У канверце прыляцеў лісток… Невядомыя вершы Рыгора Барадуліна

Воляю акалічнасцяў у маім асабістым архіве захаваліся 12 факсімільных вершаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, якія раней не публікаваліся.
 
 



Гісторыя іх з’яўлення такая: у 1980 годзе, скончыўшы завочна Літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве, я вярнулася ў Мінск з ужо гатовым, на мой погляд, рукапісам вершаў і адважылася нарэшце аднесці яго ў рэдакцыю выдавецтва «Мастацкая літаратура», у аддзел паэзіі. А выдавецтва ў тыя гады ўзначальваў акурат сам знакаміты Рыгор Барадулін. Вядома, я не раз бачыла яго на выступах, чытала вершы, але асабіста мы знаёмыя не былі. Так атрымалася, што рукапіс мне пашчасціла перадаць асабіста Барадуліну... Потым мы з ім апынуліся адначасова ў Доме творчасці пісьменнікаў Каралішчавічы.
 
 
Нішто так не спрыяе развіццю асабістых сімпатый, як тая адмысловая атмасфера, якую памятаюць усе, хто паспеў пабываць у тым утульным месцы, што было калісьці прыстанкам самога Якуба Коласа, і якая падтрымлівалася ў гэтым Доме да апошняга дня яго існавання. І напярэдадні Новага, 1981 года, я атрымала першы лісток з вершам; і цягам амаль цэлага года больш-менш рэгулярна лісткі з вершамі траплялі мне ў рукі. 
 
Яны захоўваліся ў мяне да гэтага года, паколькі асабісты характар дасланых вершаў не дазваляў іх апублікаваць. Але пасля скону іх аўтара, Паэта, якім ганарыцца Беларусь, мне здалося, што я проста не маю права хаваць гэтыя рарытэты…
 
 
 
 
 
 
 
 

Запрашаю ў вясну…

Рыгор Барадулін
 
 
 
 
* * *
Любе Т-ой
 
 
А лівень так і не сабраўся, 
Далей падаўся, ў змрок загорнуты.
Здалася нейкай несапраўднай
Вясёлка зябкая за горадам.
 
Яна спіну хацела выпрастаць,
Ды заміналі спіны дахаў.
На ўжо амаль што летніх
Выпасах
Наш першы прыпар 
Недзе дыхаў.
 
Твая надзённая паспешлівасць
Тралейбусу перадалася.
Вясёлка маладой усмешкаю,
Тваёй, разгубленай
Цвіла ўся…
 
 
3.7.80
Кактэбель
 
 
* * *
 
 
L.T.
 
Ёсць самазабыццё начы,
Асвечанае згодай цела.
Як потым сэрца б ні хацела,
Яму нікуды не ўцячы.
 
З няволі светлае тае,
Дзе толькі вочы,
Толькі рукі,
Дзе,
Пакуль ціша растае,
Сябе саромеюцца гукі.
 
Хоць за сабою сам сачы
Люцей, чым наглядач астрожны,
У цемру светлую начы
Спяшацца будзе
Дзень твой кожны…
 
 
20.1.81.
Кар- чы.   R. B.
 
 
 
* * *
 
 
L.T.
 
У канверце прыляцеў лісток
З дрэва,
Што спакой трымала кронай,
Ліст прыйшоў ад цішыні зялёнай,
Дотыку твайго збярогшы ток, —
 
Каб нанова
Успамін апёк
Той хвілінай,
Дзе яблыні чакалі
Адцвітаць,
А ласка летняй хвалі
Біла з забароненых заток.
 
Вечар быў
Таемным паштальёнам.
Змоўца-змрок
Сачыў, каб хто не ўрок (уцёк).
Нагадаць аб полымі зялёным
У канверце прыляцеў лісток.
 
 
17. 7. 81. R.B. 
 
 
 
* * *
 
 
 
 
L.T.
 
І снег таксама трапяткі
Крануцца полымнай шчакі,
Каб не растаць,
Баіцца, чысты.
Снег лёгка падае таму,
Што пажадалася яму
Падкрэсліць 
Твой пагляд вачысты…
 
 
21. 1. 81.
Кар–чы.   R.B.
 
 
 
* * *
 
 
L.T.
 
Не наталяй
Пустэльны пал валля.
Луг неспатольнасці
Пакінь для ўкосаў…
Бо цела грэшнае,
Як і зямля.
Душа, яна —
Заложніца нябёсаў.
 
Не падстаўляй
Зайздроснасці ляўшу
Твой дзень,
Як святлацень,
Перапялёсы.
Дол моўчкі прыме цела,
А душу
Ці схочуць за сваю
Прыняць нябёсы?
 
 
R
 
 
 
* * *
 
Любе Турбіной
 
 
Ты маўчаннем лісты пішы,
Хай плывуць на марудных паромах.
На задворках тваёй душы
Лепей, чым у халодных харомах.
 
А калі разыйдзецца гром,
Далягляд абкладзе навальніца,
Ведай,
Гэта паспеў паром
Аб самоту чакання разбіцца.
 
А калі ў адчаі начэй
Развінецца маланка,
Помні —
Захацела святло хутчэй
Нагадаць пра вачэй тваіх промні.
 
Ты маўчаннем пішы лісты.
Як пісаць —
Запытай ў карэння.
Забароннае, з нематы
Загрыміць цішынёй нецярпенне..
 
З Новым годам!
Святла, дарог, радкоў!
 
 
31.12.80.
Мінск. Рыгор.
 
 
 
* * *
 
 
 
 
L. T.
 
І прыцемак, і сцежкі тыя ж,
Адно што поўні не відно.
А ты чаму, мой смутак, ныеш,
Як прысмірэлае вакно,
 
Што гаварыла небу нешта,
Калі маўчала цішыня.
…з ялін спадала снегу рэшта
На выкуп маладога дня.
 
Была ўзаемнаю ўзаемнасць.
Трывога чуйнаю была.
У дрэў знаёмная таемнасць
Цямнела з кожнага ствала.
Сляды дзяліліся з сумётам
Праўдападобнаю маной.
Сляды знікалі ў змрок
І потым
Гарэлі ў небе нада мной…
 
 
23.1.81
Каралішчавічы. R. B.
 
 
 
* * *
 
 
 
 
L. T.
 
Аддаю перавагу адчаю,
Паважаць пачынаю тугу,
Адказаць не магу,
Ці кахаю,
Ведаю —
Без цябе не магу!
 
 
RB
 
 
* * *
 
L.T.
 
Як там у космасе,
Не ведаю.
Тут,
Грэшнай мітусні каля,
Здаецца сумнай
І няветлівай,
І цеснай 
Без цябе зямля…
 
 
RB
 
 
 
* * *
 
 
L.T.
 
Запрашаю цябе ў зіму,
Дзе ад снегу душна ялінам —
Нагадаюць няхай яны нам,
Мы шукалі сябе чаму.
 
Запрашаю цябе ў вясну,
Дзе ад квецені снежнай бела,
Дзе сцяжынка збегчы паспела
У нядаўнюю даўніну.
 
Запрашаю цябе адну
У хаціну маёй самоты.
Для цябе маладосць гукну.
Узаб’ю ля галоваў сумёты.
 
Ад цябе і журба не тáя —
Той, што верыць дагэтуль ма´ю.
Запрашаю ў восень сваю,
У зіму сваю
Не запрашаю!
 
 
21. ХІІ. 81. R.
Лес.
 
 
 
Элегічнае з лебедзем
 
Я жыву, чакаючы цябе,
А ў заліве ўжо з’явіўся
Лебедзь,
Хоць яшчэ завея
Снежкі лепіць,
Ён адданы светлай варажбе.
Гэта я
Свайго цярпення крыгу
Адкрышыў —
І воды асвятліў.
І са мной
Хвалюецца заліў,
Можа, лебедзь
Пачакае крыху?
 
Dubultу.  3.11.81   21-00 
 
 
 
* * *
 
 
L.T.
 
З-за пагорка сінімі званочкамі
Твой развітальны помах.
І насцярожанасць жаночая,
Каб не было знаёмых.
 
Пра шэпт і шчэбет у гушчэўніну,
Пра ўцёкі сцежак босых
Раскажа грабянцу вячэрняму
Ігліца ў цёплых косах…
 
 
17.VІІ.81. 
  R. B.

Каментаваць