У дзень 250-годдзя Агінскага адбудзецца рок-канцэрт «ANIMA»

"Гэта як выбары, толькі вынік больш прыемны..."



25 верасня а 19.00 у бары «Хуліган» з нагоды дня нараджэння Агінскага адбудзецца вялікі канцэрт «ANIMA». У ім возьмуць удзел Алег Хаменка, Сяргей Пукст, Алесь Плотка, Уладзімір Пугач, гурты Zui, ili-ili, Naka piano ды іншыя. Канцэрт прымеркаваны да афіцыйнага выхаду музычнага альбома «ANIMA», створанага ў межах праекту-прысвячэння Агінскаму «250».

Аўтары праекта пры падтрымцы фонду «Вяртанне» аб'ядналі творчых людзей, каб паказаць сучаснае бачанне вялікага земляка і паняцця "Радзіма".  Спецыяльна для праекту музыкі запісалі песні, аб'яднаныя эмоцыямі, якія ў кожнага з іх выклікае слова «Радзіма».

Максім Сіры, прадзюсар праекту «250»: «Мы папрасілі музыкаў напісаць ці даць ужо наяўныя ў іх рэпертуары песні, якія былі б эмацыйна сугучныя, на іх думку, слову «Радзіма». Па-першае, мы хацелі атрымаць творы, праз якія можна было б убачыць, якія эмоцыі, думкі, пачуцці выклікае гэта паняцце ў аўтараў песень. Па-другое, паказаць і расказаць пра тое, што ў нас ёсць выдатныя паэты і кампазітары, якія ўмеюць пісаць надзвычай прыгожыя песні, яшчэ раз звярнуць на іх увагу і прыцягнуць слухача да беларускай музыкі. Мы вельмі рады і ўдзячны ўсім музыкам, якія адгукнуліся».

Канцэрт праходзіць у рамках праекту-прысвячэння вядомаму кампазітару і дзяржаўнаму дзеячу Міхалу Клеафасу Агінскаму «250», які стартаваў у прасторы «ЦЭХ» 18 верасня. Праект складаецца з фільма, музыкі, скульптуры, трох фотагісторый і спецыяльнага сайту. Аўтары праекту пры падтрымцы фонда «Вяртанне» аб'ядналі творчых людзей, каб паказаць сучаснае бачанне вялікага земляка і паняцця "Радзіма".

З 25 верасня альбом «ANIMA» будзе выкладзены ў вольны доступ на партале tuzin.fm. Да гэтага яго можна будзе пачуць у рамках экспазіцыі "250" дзякуючы тэхнічнаму партнёру праекту — кампаніі Huawei.

Каментуе прадусар праекта Андрэй Ісачэнка: «Мы стварылі гэты праект, каб паказаць жывога чалавека і неадназначныя лініі яго лёсу. Агінскі марыў служыць сваёй краіне і людзям і пражыў вельмі насычанае, драйвовае жыццё. Ад бліскучага дыпламата да палітэмігранта без дакументаў. І праз 250 гадоў Агінскі адраджаецца ў беларускім праекце, поўным нечаканасцяў, як і ўсё жыццё героя».

У праекце «250» скульптар Ала Савашевіч стварыла каменную скульптуру, ў якой паказала спалучэнне ў адным чалавеку рацыянальнага і творчага пачаткаў. Рэжысёр Максім Сіры шукае ў дакументалістыцы адказ на пытанне «Чым жа для нас сёння з'яўляецца Радзіма?». Міхаіл Лешчанка сабраў серыю фотаработ з тых месцаў, якія калісьці наведваў Агінскі. Іван Бесер стварыў партрэты сучаснікаў, якія актыўна працуюць на тэрыторыях, якія Агінскі лічыў сваёй Радзімай. Андрэй Давыдчык зняў фотарэпартаж пра тое, як паланэз Агінскага гучыць у нязвыклым месцы - вакзале Дзіцячай чыгункі.

Удзельнікі і стваральнікі праекту падзяліліся сваімі уражаннямі адмыслова для “НЧ”:
 

Вольга Мжэльская, pr-мэнеджэр праекта "250": “Я не першы раз працую над праектам, дзе важнай частка з'яўляецца гістарычная постаць і сучаснае пераасэнсаванне яе жыцця і творчасці. У гэтым праекце вы не ўбачыце ні аднаго партрэта Агінскага, не пачуеце ніводнага яго твора. Але пройдзеце па візуальным і аўдыё-развагаў удзельнікаў праекта пра Агінскага, як пра чалавека».

Наста Шпакоўская, гурт Naka: «Прапанова удзельнiчаць у праэкце з’явілася ў час, калi гурт Naka займаўся адборам песень для новага беларускамоўнага альбому. Спачатку была думка выкарастаць песню з ужо запісанага матэрыялу, але адпаведнай па духу i наcтрою песнi не было, таму песня “Вяртанне” была напicана адмыслова для альбому ANIМА праекту 250 i войдзе у альбом “Мая Малітва”, але ў iншым гучаннi, - акрэсліваючы нагоду наведаць імпрэзу для гледачоў артыстка дадае, — раю наведаць імпрэзу, бо вельмi цiкавы склад удзельнiкау канцэрту. Таксама можна наведаць экспазіцыю праекта 250 у прасторы ЦЭХ, над якой працавалi cкульптар, тры фатографы, рэжысёр, 11 музыкаў разам з пiянicтамi, дызайнер ды шмат iншых людзей, якiя засталicя у ценю”.

Алесь Плотка, паэт, удзельнік праекта: “Удзел цікавы асобай Агінскага. Жыцце з тымі ж выклікамі, што і сёння: як захаваць краіну ад знешніх пагрозаў, як сабой застацца, ды й кім — сабой? Літвінам? Беларусам? Рускім са знакам якасці? Эміграцыя ўнутраная і знешняя — што лепей?
Раю схадзіць, бо ўвогуле добрыя супольныя праекты адбываюцца нечаста. А такія — раз на 250 гадоў. У ЦЭХу — цудоўная атмасфера фотавыставы. Добры склад артыстаў і вольны ўваход — гэта амаль як выбары, толькі вынік прагназую болей прыемны: хоравыя спевы і цяплыня!”.

Урачыстае адкрыццё адбудзецца ў 19.00 у прасторы "ЦЭХ", выстава будзе адчыненая для наведвання да 5 кастрычніка штодня з 12.00 да 22.00.

Уваход на экспазіцыю і канцэрт вольны.

Каментаваць