У 2014 годзе ТБМ адзначыць сваё 25-годдзе

27 чэрвеня 2014 году споўніцца 25 гадоў з дня Устаноўчага з’езду Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Да гэтага юбілею запланавана выданне святочнай паштоўкі, канверта і каляндара, адзначаецца ў праекце плана дзейнасці грамадскага аб’яднання на будучы год, абмеркаванага і прынятага за аснову 1 снежня ў Мінску на чарговым пасяджэнні рады ТБМ.



Сярод мерапрыемстваў, уключаных у праект плану на наступны год, — асветніцка-педагагічная праца, у тым ліку правядзенне курсаў беларускай мовы і беларусазнаўства, а таксама дзейнасць рэгіянальных структур ТБМ па захаванні і адкрыцці беларускамоўных устаноў, супрацоўніцтва з дзяржаўнымі і прыватнымі структурамі па пашырэнню выпуску беларускамоўнай прадукцыі, правядзенне гістарычных і літаратурных сустрэч у межах кампаніі “Будзьма”, святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы, у межах якога запланаваныя тры этапы Агульнанацыяльнай дыктоўкі (21 лютага, 15 сакавіка і 25 сакавіка), забяспячэне дзейнасці інтэрнэт-парталу грамадскага аб’яднання, адзначэнне Еўрапейскага дня моваў (у верасні), правядзенне чарговага з’езду ТБМ (у кастрычніку), працяг працы над праектам стандарту беларускай мовы.

У праект плану ўвайшло адзначэнне шэрагу юбілейных і круглых дат нацыянальнай гісторыі, у тым ліку 500-годдзя Аршанскай бітвы, 200-годдзя з дня нараджэня  гісторыка, археолага і краязнаўцы Яўстафія Тышкевіча, 150-годдзя этнографа і фалькларыста Аляксандра Сержпутоўскага, 125-годдзя грамадска-палітычнага дзеяча і публіцыста Язэпа Мамонькі, 100-годдзя паэта Валянціна Таўлая, 75-годдзя прыняцця Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі III нечарговай сесіяй Вярхоўнага Савета БССР.    

Акрамя таго, у наступным годе будзе адзначацца шэраг юбілейных і круглых дат сябраў ТБМ, у тым ліку 75-годдзе народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнкі, а таксама гісторыка, журналіста і пісьменніка Анатоля Валахановіча.

План дзейнасці грамадскага аб’яднання будзе зацверджаны на чарговым пасяджэнні рады ТБМ, якая адбудзецца 26 студзеня.  

Кіраўніцтва грамадскага аб’яднання праінфармавала сябраў рады аб працы ТБМ за бягучы год, у тым ліку пра дзейнасць “Гістарычнай школы”, якую па панядзелках вядзе старшыня таварыства, вядомы гісторык і археолаг Алег Трусаў, пра падрыхтоўку другога выдання беларускамоўных “Правілаў дарожнага руху”, каб яны дайшлі ў кожны аддзел Дзяржаўтаінспецыі МУС Беларусі, пра распрацоўку Міжнароднага сэртыфікату беларускай мовы, пра ўдзел у міжнародным праекце па складанню базы дадзеных рукапісных моў свету, ініцыяваным французскімі спецыялістамі, пра анкетаванне сябраў ТБМ, пра адстойванне палажэнняў закону аб геаграфічных назвах і захаванне ў іх афармленні першаснага права беларускай мовы, пра дзейнасць тапанімічнай камісіі пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі, пра збор подпісаў супраць змены юрыдычнага статусу Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску, а таксама пра выдавецкую дзейнасць таварыства.

Як паведаміў Алег Трусаў, днямі з ініцыятывы Баварскай дзяржаўнай бібліятэкі (Мюнхен, ФРГ) падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з інтэрнэт-парталам ТБМ. Старшыня таварыства выказаў падзяку шэрагу грамадска-палітычных структур, у тым ліку Ліберальна-дэмакратычнай партыі, кампаніі “Гавары праўду”, “Маладому фронту” і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі за матэрыяльную падтрымку дзейнасці ТБМ.   

За вялікую працу на карысць беларушчыны шэраг актывістаў грамадскага аб’яднання быў уганараваны падзякамі таварыства. На радзе былі прынятыя пастановы аб памеры сяброўскіх складак на наступны год і аб зменах у складзе сакратарыяту ТБМ.  

Каментаваць