У Мінску адкрыўся фестываль «Artes Liberales»

У сталічнай галерэі «Ў» 5 красавіка распачаў працу адукацыйна-мастацкі праект «Artes Liberales». У межах праекта таксама  адкрылася выстава  Анце Эман і Харуна Фарокі «Праца адным кадрам» (Германія), якая ўяўляе з сябе падборку больш за шасцідзесяці фільмаў з васьмі гарадоў свету.
Сярод іх – геаграфічна блізкія гарады да нашай краіны і добра вядомыя беларусам польскі Лодзь або нямецкі Берлін, а таксама знаёмы мінчукам перш за ўсё па назве плошчы Бангалор, экзатычныя Яганэсбург і Мехіка.



«Першая камера ў гісторыі кінематаграфіі была накіравана на фабрыку» – адзначаў некалі Харун Фарокі, нямецкі кінатворца. Ён меў на ўвазе дакументальную стужку братоў Люм'ер «Выхад рабочых з фабрыкі» 1895 г.



Сам Фарокі неаднаразова звяртаўся да працы, да яе ўвасаблення ў сучасных грамадствах і тэхналогіі яе рэпрэзентацыі. «Праца адным кадрам» (2011 – 2014 гг.) стала апошнім вялікім праектам рэжысёра. Харун Фарокі правёў сумесна с мастачкай і куратаркай Анце Эман майстар-класы ў пятнаццаці гарадах свету. Іх удзельнікі, маладыя кінематаграфісты, пастараліся перадаць у сваіх кароткіх стужках сутнасць сённяшняй працы – матэр'яльнай і нематэр'яльнай, аплатнай і неаплатнай, традыцыйнай альбо ўзнікшай зусім нядаўна.


Фармальных патрабаванняў да выставы было ўсяго два: фільмы мелі быць знятымі адным кадрам без мантажнай склейкі і працягвацца не больш за дзве хвіліны. Так узнікла своеасаблівая энцыклапедыя глабальных працоўных працэсаў.


Выстава адкрыта штодзённа да 30 красавіка. Апроч яе ў межах «Artes Liberales» будуць праводзяцца адкрытыя лекцыі, воркшопы і дыскусіі. Праграму ўсяго праекту можна паглядзець тут.

Каментаваць