У 2014 годзе мяркуецца падрыхтаваць першы том збору твораў Яўгеніі Янішчыц

Пра гэта 20 лістапада ў Мінску, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пад час вечарыны «А ўсё таму, што родам з лістападу...» заявіла кандыдат філалагічных навук Святлана Калядка.



Арганізатарамі вечарыны, якая праводзілася ў межах праекту «Апякункі паэтычных нябёсаў» і была прысвечана 65-годдзю з дня народзінаў вядомай беларускай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц, выступілі бібліятэка і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.
 
 
Паводле словаў літаратуразнаўцы, адзнакай сапраўднага таленту Яўгеніі Янішчыц з’яўляецца той факт, што цікавасць да яе паэзіі з гадамі толькі ўзрастае. «З падтрымкай і бласлаўленнем сына паэтэсы Андрэя ў мінулым годзе разам з паэтэсай і літаратуразнаўцам Тамарай Аўсяннікавай мы распачалі працу па падрыхтоўцы збору твораў Янішчыц», — паведаміла Святлана Калядка.
 
 
Паводле яе словаў, збор твораў будзе складацца з чатырох-пяці тамоў. У першы том увойдзе паэзія Янішчыц, яе радавод, хроніка жыцця і творчасці паэтэсы, а таксама літаратуразнаўчы артыкул. Другі том складуць паэмы Янішчыц і тыя яе вершы, якія раней нідзе не публікаваліся, а таксама ўспаміны пра паэтэсу яе сяброў і калег; трэці — артыкулы Янішчыц, яе выступы і рэцэнзіі; чацверты і пяты — пераклады паэтэсы, яе лісты і інтэрвью, а таксама вершы-прысвячэнні Янішчыц. Першы том запланавана падрыхтаваць да выдання ў наступным годзе, а ўся праца разлічана на пяць гадоў, сказала ліларатуразнаўца.
 
 
Адной з лепшых старонак беларускай паэзіі стала інтымная лірыка Янішчыц, у ёй найбольш выразна раскрылася незвычайнае духоўнае святло чалавечай і творчай асобы. Як адзначыў сябра паэтэсы паэт Васіль Жуковіч, «...Жэня здолела перадаць складаны і зменлівы стан чалавечай душы, дзе сутыкаюцца святло і морак, захапленне і расчараванне, радасць і туга, надзея і адчай. Усё ў яе творах глыбока ўражвае».
 
 
Жуковіч назваў талент Яўгеніі Янішчыц «сапраўды глыбінным і народным». Паводле ягоных слоў, паэтэса жыла народам, яна прысвячала безліч твораў сваім землякам, яе кніжкі густа заселеныя імёнамі і добрымі душамі палешукоў. Жуковіч выказаў надзею, што прыдзе час, калі навуковая і творчая інтэлегенцыя ўцямяць: так не можа быць, калі адзін класік народны, а другі не народны.
 
 
«І тады Максіму Багдановічу Максіму Гарэцкаму, Уладзіміру Караткевічу і Яўгеніі Янішчыц будзе нададзена пачэснае званне народных, якое вынікае з сутнасці іх творчасці. Я ганаруся, што быў у самых добрых сяброўскіх стасунках з Жэняй Янішчыц. У сваіх артыкулах і вершах я не раз звяртаўся да гэтай цудоўнай, абаяльнай, таленавітай постаці», — сказаў Васіль Жуковіч і прачытаў свае паэтычныя прысвячэнні паэтэсе..
 
 
«Непрыручанай птушкай» Палесся засталася Янішчыц у свядомасці многіх, бо жыла заўсёды на мяжы двух светаў: рэальнага і ўяўнага. Талент «Палесскай ластаўкі» сягаў высока ў неба, у той жа час як душа была злучана з зямлёю, сваім краем, з роднымі мясцінамі. Радзіма, Беларусь, дзяцінства — вось тыя крыніцы, якія поўнілі духоўнай энергіяй лірыку паэтэсы. Па словах Васіля Быкава, «Жэня была самая таленавітая з усіх самых таленавітых паэтэс Беларусі, самая цнатлівая і дасканалая».
 
 
Да вечарыны бібліятэка падрыхтавала выставу «Пачынаецца ўсё з любві…», якая знаёміць з творчай спадчынай славутай паэтэсы: першыя публікацыі ў літаратурных зборніках, першыя паэтычныя зборнікі «Снежныя грамніцы» (1970), «Дзень вечаровы» (1974). Сярод экспанатаў выставы і апошнія кнігі Янішчыц («Каліна зімы» і «У шуме жытняга святла»), сучасные публікацыі, перавыданні яе твораў. Яе вершы перакладзены на англійскую, балгарскую, грузінскую, літоўскую, рускую, нямецкую, французскую і іншыя мовы свету. Янішчыц і сама была цікавым перакладчыкам. На выстаўцы прадстаўлены яе пераклады на беларускую мову твораў рускіх і украінскіх аўтараў, а таксама літаратурна-крытычныя артыкулы паэтэсы. Асобны раздзел выставы прысвечаны жыццёваму і творчаму шляху Янішчыц.
 
 
Пад час вечарыны прагучалі творы паэтэсы ў выкананні заслужанай артысткі Беларусі Ларысы Горцавай, а таксама песні на словы Янішчыц у выкананні лаўрэата міжнароднага конкурса імя Ганны Герман Надзеі Бронскай.

Каментаваць