У Гродне выйшаў унікальны Беларускі перакідны краязнаўчы каляндар

Прафесар Гродзенскага ўніверсітэта Аляксей Пяткевіч і рэдактар газеты «Наша слова» Станіслаў Суднік падрыхтавалі і выдалі «Беларускі настольны перакідны краязнаўчы каляндар» на 2015 год, прысвечаны Гарадзеншчыне. Падобны каляндар не выдаецца ні ў адной вобласці Беларусі.



Гэта ўжо шосты выпуск такога календара. У ім пададзена каля паўтысячы важных і цікавых датаў з гісторыі Гарадзеншчыны, што яшчэ раз пацвярджае яе багацце і напоўненасць падзеямі і асобамі праз гады і стагоддзі.
 
 
Ранейшыя календары мелі даволі вялікі поспех і выклікалі зацікаўленасць не толькі на Гарадзеншчыне, але і па ўсёй Беларусі. Выданне з’яўляецца пэўным крокам у развіцці гродзенскага краязнаўства, паколькі нацэльвае краязнаўцаў з Гродна і рэгіёнаў на працу па пэўных датах і з пэўнымі людзьмі, якія адзначаны ў календары.
 
 
Давайце трохі пагартаем беларускі краязнаўчы каляндар на 2015 год Аляксея Пяткевіча і Станіслава Судніка і паглядзім, якія юбілеі нас чакаюць у наступным годзе.
 
 
У 2015 годзе 1 студзеня 70 гадоў будзе адзначаць наша таленавітая літаратарка Вольга Іпатава. У наступным годзе 60 гадоў споўніцца алімпійскай чэмпіёнцы па гімнастыцы Вользе Корбут, 500 гадоў – дзяржаўнаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага Мікалаю Радзівілу Чорнаму, 125 гадоў з дня нараджэння каталіцкаму святару і паэту Казіміру Сваяку, 80 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, 120 гадоў з дня нараджэння беларускага грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча, доктара філасофіі Тамаша Грыба, 175 гадоў з дня нараджэння пачынальніка беларускага нацыянальнага адраджэння Францішка Багушэвіча.
 
 
90 гадоў споўніцца з дня нараджэння беларускага паэта з Беластока Віктара Шведа, 130 гадоў з дня нараджэння беларускага грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча Сымона Рак-Міхайлоўскага, 285 гадоў з дня нараджэння беларускага і польскага кампазітара, музыканта, мецэната Міхала Казіміра Агінскага, 120 гадоў з дня нараджэння беларускага палітыка, педагога, літаратара, доктара філасофіі Ігната Дварчаніна, 100 гадоў з дня нараджэння беларускага грамадска-культурнага дзеяча на эміграцыі Антона Шукялойця і іншыя юбілеі. Лёс гэтых людзей непасрэдна быў звязаны з Гарадзеншчынай.

Каментаваць