У Гомелі прэзентавалі рэканструкцыю ламелярнага даспеха ваяра ХІІ-ХІІІ ст.

6 красавіка ў музеі гісторыі Гомеля адбылося адкрыццё выставы «Віцязь. Моцны арэшак сярэднявечча». Рэканструкцыю даспеха ўсходнеславянскага ратніка ХІІ-ХІІІ ст. здзейснілі ўдзельнікі гомельскіх рыцарскіх клубаў. Па сканчэнні дзеяння выставы даспех дапоўніць экспазіцыю музея, якая адлюстроўвае старажытную гісторыю Гомеля.

Даспех, прадстаўлены на выставе стаў вынікам некалькіх месяцаў карпатлівай працы аўтараў. Для іх стварэння былі выкарыстаны дадзеныя археалагічных раскопак у Гомелі 1980-х гг. Прадстаўлены ўвазе гомельцаў ламелярны даспех складаўся з металічных пласцінаў і гэтым адрозніваўся ад заходнееўрапейскіх узораў узбраення і абароны для ваяроў.

Павел Анішчанка, рэканструктар:

— Для чалавека, які займаецца гістарычнай рэканструкцыяй гэта вельмі актуальна і вельмі значна ў плане таго, што не прымаючы ўдзелу ў саміх раскопках мы маем магчымасць аднавіць па іх знаходках нешта. Гэта важна для Гомеля, каб зразумець гісторыю тых часоў, гісторыю вырабу старога даспеха  і наколькі актуальныя былі тэхналогіі вырабу, іх адрозненні ад іншых тэрыторый.

Гомель вылучаецца не толькі актыўнасцю рэканструктараў, але і наяўнасцю археалагічнага матэрыяла, што значна ўзбагаціў веды гісторыкаў аб узбраенні старажытных славян на нашых землях. У гістарычным цэнтры горада падчас раскопак 1986-87 гг., якія праводзіліся пад кіраўніцтвам А.А. Макушнікава, на тэрыторыі сярэднявечнага Гомеля была знойдзена збройная майстэрня. Адшуканыя ў ходзе навуковай працы артэфакты значна ўзбагацілі ўяўленне адмыслоўцаў аб збройнай справе ў Кіеўскай Русі.

Аляксандр Канода, навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Гомельскага палаца-паркавага ансамбля:

— Сама майстэрня дазволіла датаваць увесь археалагічны комплекс. Ён адносіцца да першай паловы XIII стагоддзя. Па летапісах Гомель быў спалены ў выніку мангола-татарскага нашэсця. І гэтыя майстэрні, як і ўвесь горад, мелі сумны лёс — яны згарэлі дашчэнту і па слоі попелу атрымалася ўсталяваць дакладны час існавання майстэрняў. У выніку вялікіх тэмператур пласціны спякліся паміж сабой і зараз прадстаўляюць сабой маналіт. 

На месцы раскопак знаходзілі кальчужныя палотны ды перакрэсці мячоў. Па гэтай прычыне археолагі прыйшлі да высновы аб існаванні ў старажытным Гомелі адразу трох майстэрняў: адной па ліцці, другой па зборы даспехаў і адной чыста збройнай.

— Знаходкі археолагаў сведчаць аб тым, што Гомель у тыя часы быў досыць значным горадам і знаходзіўся на дублюючым адгалінаванні шляху з варагаў у грэкі, — адзначае Аляксандр Канода. —  Тут была агромная колькасць рамёстваў, у тым ліку праца па метале і кастарэзнае майстэрства, выраб шкла. Горад развіваўся для тых часоў досыць дынамічна. Даследванні сведчаць пра тое, што ён быў буйным населеным месцам калі параўноўваць яго з еўрапейскімі гарадамі. Насельніцтва горада ў тыя часы складала недзе каля 5000 чалавек. Для тых часоў Гомель быў буйным горадам, бо самыя населеныя гарады Еўропы налічвалі каля 15 тысячаў жыхароў. Комплекс унікальны і тым, што такіх добра захаваных знаходак у археолагаў ёсць не так шмат. А падобныя выставы патрэбныя як наглядныя дапаможнікі, каб людзі маглі на свае вочы пабачыць, а калі дазволяць то і памацаць, а такім чынам ў літаральным сэнсе дакрануцца да гісторыі.

На выставе была прадстаўлена і калекцыя з 10 рыцараў-лялек, якія былі створаныя паводле збройнай моды канца XIV – пачатку XV стагоддзя. Яны “апранутыя” ў італьянскія і германскія даспехі, якія былі на той момант самымі папулярнымі сярод ваяроў.

— Ідэя ўзнікла ў нашага калегі Мікалая Разрэзава — ўладальніка гэтай выставы які сам і стварыў гэтыя фігуркі, — адзначае Павел. — У пэўны час у яго ўзнікла праблема з вырабам нейкага даспеха. У XV стагоддзі было шмат дробных нюансаў, якія мы не ведаем, бо ў нас у Беларусі мала літаратуры па еўрапейскім даспеху. Шмат кніг даводзіцца перакладаць самастойна з англійскай, нямецкай, італьянскай. І вось у Мікалая ўзнікла ідэя паспрабаваць вырабіць маленькую ляльку якога-небудзь цікавага яму даспеха і паглядзець якія праблемы будуць узнікаць. Бо на маленькую ляльку сыйдзе столькі ж матэрыялу і сілаў, але праблемы пры вырабе будуць усё тыя ж. Вось так і паўстала цэлая калекцыя.

Нягледзячы на маленькі фармат кожная фігура мае свой рэальны гістарычны прататып і з’яўляецца мастацкай інтэрпрэтацыяй старажытных даспехаў.

У планах рэканструктараў — сканчэнне даспеха славянскага ваяра, бо на дадзены момант прадстаўленыя толькі тры элементы: шлем, кальчуга і ламелярны даспех. Адмыслоўцы хочуць у бліжэйшы час дапоўніць яго гомельскімі паножамі, наручам ды перадаць музею поўны камплект узбраення.

Выстава будзе дзейнічаць у музеі гісторыі Гомеля да 30 красавіка 2016 г.


Каментаваць