяселля" з "Сардэчнай мускулатурай".

Лепшы альбом паводле версіі замежных экспертаў выпусціла "Сярэбранае вяселле". На другім месцы — альбом "Будзе ласкавы дождж" гурту “Kosmodromm, на трэцім — дыск “Таре гурту “Hum Flying Bulletproof Noodle.

Лепшы альбом паводле ацэнак штатных экспертаў партала — "Зімачка" этна-трыа "Троіца". Другое месца аддадзена "Ляпісу Трубяцкому" і "Вясёлым карцінкам", трэцяе — праекту “Pomidor/Off за дыск "Патас/Попс/Прапаганда".

Такім чынам, гурт "Троіца" атрымаў адразу пяць узнагарод цырымоніі.

"Пакуль на "Троіцу" не звярнулі ўвагу Аляксандр Шаўчук і Стас Намін з Расіі, пакуль не пачалі прыходзіць з Галандыі нейкія водгукі нашых канцэртаў і фестываляў — а за 12 гадоў трыа аб'ехала 80 фестываляў ад Малайзіі да Партугаліі — на нас у Беларусі не звярталі ўвагі", — пракаментаваў падзею для БелаПАН лідар гурту Іван Кірчук.

"І толькі вось у апошнія гады пачынаюць звяртаць увагу на беларускую музыку, якую робіць "Троiца", на радзіме. Таму ўсё, што нам тут сёння далі, нам вельмі прыемна і важна", — дадаў ён.

Узнагароджанне Experty.by прайшло ў чацвёрты раз. Па выніках 2010 года ў большасці намінацый перамог гурт "Дзецідзяцей" з альбомам "Рух", па выніках 2009 года — “The Toobes з альбомам “Hello, па выніках 2008 года асноўныя ўзнагароды падзялілі "Троіца" з альбомам "Сон-трава" і "Ляпіс Трубяцкой" з альбомам "Маніфест".

Вольга Пруднікава, БелаПАН
 


 

Каментаваць