У Мінску зноў ажанілі Цярэшку (фота)

Сёння Вадохрышча. А напярэдадні на Спеўным сходзе ў культ. цэнтры «Корпус» прайшла жаніцьба Цярэшкі. Гэта ўжо другое падобнае мерапрыемства сёлета ў Мінску, а «попыт» захоўваецца. Чаму?

Фота Алены Ляшкевіч

Пра сімволіку гэтай каляднай абрадавай гульні «Новы час» нядаўна пісаў. Сярод удзельнікаў Спеўнага схода былі заўважанныя ўжо ажэненныя сёлета на Цярэшцы, арганізаванай Дударскім клубам. Вядучы Сяржук Доўгушаў заклікаў сур’ёзна паставіцца да выбару «шлюбных пар» і распавядаў пра гісторыі сапраўдных вяселляў, што адбыліся пасля гульнёвага. Як жа не ажаніцца, калі граюць такія музыкі! На Спеўны сход завіталі гарманіст Васіль Васільевіч Семашкевіч і бубнач Мікалай Міхайлавіч Юніцкі з Любані. А танчыць прысутных вучыў этнахарэограф Сяргей Выскварка.

Фота Алены Ляшкевіч

Бадай што адносна жаніцьбы Цярэшкі гарадскіх беларусаў можна падзяліць на 3 катэгорыі:

  • тыя, хто ўвогуле нічога не ведае пра традыцыі (звычайна па-за якімі-небудзь нацыянальна-арыентаванымі асяродкамі);
  • хто чуў пераважна пра калядаванне з казой (звычайна беларускамоўныя па-за этнаграфічнымі суполкамі);
  • хто знаёмы са стэрэатыпам «поўдзень Беларусі — калядны абыход, поўнач — жаніцьба Цярэшкі» (удзельнікі этнаграфічных суполак).

Калі пачытаць апублікаваныя апісанні (нават не звяртаючыся да архіўных запісаў), то высветліцца, што калядныя абыходы здзяйсняліся па ўсёй Беларусі, толькі з рознымі персанажамі, і прымяркоўваліся да розных дзён каляднага перыяду. Акрамя «класічных» Казы, Мядзведзя і Бусла, на Шчодры вечар у хату маглі завітаць «цыганы» ці «куры», Цары, Дзед і Баба, Поп, Лекар, Пастух, Ведзьма, Грабаўшчык, Плакальшчыца, Сват — бясконцая колькасць персанажаў, паглядзець толькі на гурты «конікаў» у Давыд-Гарадку… На праваслаўнае і каталіцкае Раство хадзілі хрыстаславы — гурты з зоркай, удзельнікі якіх не маскіраваліся і спявалі песні царкоўнага паходжання. У каталіцкіх вёсках былі абыходы з батлейкай, Ірадамі, трыма Каралямі…


Адкуль жа тады стэрэатып? Верагодна, з мапы напеваў «Казы» і Цярэшкі, якую этнамузыколаг Зінаіда Мажэйка апублікавала ў кнізе «Каляндарна-песенная культура Беларусі» 1985 году. Па словах даследчыка Энгельса Дарашэвіча, выданне было культавым сярод беларускамоўнай інтэлігенцыі таго часу. Верагодна, звесткі пра напевы ў масавай свядомасці «абагульніліся» яшчэ і на абрадавую частку Калядаў.

Фота Наталлі Альховай

Фота Наталлі Альховай

Што да Цярэшкі, то стэрэатып збольшага адпавядае рэчаіснасці. Гэта сапраўды паўночнабеларуская з’ява. Праўда, існавалі і іншыя калядныя абрадавыя гульні моладзі — «жаніць Бахарку», «гуляць кашу» (Хоцімскі раён), «гуляць аладкі» (Шклоўскі раён), «гуляць ката» — Вілейскі, Шчучынскі і Лідскі.

Фота Наталлі Альховай

Фота Наталлі Альховай

Вось як «гулялі кашу» ў вёсцы Ліпаўка Хоцімскага раёна (аповед Фёклы Раманенка): «На «кашу» адна з дзевак рыхтавала палаценца, прыгожае, каб паказаць пірад сваім ухажорам, якая яна рукадзельніца. Ёй за палаценца грошы дзеўкі збіралі і аплочвалі яго. Пад канец ігрышча ставілі на стол гаршочак з кашай, наверх палаценца. Тады ўжо разыгрывалі кашу: хто болей паложыць грошай, хто багацейшы, тэй ужо забіраець палаценца сабе і б’ець кашу. Патом яе дзелюць, ядуць, а грошы расходуюць на другі дзень ігрышча».

Ну і акрамя абрадавых гульняў, што ўтваралі сюжэт моладзевай каляднай вечарыны, канечне, былі проста гульні, якія, можа, калісьці і мелі абрадавы складнік, але з часам страцілі. Такія гульні ўспрымаліся хутчэй як забава паміж танцамі, дзеля якіх моладзь, уласна, збіралася. А ў Цярэшцы, наадварот, танцы падначальваюцца ходу гульні: служаць для падбору пар, перакручвання, замацавання кантакту «бабулек» з «дзядулькамі».

Фота Наталлі Альховай

Калядныя моладзевыя зборышчы без абрадавых гульняў праходзілі па ўсёй Беларусі, маглі звацца «вечарынкі», «вячоркі», «вечарыны», «ігрышчы», «танцы», «зборні», «забава», «гульбішча», «складчына»…

Можна сказаць, што жаніцьба Цярэшкі — з’ява, унікальная па форме, але зусім не ўнікальная па сутнасці. Гульнёвыя вяселлі маглі праходзіць не толькі на Каляды. «Жаніцьба Бахаркі» з Магілёўшчыны ў Смаленскай вобласці сустракаецца як масленічная гульня. Па словах Сяргея Выскваркі, у Любанскім раёне ён запісваў згадкі аб жартоўнай жаніцьбе на Юр’я.


Той, хто за Каляды не паспеў уладкаваць асабістае жыццё, яшчэ мае магчымасць паўдзельнічаць у жаніцьбе Цярэшкі ў Віцебску 21 студзеня. Наступны Спеўны сход адбудзецца ў лютым.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Крукоўскі
  • 2018-01-19 17:09:30
Хацелая б зразумець, як словы аўтара: "Самыя паўднёвыя фіксацыі зробленыя ў Вілейскім, Лагойскім, Барысаўскім раёнах, самая заходняя — у ваколіцах Наваградка" - суадносяцца з падстаўленай мапай з кнігі Зінаіды Мажэйка.
  • Алена Ляшкевіч
  • 2018-01-19 23:58:35
Дзякуй Вам за пільнасьць! Выпраўляем

Каментаваць