Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

У Зэльве ўшанавалі Ларысу Геніюш

У нядзелю, 6 жніўня, у Зэльве творчая інтэлігенцыя Беларусі адзначыла 107-я ўгодкі з дня нараджэння вялікай беларускай паэткі-змагаркі Ларысы Геніюш (1910-1983).
Ушанаванне пачалося ў Зэльвенскай Свята-Троіцкай царкве паніхідай. Потым старшыня Гарадзенскага Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка ўручыў падзячную грамату Саюза беларускіх пісьменнікаў настаяцелю царквы ў Зэльве Георгію Субаткоўскаму за ўшанаванне памяці Ларысы Геніюш, за адкрыццё ў храме пакоя-музея ёй прысвечанага, і за папулярызацыю твораў паэткі.

Працягвалася мерапрыемства згадкамі пра паэтку-змагарку ў царкоўным доме. Сустрэчы з ёю прыгадалі пісьменнікі Уладзімір Ягоўдзік, Юрка Голуб, Аляксей Пяткевіч. Пра творчасць Ларысы Геніюш распавядалі і чыталі ёй прысвечаныя вершы Міхась Скобла, Валерый Петрыкевіч, Алена Таболіч і многія іншыя прысутныя.


Міхась Скобла нават правёў літаратурны конкурс, прысвечаны жыццё і творчасці паэткі. А пераможцы атрымалі новыя беларускія кнігі. У гэты дзень Таццяна Грыневіч праспявала некалькі песень на словы паэткі. Госці і землякі паэткі ўсклалі кветкі да помніка Ларысы Геніюш у Зэльве і на магілу Ларысы і Янкі Геніюшаў.


Паводле racyja.com

Каментаваць