У Літве знайшлі ўнікальны аўтограф Міколы Гусоўскага

Дакумент, датаваны 1519 годам, знайшоў польскі гісторык, супрацоўнік Інстытуту гісторыі Польскай акадэміі навук Томаш Яшчалт у Аддзеле рукапісаў бібліятэкі імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы. Пра гэта паведаміў дырэктар бібліятэкі Сігітас Нарбутас, адзначае «Радыё Свабода».

Польскі гісторык, супрацоўнік Інстытуту гісторыі Польскай акадэміі навук Томаш Яшчалт знайшоў ліст, адрасаваны віленскім ваяводам Мікалаем Радзівілам шляхцічу Яну Славінскаму наконт валоданняў апошняга ў Падляскім ваяводстве.


Пергаментны ліст, напісаны ўласнаручна Міколам Гусоўскім, датаваны 16 чэрвеня 1519 годуа, складзены ў горадзе Гонядзь (Goniądz) на Падляшшы і замацаваны адбіткам ваяводавай пячаткі. У канцы дапісана па-лацінску: “Per manus Nicolai Hussouusky notary...” («Рукамі Мікалая Гусоўскага, натарыюса...»).

Нагадваючы пра творчыя заслугі Міколы Гусоўскага, найвялікшая з якіх — паэма «Песня пра зубра» (1523), дзе апісваецца гістарычная Літва і яе ідэальны валадар Вітаўт, Сігітас Нарбутас звяртае ўвагу на храналагічнае супадзенне піку творчасці Міколы Гусоўскага з віленскім перыядам жыцця і працы Францішка Скарыны.

Дагэтуль пра жыццё Гусоўскага вядома няшмат, і знаходка можа ўзбагаціць ягоную біяграфію істотнымі фактамі, лічыць Сігітас Нарбутас.

Яшчэ да 1518 года віленскі канонік Эразм Цёлак на параду Мікалая Радзівіла надаў Мікалаю Гусоўскаму тытул натарыуса, а потым узяў яго з сабой у Рым у складзе каралеўскага пасольства. Натарыяльны запіс, зроблены Гусоўскім увесну 1519 году, можа сведчыць, што тады ён апошні раз наведаў радзіму.

Дзякуючы гэтаму адкрыццю, піша Нарбутас, Літва стала трэцяй краінай, дзе захоўваецца спадчына Мікалая Гусоўскага, поруч з Польшчай і Расіяй.

Мікола Гусоўскі (1470-я — пасля 1533) — беларускі паэт-гуманіст, мысляр і асветнік. Лічыцца пачынальнікам жанру ліра-эпічнай паэмы ў літаратуры Усходняй Еўропы, заснавальнікам мастацкай рэнесансавай рэалістычнай традыцыі ў паэзіі Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы. Яго лепшы твор — «Паэма пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго» (1522), напісаная на лацінскай мове ў Рыме. У 1523 у Кракаве выдаў зборнік «Паэма пра зубра», які складаўся з празаічнага прысвячэння, аднайменнай паэмы і 11 вершаў.

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць