У Гомелі «Усё будзе джаз»

Выстава лялек і фатаграфій, прысвечаных стагоддзю джазавага грамзапісу адкрылася ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы. 
Аўтарка лялек — Кацярына Мінакова распавяла, што да джазу ставіцца з асаблівай прыязнасцю. Гэтая музыка дапамагае ёй здымаць стрэс, хавацца ад паўсядзённасці і проста адпачываць:

Я вельмі люблю джаз, чорна-белае кіно і гумар. І таму ўва ўсіх маіх лялек незвычайныя твары і імёны. У кагосьці ўтрыраваны нос, у кагосьці непрапарцыйныя вусны. Прозвішчы гітарыста і саксафаніста — Даг і Вінд, што ў перакладзе азначае Граміла і Вецер. Гэтыя прозвішчы вельмі адпавядаюць вобразам лялек. У сваіх працах я заўжды імкнуся, каб у лялькі быў характар. І ў гэтай калекцыі я спрабавала дасягнуць вобразаў як у кіно, як ва «У джазе толькі дзяўчаты».


Стварэнне лялькі — гэта заўжды дужа непрадказальна. Часцей за ўсё эскізаў да сваіх лялек я не раблю, бо калі яго малюеш — можна перагарэць. А вось калі сядаеш, бярэш матэрыял, не ясі і не п’еш і спрабуеш нешта хутчэй з яго зрабіць, убачыць нейкі вобраз, які ў цябе ў галаве — то гэта атрымліваецца больш цікава і жарсна.

Часткай гэтай экспазіцыі з’яўляюцца фотаздымкі гомельскай фатографкі Яўгеніі Пісарэнка. Як патлумачыла аўтарка — задумай фотасесіі было даказаць людзям, што джаз можа пераўваплаціць абсалютна звычайных людзей. Насамрэч героі фотасесіі — звычайныя офісныя працаўнікі, а на фатаграфіях здаецца, што яны акторы і музыкі.

Выставу можна ўбачыць у Гомельскай універсальнай бібліятэцы да канца снежня. 

Каментаваць