«Твой стыль» адбыўся

23 мая ў Гродна завяршыўся Другі фестываль моладзевай прэсы «Твой стыль», арганізатарамі якога выступілі грамадскія аб’яднанні «Цэнтр «Трэці сектар» і Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ). У апошні, трэці дзень фэсту адбылося ўганараванне пераможцаў конкурсу маладых журналістаў і чарговы выпуск Школы маладога журналіста (ШМЖ).



23 мая ў Гродна завяршыўся Другі фестываль моладзевай прэсы «Твой стыль», арганізатарамі якога выступілі грамадскія аб’яднанні «Цэнтр «Трэці сектар» і Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ). У апошні, трэці дзень фэсту адбылося ўганараванне пераможцаў конкурсу маладых журналістаў і чарговы выпуск Школы маладога журналіста (ШМЖ).

У фестывалі за тры дні ўзялі ўдзел каля ста чалавек (калі верыць рэгістрацыйным лістам), майстар-класы новаму пакаленню журналістаў далі такія вядомыя «акулы пяра, мікрафона і аб’ектыву», як Юрась Карманаў і Таццяна Мельнічук, Марына Загорская і Андрэй Лянкевіч, Вольга Гардзейчык і Эдуард Мельнікаў, Анджэй Пісальнік і Глеб Лабадзенка.

Да ўдзельнікаў фэсту з прывітальнымі словамі звярнуліся намеснік кіраўніка БАЖ Андрэй Аляксандраў і старшыня Праўлення ГА «Цэнтр «Трэці Сектар» Вітаўт Руднік. Апошні падзякаваў партнёрскім гродзенскім (і не толькі) структурам, якія дапамаглі зладзіць імпрэзу, — гэта грамадскія арганізацыі «Гісторыка», «Экадом», кампанія «Будзьма беларусамі!», выдавецтва «Гродзенская бібліятэка», салон лічбавай фатаграфіі «Гагарын».

На пачатку фестывалю прайшла прэзентацыя гродзенскага інфармацыйнага парталу «Твой Стыль», які з’яўляецца асноўнай пляцоўкай для практыкі навучэнцаў Школы маладога журналіста. «Маеш медыі — маеш рэальны ўплыў на рэчаіснасць!» — падкрэсліла падчас прэзентацыі моладзевай акцыі мультымедыя «Mam-media» Вольга Гардзейчык і прадэманстравала прысутным, як стварыць уласную «газетку-мультыму» ўсяго за 15 хвілін. А ўладальнік многіх міжнародных прызоў фотажурналіст Андрэй Лянкевіч на сваім майстар-класе прыгадаў, як аднойчы ён спецыяльна схаваўся ў вежы музея пасля закрыцця, каб пафатаграфаваць адтуль горад. Самастойна журналісту выйсці з вежы не атрымалася, таму што дзверы не здымаліся з петляў. Андрэй выклікаў паліцыю. «Прыкол у тым, што дырэкцыя музея доўга прасіла прабачэння за «выпадкова зачыненага наведвальніка», і ніхто нават не звярнуў увагі на тое, што я там больш за дзве гадзіны быў адзін».

Імёны пераможцаў конкурсу маладых журналістаў аўтарытэтнае журы, у склад якога ўваходзілі такія вядомыя прафесіяналы, як Алена Раўбецкая, Павел Мажэйка, Анджэй Пачобут, Міхаіл Карневіч ды іншыя, трымала ў таямніцы да самага апошняга моманту.

У выніку пераможцамі ў намінацыі «Твой Стыль» (найлепшае інтэрв’ю з цікавай асобай) сталі Ася Паплаўская з публікацыямі «Каб бачыць дзівосы — трэба самому быць дзівам (за кубкам гарбаты з Валерыяй Куставай)», «Сучбелліт з Ладай Алейнік: «...Бясконцыя прэтэнзіі ад пісьменнікаў проста вымотваюць!», а таксама Ганна Астап (артыкул «Ні хіхон сабе») і Кацярына Сінюк («Барыс Звозскаў: ніводзін сур’ёзны інвестар не пойдзе туды, дзе сістэматычна і масава парушаюцца правы чалавека»).


У намінацыі «Маё пакаленне» лепшымі сталі Вольга Бабайка з «Гісторыяй аднаго баскетбаліста», Дар’я Гуштын («Як пачаць размаўляць па-беларуску») і Мая Уфімцава («Пабіць бы рады»).

За лепшыя матэрыялы, прысвечаныя асвятленню экалагічнай тэматыкі, узнагарода атрымалі Людміла Сцяцко «Іржавая пляма на «Зорным жыцці»), Святлана Бушчык («Вось і сэрца, быццам птушка, стала біцца весялей...» і Ганна Гурына («Канцлагер для жывёлаў»).

І, нарэшце, у намінацыі за лепшы матэрыял, прысвечаны гісторыка-краязнаўчай тэматыцы, перамаглі Дар’я Ліс («Гаўрыла Гарэцкі. Ліст да жонкі ў чаканні расстрэлу…»), Марыя Булавінская («Апошні вялікі літоўскі абозны Караль Прозар»), Надзея Завіноўская («Таямнічыя знаходкі») і Вольга Варнель (Іллюк) («Гадзіннік, які спыніць нельга»).

Варта адзначыць, што ўдзельнікі фестывалю не толькі вучыліся ды працавалі, але яшчэ і адпачывалі. Кампанія «Будзьма беларусамі!» паспрыяла таму, каб у Гродна прыехалі маладыя, але ўжо папулярныя рок-гурты «ЗнаРок», «Босае сонца», сталічны рэпер Вінсэнт, іншыя выканаўцы. А пасля майстар-класаў маладыя людзі зладзілі музычную імпрэзу і паказ бодзі-арт. На жыватах і на спінах у дзяўчат былі змешчаны надпісы «навіны», «рэклама», «прэса».

 «Я ўспрымаю гэтыя мерапрыемствы, гэту Школу маладога журналіста нават не як навучанне журналістыцы, але як вяртанне дзяцей у нармальны соцыум, калі ёсць дэманстрацыя жыцця, якое з’яўляецца нармальным, — адзначыла Алена Раўбецкая, якая калісьці была рэдактаркай зліквідаванай недзяржаўнай гродзенскай газеты «Биржа информации», а зараз з’яўляецца фрылансарам і выкладае ў ШМЖ. — Яны прыходзяць да нас зусім дзікімі, нават сапсаванымі школай, а тут праз журналістыку, праз звычайную прафесійную цікаўнасць, якую мы ім імкнемся прывіць, яны даведваюцца пра розныя бакі жыцця, і гэта, відаць, самая галоўная наша задача. Не ўсе пасля ідуць паступаць на журфак, але гэты зарад, элемент разумення жыцця ў іх ужо ёсць, і гэта надзвычай важна».
 

Каментаваць