Творчы юбілей. 10 год Паэтычнаму тэатру «Арт.С»

У мінскай бібліятэцы імя Цёткі (Талбухіна, 12 А) вечарам 22 красавіка адбылася імпрэза ў гонар 10-годдзя Паэтычнага тэатра «Арт.С».



Першая творчая вечарына тэатра адбылася  ў красавіку 2006 года. Яе ініцыятарамі сталі маладыя творцы Зміцер Арцюх і Аксана Спрынчан. За 10 год, што існуе тэатр, пад яго дахам выступілі каля 200 беларускіх творцаў. Сярод сталых яго удзельнікаў Віктар Шніп і Людміла Рублеўская, Ірына і Максім Клімковічы, Таццяна Барадуля-Будовіч, Мікола Кандратаў, Рагнед Малахоўскі, Алесь Емяльянаў, Таццяна Барысюк, Вадзім Клімовіч, Таццяна Пратасевіч, Юлія Новік і іншыя.

 

Са сваімі творамі ў тэатры выступалі Алесь Бадак, Таццяна Сівец, Навум Гальпяровіч, Анатоль Зэкаў, Анатоль Бутэвіч, Пятро Васючэнка, Алесь Камоцкі, Уладзімір Мазго, Сяргей Панізнік, Барыс Пятровіч, Сяржук Сыс, Вікторыя Трэнас ды шэраг іншых сталых і маладых беларускіх  паэтаў.

 

Першыя творчыя вечарыны дырэктарка тэатра Аксана Спрынчан праводзіла са Змітром Арцюхом, Вадзімам Клімовічам, Аленай Маслай, Палінай Грынчанкай. Але за апошнія пяць год ўсталяваўся тандэм паэткі і музыкі — Аксаны Спрынчан і Яраша Малішэўскага. А з нядаўняга часу дапамагае ім у правядзенні вечарын народнымі спевамі іх дачка Альжбэта Малішэўская-Спрынчан.

 

Тэмы вечарын самыя розныя — каштоўныя цуды Беларусі, знакі задыяка, сакральныя колеры. Ёсць нават цэлы паэтычна-міфалагічны праект “Сакральная Беларусь”, у якім творцы і навукоўцы дзеляцца таямніцамі сакральнага свету Беларусі. Таксама тэатр ладзіць літаратурна-музычныя вечарыны, прэм'еры кніг, прапануе выставы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога і фотамастацтва. Так, да 10-годдзя тэатра была арганізавана фотавыстава “Свята 10-годдзя” Міколы Лінніка і Васіля Кузьмічкіна, фатографаў Паэтычнага тэатра “Арт.С”.

 

Юбілейная вечарына была прысвечана лекавым зёлкам з батанічнага слоўніка Зоські Верас. Кожнаму выступоўцу адпавядала пэўная расліна, пра лекавыя і карысныя ўласцівасці якой дзе сур’ёзна, а дзе з гумарам апавядалі вядучыя. Першай трымала слова гаспадыня бібліятэкі спадарыня Рэгіна Багамолава, якая трапна падмеціла, што 10-годдзе тэатра адбываецца як раз у год культуры, апроч таго прыпала на 140-ю гадавіну з Дня нараджэння Цёткі, імя якой носіць бібліятэка і пад дахам якой, нібы ў цётчыным доме жыве і дзейнічае тэатр Арт.С. І ў гэтым доме быццам прысутнічае дух самой Цёткі. Спадарыня Багамолова таксама выказалася, што “Арт.С” стаў з’явай культурнай у літаратурным жыцці нашай краіны.

 

Працягнула вечарыну юная Альжбэта Малішэўская-Спрынчан з музычным нумарам, праспяваўшы пад акампанемент Яраша Малішэўскага песню на словы Янкі Купалы “Не загаснуць зоркі ў небе”. Нечакана з музычным нумарам выступіў і сталы ўдзельнік тэатра паэт Серж Мінскевіч. Выступаючы, ён павіншаваў вядучых, выказаўшыся, што, усё гэта толькі, падаецца, не так даўно пачыналася, а за гэтыя 10 год у Яраша з Аксанай ужо вырасла дачка (Альжбэта), і ў яго самога не так даўно таксама нарадзілася дачка. Магчыма, і яна некалі будзе выступаць побач з Альжбэтай.

 


Пасля выступу атрымалася паразмаўляць з Сержам. 10 год таму Аксана Спрынчан разам са Зміцерам Аўцюхом вялі вечарыны ў літаб’яднанні “Літаратурнае прадмесце” Людмілы Рублеўскай. Паступова яны падышлі да стварэння сваёй творчай прасторы, якой і стаў тэатр “Арт.С”. Але Мінскевіч не лічыць тэатр нечым накшталт філіялу літаб’яднання. Бо тэатр атрымаў бачнае развіццё, пашырэнне. Калі “Літпрадмесце” гэта хутчэй вучоба для літаратараў, дзе праводзяцца крытычныя разборы іх твораў, то “Арт.С” насамрэч больш падобны да тэатру, на пляцоўцы якой ёсць выступоўца (акцёр), а ёсць глядач (слухач). То бок розніца паміж гэтымі аб’яднаннямі атрымалася заўважнай.

 

Але, як у  “Літпрадмесце” гадавалася новае пакаленне літаратараў, паэтаў, так і “Арт.С” робіць шмат чаго для пашырэння роднага слова, дае загучаць новым імёнам. Серж разам з Аксанай у свой час ездзілі з выступамі па сямейных дамах, дзе жывуць дзеці-сіраты і дзеці бацькоў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў. Яны ўвачавідкі бачылі, што дзеці цягнуцца да літаратуры, паэзіі, роднага слова, а іх творчасць знаходзіць водгук у дзіцячых сэрцах. Таму можна спадзявацца, што і будучае пакаленне вырасце з любоўю да роднага слова. А яшчэ ён рады, што дачка Яраша і Аксаны ўпэўнена крочыць іх шляхам і ўжо нават паспела апублікаваць некалькі вершаў.

 

Са сваімі вершамі на юбілейнай вечарыне выступілі таксама Пятро Васючэнка, Міхась Скобла, Ірына Клімковіч. А паэт Віктар Шніп прызнаўся, што дзякуючы тэатру “Арт.С” ён напісаў такія вершы, якія без тэатру ніколі не напісаў бы. Напрыклад, шэраг сваіх белых вершаў. Ён сказаў, што за гэтыя цудоўныя 10 год артэсаўцы выраслі, жыццё працягваецца, і мы ўсе лекуемся вершамі (маючы на ўвазе тэматыку вечарыны — зёлкі; аўт.). А закончыў свой выступ словамі, што “наша, беларускае, павінна жыць!”

 

У перапынках паміж выступамі праводзілася віктарына з розыгрышам каштоўных прызоў. Усе пытанні тычыліся біяграфічных і творчых звестак асноўных удзельнікаў тэатру, фотаздымкі якіх можна было ўбачыць тут жа, на фотавыставе фатографаў тэатру Міколы Лінніка і Васіля Кузьмічкіна.

 

Выступілі з вершамі таксама дачка Сяржука Сыса Станіслава, паэтка Віка Трэнас, якая зачытала верш, прысвечаны тэатру “Арт.С”. Юрась Пацюпа прачытаў рэстаўраваны верш ХІХ стагоддзя, прысвечаны ўдзельнікам паўстання 1830 года, які выклікаў вялікую цікавасць. Але спадар Пацюпа пакінуў інтрыгу, не адказаўшы, хто насамрэч аўтар верша. А Мікола Кандратаў прачытаў вершы, прысвечаныя ўдзельнікам тэатру. 

 

Завяршыў жа вечарыну вядучы Яраш Малішэўскі вельмі сімвалічна — вясёлай песняй пра чмяля. Песня на словы Аксаны Спрынчан, музыка Яраша Малішэўскага. Той чмель быццам бы і сабраў напрыканцы вечарыны нектар з усіх лекавых зёлак, якія ўзгадавалі падчас юбілею, каб зрабіць з яго салодкі мёд. А тэатр адправіўся на адпачынак да восені, да адкрыцця новага тэатральнага сезону.


Фота МІколы Лінніка



Каментаваць