У Лынтупах будзе свой «маленькі Нясвіж»

Не так ужо і шмат турыстаў наведваюць сёння гэту найцікавейшую мясціну на самым захадзе нашай вобласці, на Пастаўшчыне. Аднак упэўнены, што Лынтупы з іх сядзібна-паркавым ансамблем Бішэўскага, касцёлам і маляўнічым наваколлем варты больш пільнай увагі. І параўнанне іх у загалоўку з галоўнай рэзідэнцыяй князёў Радзівілаў — зусім не парабольшванне.



Не так ужо і шмат турыстаў наведваюць сёння гэту найцікавейшую мясціну на самым захадзе нашай вобласці, на Пастаўшчыне. Аднак упэўнены, што Лынтупы з іх сядзібна-паркавым ансамблем Бішэўскага, касцёлам і маляўнічым наваколлем варты больш пільнай увагі. І параўнанне іх у загалоўку з галоўнай рэзідэнцыяй князёў Радзівілаў — зусім не парабольшванне.

Калі зойдзе размова пра мінулае мястэчка, тутэйшыя жыхары абавязкова распавядуць вам пра французскую акторку, у якую падчас вучобы ў Парыжы закахаўся «наш» пан Юзаф Бішэўскі і пабудаваў для яе ў Лынтупах прыгожы палац у венецыянскім стылі, адбіты ў водным люстэрку. Сцены пакояў выклалі прыгожай беласнежнай пліткай, падлога ж была вытрымана ў жоўта-чорных фарбах. Ды не захацела жыць у нас ганарлівая іншаземка. Так валадар і застаўся на ўсё жыццё (а памёр ён у глыбокай старасці) халасцяком. Калі лічыць гэту гісторыю праўдай, дык яна вартая шэкспіраўскіх тварэнняў.

Каля палаца быў разбіты «культурны» парк, агаро¬джаны мурам з прыгожымі брамкамі. У ім раслі рэдкія дрэвы і кустоўе. Дамінавалі чырвоная ліпа і серабрысты клён, а таксама, як прыгадаў мне лынтупскі старажыл, высокія «пахнёнцэ джэвы» з вельмі прыемным водарам, які ішоў ад іх. Наўкола па¬свіліся аграмадныя панскія быкі. Каб яны не кідаліся на людзей, вочы жывёл закрывалі замацаваныя на ілбе дошкі.

На рэлігійныя святы ў засені дрэў дазвалялася адпачываць і простаму люду. Пан Юзаф, кажуць, быў разумным, меў добрае пачуццё гумару. Калі мясцовыя музыкі на яго дзень народзінаў (а быў ён ужо 93-гадовым) праспявалі ўрачыстыя «Сто лят», дасціпна заўважыў: «Малавата вы мне гадоў пажыць адпусцілі». Але знайсці спачын на сваёй зямлі дзядульку не пашчасціла. Прыйшоў 1939 год, і каб не трапіць у Сібір ці наогул не быць расстраляным, уцёк на Захад, дзе і памёр. Пахаваны на могілках Росы ў Вільні, дзе знайшлі спачын многія дзеячы беларускага адраджэння пачатку мінулага стагоддзя, а таксама сэрца кіраўніка польскай дзяржавы Пілсудскага, які завяшчаў пахаваць сябе каля маці.

Пасля вайны ў палацы размяшчаліся розныя канторы, жылі вайскоўцы. Апошнім гаспадаром была школа, але пасля пераезду яе ў новы будынак 15 гадоў таму стары гмах стаў проста безгаспадарчым.


 
Захавалася каларытная вежа насупраць палаца (на фота). Хто са старажылаў лічыць, што ў ёй быў халадзільнік, дзе ў лёдзе з апілкамі захоўваліся малочныя прадукты, хто — што вяндлярня. Зараз наўрад гэта так ужо і важна. Але тое, што пабудова ўражвае сваімі памерамі і адзіная зберагла першапачатковую дахоўку, з якой, праўда, перыядычна ападае, як восеньскае лісце, дранка, — факт. Побач з ёй у свой час быў амфітэатр, дзе рэгулярна праходзілі канцэрты.

Заслугоўваюць асобнай увагі і злучаныя паміж сабой рэчкай Лынтупкай выкапаныя ўручную ставы. Самы вялікі, перад палацам, меў дно, выкладзенае глінай і камянямі, быў вельмі чыстым. У святы людзі маглі бясплатна скарыстацца лодкамі для прагулянак. Проста ў вадаём спускаліся прыступкі, што ператваралі яго ў сапраўдную купальню. Пасля нацыяналізацыі ўсё гэта было расцягнута «руплівымі гаспадарамі» ў якасці будматэрыялаў. Зараз стаў, натуральна, зарос тванню, але нават загнаць кол у цвёрдае дно не атрымліваецца. Раней тут было багата рыбы. У час вайны, прыгадваюць, немцы заязджалі проста на сярэдзіну на машынах-амфібіях ды глушылі рыбу гранатамі.

На супрацьлеглым ад палаца беразе ў 1904 годзе Бішэўскім быў пабудаваны бровар. Да гэтага часу тут як філіял Віцебскага лікёра-гарэлачнага завода дзейнічае спіртзавод, які дае працу больш за сотні лынтупцаў.

Таксама прыгадалі мне пра ўрослыя ў зямлю лёхі, куды надта любіла лазіць дзятва. Быццам бы яны з’яўляліся пачаткам падземных хадоў. У час вайны гэтых збудаванняў вельмі баяліся акупанты: маўляў, там жыве чорт. Прычына такога страху хавалася ў выявах нейкіх рагатых істот, змешчаных на вялікіх дзвярах.



Надзея на адраджэнне былой прыгажосці з’явілася пасля таго, як комплекс з чарговай спробы быў прададзены з аўкцыёна расійскім інвестарам, якія да таго ж будуюць у раёне і сетку аграэкасядзіб. Яны маюць намер укласці ў яго аднаўленне ў якасці культурна-аздараўленчага комплексу, з захаваннем, вядома, непаўторнасці, больш за 2,5 мільёна долараў. Ужо летась распачаліся падрыхтоўчыя працы. Палац пакрысе ачышчаецца ад бруду, з цагляных муроў адбіваюць старую тынкоўку. Узімку ўзвялі драўляныя рыштаванні па перыметры. Трэба мяняць і дах, што захаваўся  з савецкіх часоў. Радуе, што зараз тут працуюць мясцовыя жыхары, якія хвалююцца за гэты родны куток. А там прыйдзе час і спецыялістаў-рэстаўратараў.

Дарэчы, Юзаф Бішэўскі пакінуў аб сабе добрую памяць і неабарочным касцёлам Андрэя Баболі, які на сёння складае архітэктурную дамінанту мястэчка. Унутры яго ёсць дошка фундатару бажніцы ад удзячных вернікаў. Добрая рэч — людская памяць. Верыцца, што яе аб сабе пакінуць і тыя, хто творыць сённяшні дзень Лынтупаў.

Паводле “Народнага слова


 

Каментаваць