У Крэўскім замку вядуцца работы без нагляду археолагаў

У сярэдзіне сакавіка ў сацсетках з'явіліся фотаздымкі Крэўскага замка, на якіх можна пабачыць разварочаную глебу. Аўтары здымкаў пісалі, што на тэрыторыі гістарычнага помніка працуюць бульдозеры.
Vladimir Tsvirko / Facebook

Vladimir Tsvirko / Facebook

Па каментары журналісты газеты «Звязда» звярнуліся да спецыялістаў. Навуковы кіраўнік праекта аднаўлення замка Уладзімір Сіняўскі кажа, што цяжкая тэхніка выкарыстоўвалася для падрыхтоўкі Крэўскага замка да археалагічных раскопак.


«Мы выкарысталі бульдозеры, каб падняць цяжкія камяні, што ўпалі са сцяны. Гэта патрэбна было для таго, каб пад'ехала буравая вышка і зрабіла свідравіны, неабходныя для даследаванняў. Усе работы мы праводзілі на паверхні, культурны слой не быў парушаны», — заяўляе ён.

У сваю чаргу намеснік дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза падкрэслівае, што работы на аб'екце вяліся без абавязковага ў такіх выпадках археалагічнага нагляду Інстытута гісторыі. Таму інстытут ужо накіраваў лісты ў Белрэстаўрацыю, а таксама ў Міністэрства культуры і Гродзенскі аблвыканкам. Навуковым «куратарам» Крэва выступае гісторык Алег Дзярновіч, але да яго ніхто не звяртаўся. Работы на тэрыторыі замка, мяркуе Лакіза, можна было правесці без бульдозера.

Дарэчы, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі ў каментары журналістам заявіў, што Фонд прэзідэнта вырашыў вылучыць на аднаўленне Крэўскага замка больш за 100 тысяч рублёў. 

Паводле Еўрарадыё

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць