У Слуцку пачаліся курсы «Мова нанова»

Больш за 20 чалавек рознага ўзросту сабраліся ў Слуцку для вывучэння беларускай мовы 10 мая. Ініцыятарам адкрыцця моўнага курса выступіла мясцовая суполка Таварыства беларускай мовы.

— Важна, каб жыхары Слуцка адчувалі сябе часцінкай сваёй Радзімы, і каб яны мелі магчымасць карыстаецца сваім нацыянальнай мовай у беларускім асяроддзі, — гаворыць старшыня Слуцкага раённага Таварыства беларускай мовы Зінаіда Цімошак. — Таму мы і запрасілі заснавальнікаў курса Глеба Лабадзенку і Алесю Літвіноўскую распачаць урокі беларускай мовы ў Слуцку. Зараз такія ўрокі праводзяцца ў 15 беларускіх гарадах і нават у некаторых гарадах за мяжой. Слуцк доўгі час заставаўся ўбаку. Спадзяюся, што курс роднай мовы зацікавіць людзей рознага ўзросту і прафесій.

Глеб Лабадзенка ва ўступным слове закрануў цяжкасці, міты, стэрэатыпы і розныя «адмазкі», якія перашкаджаюць ужыванню роднай мовы. Пажадаў слухачам не саромецца беларускай і размаўляць на ёй не толькі ў аўдыторыіі. Таксама ён агучыў распрацаваную тэматыку заняткаў, пазнаёміў з беларускамоўнымі вучэбна-пазнавальнымі сайтамі, дзе можна паглыбіць веды, пагуляць у беларускамоўныя гульні, паслухаць песні.

Вядома, што гэтыя курсы прадугледжваюць вывучэнне новай тэмы на кожным занятку. На першым случчане пазнаёміліся з назвамі розных катэгорый сваякоў, гісторыяй беларускіх мянушак, папрактыкаваліся ў правільным вымаўленні. Напрыканцы вядомы спявак Андрусь Такінданг, лідар гурта фолькмадэрновай музыкі «Recha», парадаваў слухачоў песнямі пад домбру.

Глеб Лабадзенка лічыць, што трэба даваць рэкламу і павялічваць колькасць навучэнцаў, прыцягваць маладых людзей.


Аліна Нагорная, якая будзе весці заняткі далей, усцешаная тым, што на першы занятак прыйшло даволі шмат людзей. Яна зацікаўленая ў тым, каб і найдалей запрашаць цікавых гасцей і праводзіць інтэрактыўныя заняткі.
Вольга Міхайлаўна Скіба — адна з тых, хто ўпершыню прыйшоў у асяроддзе беларускамоўных людзей. Былая настаўніца ўжо даўно на пенсіі, але не страціла цікавасці да жыцця людзей і краіны.

— Мне так не хапала беларускамоўных людзей, што сёння я пачуваю сябе шчаслівай, — падзялілася сваімі адчуваннямі яна. — Шмат даведалася новага, цікавага, і буду з радасцю наведваць наступныя заняткі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць