У Беластоку выйшла кніга твораў сына Ларысы Геніюш

Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org выпусцілаў Беластоку кнігу твораў Юркі Геніюша( 1935-1985) — сына Ларысы і Янкі Геніюшаў. 



Кніжку падрыхтавала беларуская пісьменніца і журналістка Міра Лукша разам з беларускім журналістам Віталем Лубам з Беластока. Яна мае назоў «Смыком па сэрцы».
 
Юрка Геніюш нарадзіўся 21 кастрычніка 1935 года ў мястэчку Зэльва ў сям'і лекара. У той час беларускаму інтэлігенту не было прыстойнага месца ў Айчыне, таму бацькі Юркі эмігравалі ў Прагу. Там прайшло яго дзяцінства, у поўнай беларускасці, якой поўніўся эмігранцкі дом Геніюшаў.
 
 
Дэбютаваў на старонках беларускага тыднёвіка «Нівы» у Беластоку 20 кастрычніка 1963 года апавяданнем «Прыкметы». Праз два гады ў беластоцкім альманаху «Белавежа» змясціў кароткую падборку сваёй прозы: «Як знайсці хулігана?»«Ой ты, доля мая»«З апавяданняў старога сабакі Тарзана» і «Як мы арганізаваліся». Першай значнай на творчым шляху кніжкай стаў  «Зборнік сцэнічных твораў», выдадзены ў 1976 годзе Беларускім грамадска-культурным таварыствам. У альманаху літаратурнага аб’яднання «Белавежа» Юрка Геніюш выявіў зусім новыя якасці свайго таленту, менавіта ў паэтычнай прозе.
 
 
Як кожны сапраўдны беларускі літаратар, шчыры беларус, ён хварэў за будучыню роднага слова. Пры жыцці апублікаваў у перакладзе на польскую мову зборнік паэтычнай прозы «Спачатку было толькі Слова...» (Беласток, 1981). Пасля смерці выйшлі кнігі «Да свету» – у зборніку «Маці і сын» (Беласток, 1992) і «З маёй званіцы» (Беласток, 1993).
 
 
І вось цяпер свет пабачыў новы том твораў Юркі Геніюша, які пацвярджае, што беларус з Беласточчыны быў не толькі добрым лекарам, але і выдатным літаратарам. Чытаючы творы Юркі Геніюша, мімаволі шукаеш слоў, вобразаў, параўнанняў з вершамі Ларысы Геніюш. І наадварот, чытаючы вершы маці, задумваешся, наколькі светаўспрыманне і погляд на рэчаіснасць сынам адбіліся на яе творачсці. Кажуць, што маці са сваім дзіцём спалучаныя пупавінаю да самае смерці, асабліва, калі гэтае дзіця – адзінае.
 
 
Выхад кнігі твораў Юркі Геніюша «Смыком па сэрцы» — даніна яго светлай памяці.

Каментаваць