У Мінску адбылося ўганараванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Ведаем свой край”

18 снежня ў Нацыянальным гістарычным музеі адбылося ўшанаванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу па мікратапаніміцы “Ведаем свой край, арганізаванага рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны сумесна з музеем.

(На здымку: спявае Аляксей Галіч)



18 снежня ў Нацыянальным гістарычным музеі адбылося ўшанаванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу па мікратапаніміцы “Ведаем свой край, арганізаванага рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны сумесна з музеем.

(На здымку: спявае Аляксей Галіч)


Як адзначыла першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім, конкурс праводзіўся з снежня 2010 па кастрычнік 2011года і быў падтрыманы Дзярждэпартаментам ЗША , дэпартаментам па гуманітарнай дзейнасці кіраўніцтва справамі прэзідэнта і Міністэрствам культуры. Анісім павіншавала пераможцаў конкурсу і паведаміла, што ўдзельнікі спаборніцтва — жыхары Беларусі і грамадзянін ЗША Кастусь Верабей сабралі шматлікія матэрыялы па знікаючых гістарычных тапонімах, якія з дапамогай спецыялістаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі абавязкова будуць уведзены ў навуковы ўжытак. Акрамя таго, плануецца выдаць працы пераможцаў і размясціць іх у інтэрнэце, сказала Анісім.   

Паводле слоў дырэктара НГМ, сябры тапанімічнай камісіі пры Мінгарвыканкаме Сяргея Вечара, тэма краязнаўства і пытанні мікратапанімікі з’яўляюцца аднымі з профільных у працы ўстановы культуры.  “Вельмі прыемна, што сябры  тапанімічнай камісіі выступілі за максімальнае захаванне гістарычных тапонімаў у назвах новых станцый сталічнага метро,  — сказаў Вечар. Ён запрасіў мінчан і гасцей сталіцы на апошнюю выставу года, адкрыццё якой адбудзецца 22 снежня. На гэтай выставе будуць экспанавацца альбом “Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музея, пяты нумар “Музейнага весніка, адрэстаўраваная беларуская ікона XVIII стагоддзя і 9 копій твораў жывапісу з фондаў музея для Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу Радзівілаў. 

Сяргей Вечар

  
Старшыня ТБМ Алег Трусаў паведаміў, што конкурс — частка праекта “Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці. Паводле яго слоў, 19 снежня ў межах праекта адбудзецца семінар па навучанню валанцёраў, якія ўзнаўляюць помнікі айчыннага дойлідства, у красавіку — навукова-практычная канферэнцыя з выданнем зборніка, у маі — краязнаўчы фестываль. Прычым усе гэтыя акцыі грамадская арганізацыя плануе правесці на базе Нацыянальнага гістарычнага музея і сумесна з ім, сказаў Трусаў.

У інтэрв'ю карэспандэнту “Новага часу мастак Ігар Марачкін распавёў, што па замове кіраўніцтва ТБМ ён падрыхтаваў 10 узораў насценных каляровых календароў на 2012 год , прысвечаных гісторыка-культурнай спадчыне. На календарах з эмблемай ТБМ і лагатыпам “Захаваем нашу гістарычную спадчыну ўвасоблены як вядомыя помнікі айчыннага дойлідства ў Гомелі, Віцебску, Заслаўі, Ішкалдзі (Баранавіцкі раён Брэсцкай  вобласці), Лагойску, Лідзе, Мінску і Мсціславе, так і вобразы шэрагу беларускіх краязнаўцаў, у тым ліку Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў, Мікалая Каспяровіча і Юрася Малаша. Ігар Марачкін каля 10 гадоў працуе над кішэннымі календарамі, якія выдае ТБМ да юбілеяў выбітных беларусаў. Дарэчы, працы мастака разам з флэшкамі і кнігамі былі падараваныя пераможцам конкурсу.

Ігар Марачкін каля сваіх прац

     
Затым для ўдзельнікаў сустрэчы, на якую былі запрошаныя краязнаўцы рознага ўзросту і прафесій з усіх рэгіёнаў краіны, быў прадстаўлены канцэрт  самадзейных артыстаў — папулярызатараў фальклору і вядомых выканаўцаў: барда Эдуарда Акуліна і спявака Аляксея Галіча. Супрацоўнікі музея пазнаёмілі гасцей з экспазіцыямі ўстановы культуры.

Каментаваць