У амбасадзе Украіны адкрылася выстава "З Украінай у сэрцы"

Вечарам 11 лютага ў Мінску, у амбасадзе Украіны адкрылася мастацкая выстава “З Украінай у сэрцы”, прысвечаная беларусам і ўкраінцам, загінуўшым падчас баёў у Данбасе.



На ёй — 31 праца (партрэты, краявіды, сюжэтныя карціны і інсталяцыя з артэ-фактаў з разбуранага будынку і месцаў баёў) сябраў суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў Генадзя Драздова, Алеся Пушкіна, Алеся Сушы, Андруся Такінданга і Алеся Цыркунова, а таксама ўкраінскага жывапісца з Львова Тараса Носара, напісаныя падчас пленэру, што адбыўся 3–9 лістапада мінулага года ў зоне антытэрарыстычнай аперацыі ў Данецкай вобласці Украіны (Пескі, Валнаваха, Новагрыдзеўка). Апроч таго, у экспазіцыю ўвайшлі некалькі дзясяткаў здымкаў Генадзя Драздова, зробленых пад час пленэру.

Алесь Цыркуноў. Усходні фарпост

Мастакі жылі ў казармах разам з салдатамі і пісалі з натуры там, дзе зусім нядаўна прайшлі вельмі жорсткія баі.

Выстава адметная тым, што ўпершыню пасля Другой сусветнай вайны яна створаная беларускімі мастакамі непасрэдна ў зоне баявых дзеянняў. Вось чаму ўсе працы з’яўляюцца не толькі творамі мастацтва, але і дакументальнымі сведкамі эпохі, у якіх зафіксаваная трагедыя вайны з яе татальным разбурэннем, хаосам, дысгармоніяй, пакутамі і крывёю…

Сваімі творамі да выставы далучыўся і беларускі жывапісец Уладзімер Анішчанка, які не ўдзельнічаў у пленэры.

Старшыня “Пагоні” Генадзь Драздоў назваў вандроўку беларускіх мастакоў у Данбас місіяй добрай волі, здзейсненай па поклічу сэрца і за ўласныя сродкі, бо на Украіне вырашаецца і лёс Беларусі.

Прамаўляюць аўтары выставы — мастакі. Ля мікрафона — Генадзь Драздоў

Беларускія мастакі гаварылі аб вялікай прыязнасці ўкраінцаў да беларусаў і выказалі падзяку ўсім тым прадстаўнікам народаў-братоў, якія дапамаглі здзейсніць гэты пленэр.   

Часовы павераны ў справах Украіны ў Беларусі Валерый Джыгун выказаў падзяку незалежным мастакам, якія на свае вочы пабачылі вынікі агрэсіі і распавялі пра іх усяму свету.

Часовы павераны ў справах Украіны ў Беларусі Валерый Джыгун

Дыпламат зазначыў, што зараз у Данбасе існуюць тры лініі фронту: лінія размежавання, дзе стаяць ўзброеныя сілы Украіны, лінія дыпламатычныя, якая праходзіць праз Мінск, і лінія інфармацыйна-мастацкая. Паміж украінцаў Беларусь займае асаблівае месца, бо яе народ і прэзідэнт карыстаюцца найвялікшым аўтарытэтам сярод іншых народаў і кіраўнікоў замежных дзяржаваў, сказаў Валерый Джыгун.

Алесь Суша. Пескі.

Выстава працуе па 21 лютага, а затым пачне вандраваць па гарадах Беларусі і Еўропы.

Прычым дэманстрацыя выставы на радзіме пад пытаннем, бо ні адна мастацкая галерэя сталіцы не дала згоду на дэманстрацыю экспазіцыі “З Украінай у сэрцы”.  

 Фрагмент экспазіцыі. Творы Алеся Пушкіна і Генадзя Драздова

Генадзь Драздоў. Здымкі

Каментаваць