Тут павінна гучаць Божае слова!

Змаганне за вяртанне цэркваў і касцёлаў вернікам — адна з яскравых старонак найноўшай беларускай гісторыі. Гэты чын мог стаць прывілеяй жыхароў ці адной вёскі, ці гарадской суполкі прыхаджан, але вернікам увесь час даводзілася сустракацца з неразуменнем дзяржаўных органаў на месцах.

(Гурт «Рэха» і Андрусь Такіндан)



Змаганне за вяртанне цэркваў і касцёлаў вернікам — адна з яскравых старонак найноўшай беларускай гісторыі. Гэты чын мог стаць прывілеяй жыхароў ці адной вёскі, ці гарадской суполкі прыхаджан, але вернікам увесь час даводзілася сустракацца з неразуменнем дзяржаўных органаў на месцах.

(Гурт «Рэха» і Андрусь Такіндан)


Зараз такая барацьба вядзецца за вяртанне касцёла і кляштара ў самым сэрцы горада — на плошчы Свабоды. Цяперашнія забудоўшчыкі і інвестары вырашылі, што кляштар бернардзінаў і касцёл св. Язэпа, які быў заснаваны ў 1624 годзе, немэтазгодна вяртаць да жыцця ў тым выглядзе, у якім яго ведалі жыхары горада на працягу амаль чатырох стагоддзяў. Закарцела «сшибнуть деньгу» — абсталяваць касцёл і ўнікальны кляштарны комплекс пад забаўляльна-гатэльны комплекс.

І гэта пры тым, што прэзідэнт у свой час, калі наведваў пускавыя аб’екты Верхняга горада, даваў даручэнне тагачаснаму кіраўніцтву сталіцы і будаўнікам як мага больш ашчадна і дакладна ўзнаўляць гістарычную спадчыну краіны, якая належыць усяму беларускаму народу! Але бачна, што меркантыльная ідэя моцна засела ў галовы цяперашніх «рэстаўратараў». Цікава, як будуць пачуваць яны пасля ўсяго гэтага, калі замежнікі, якія наведаюць Мінск, запытаюцца: няўжо ў Беларусі будуюць гатэлі ў стылі барока? Цяжка будзе зразумець цывілізаванаму чалавеку, што гэта канфіскаваны ў вернікаў касцёл, і яму прапануюць заначаваць і згуляць у рулетку ў гэтых святых, намоленых сценах.

Цяпер каля сцен кляштара бернардзінаў і касцёла св. Язэпа ў любое надвор’е ідуць набажэнствы, з вернікамі, якія змагаюцца за вяртанне святынь гараджанам, салідарныя многія прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, пісьменнікі і музыканты. Але як зрабіць так, каб іх голас стаў чутны як мага большай колькасці сумленных людзей, для якіх спадчына беларускага народа — не пусты гук? Безумоўна, у такіх умовах патрэбны неардынарныя крокі, напрыклад, пашыраць звесткі пра лёс касцёла і кляштара ў асяродку карыстальнікаў сацыяльных сетак, праводзіць канцэрты салідарнасці за вяртанне святыні вернікам.

Вось такі канцэрт-малітва, першы за гісторыю змагання за касцёл і кляштар на плошчы Свабоды, на мінулым тыдні быў праведзены ў канцэртнай зале Чырвонага касцёла. Яго арганізатарам выступіла «Моладзь БХД — Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты». Уступным словам яго распачаў ксёндз Віталь, які адзначыў, што ў культавай установе павінна чыніцца малітва, вывучацца Слова Божае, гучаць рэлігійная музыка. І таму цяпер патрэбна агульная малітва, каб біблейскае выслоўе: «Ойча, даруй ім, бо не ведаюць, што робяць» (Лк. 23–34) дайшло да сэрцаў гэтых людзей, і агульная мэта вяртання святыняў была дасягнутая.

Аналагічныя высновы і малельныя заклікі сталі лейтматывам усіх музычных нумароў, што гучалі ў гэты вечар са сцэны канцэртнай залы Чырвонага касцёла. Першым сваімі ўспамінамі і думкамі падзяліўся са слухачамі, якія запоўнілі канцэртную залу, вядомы рок-бард Андрэй Плясанаў. Яго песні грамадзянскага і лірычнага гучання «Наша спадчына», «Шукальнікі сэнсу», асабліва «Добрай табе раніцы, Беларусь!» адразу задалі канцэртнай праграме ноту, адпаведную той высокай мэце, да якой імкнуцца арганізатары, — спрыяць вяртанню вернікам касцёла св. Язэпа і кляштара бернардынцаў.

Андрэй Плясанаў


Як заўсёды, слухачы адзначылі гучнымі апладысментамі шчырасць і лірызм Таццяны Беланогай, якая распачала сваю частку канцэрта сапраўдным хрысціянскім спевам-малітвай «Мара» з альбома «Дзвюхкроп’е». Мелодыя песні і яе словы як нельга лепш падыходзілі да агульнай танальнасці канцэрта і думак тых, хто сабраўся ў Чырвоным касцёле. Таццяна парадавала слухачоў і новай песняй на верш Анатоля Сыса «Дзеці неба», у якой так яскрава быў падкрэслены меладызм і рытм яго пранізлівай паэзіі.

Таццяна Беланогая


Фальклорнымі мелодыямі парадаваў слухачоў і знакаміты лідар гурта «Палац» Алег Хаменка. Не трэба здзіўляцца, што песні Алега і яго каманды нашыя слухачы ведаюць на памяць і спяваюць разам усе іх творы: ад «Чужых дзевак» да «Кола грукатала». Іх гармоніі і пачуцці — з народных крыніц. Тое ж можна казаць і пра творчасць госця канцэрта — аршанца Андруся Мельнікава, чые песні сталі сімвалам змагання, няскоранасці тых беларусаў, якія паўсталі ці то на абарону дэмакратыі, ці роднай мовы, ці то за вяртанне вернікам іх святынь.

Цікавым падалося выступленне ўжо папулярнага ў моладзевым асяроддзі барда Цёмасса, якому дапамагалі ўдзельніцы хору Чырвонага касцёла. Яго творы напоўнены хрысціянскім святлом, імкненнем з дапамогай лірычных вобразаў паставіць пытанні, адказы на якія шукае сёння моладзь. А тое, што бард знайшоў ключык ад сэрцаў слухачоў, засведчыла выкананне ім «Малітвы Кірылы Тураўскага», якую моладзь з энтузіязмам праспявала разам з Цёмассам.

Відавочна і тое, што сваю нішу ў хрысціянскім напрамку сучаснай беларускай музычнай культуры імкнецца заняць і яшчэ адна таленавітая спявачка — Ганна Чумакова. Выканаўца яшчэ толькі на шляху выпрацоўкі сваёй музычна-паэтычнай адметнасці, але яе голас запомніцца слухачам. Як і яе песні — лёгка запамінальныя для супольнага спеву.

Песні гурта «Рэха» і яго харызматычнага лідара Андруся Такінданга, якія былі выкананы падчас канцэрта, выклікалі фурор у канцэртнай зале. «Рэха» — сёння адзін з перспектыўных музычных калектываў, што з поспехам працуе на дзялянцы, якую займае славутая «Крамбамбуля». Іх аптымістычныя творы, створаныя на стыку розных музычных стыляў, ад фолка да афра-шансона і кабарэ, успрымаюцца як нешта свежае, дагэтуль не бачнае на нашай музычнай сцэне. Захапляе ўніверсальная постаць Андруся Такінданга, які з гадамі ўдасканаліў свой артыстычны талент і беларускую мову да такой ступені, што становіцца на ўзровень самых яскравых і ўплывовых беларускіх выканаўцаў. Калі з’явіцца магчымасць, наведайце іх канцэрты, упэўнены: «Рэха» не расчаруе!

Завяршыць канцэртную праграму, прысвечаную кампаніі за вяртанне касцёла св. Язэпа і кляштара бернардынцаў у Мінску, выпала на долю Зміцера Вайцюшкевіча. Не трэба лішне казаць, што яго песні на вершы У. Караткевіча, Л. Дранько-Майсюка, У. Някляева прагучалі моцнай духоўнай падтрымкай тым лю­дзям, якія, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы бюракратычнага ціску і людскога неразумення, нясуць слова малітвы ў абарону святынь. Бо гэтага патрабуе ад іх сумленне і голас продкаў.

Зміцер Вайцюшкевіч


 

Каментаваць