У Мінску адкрылася рэспубліканская мастацкая выстава “Маладзёжная-2012”

7 сакавіка ў Мінску, у Палацы мастацтва адкрылася рэспубліканская мастацкая выстава “Маладзёжная-2012.

На выставе, якая дэманструецца ў залах першага паверха палаца, экспануюцца творы графікі, жывапісу, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва маладых мастакоў ва ўзросце да 35 гадоў, як сябраў Беларускага саюза мастакоў, так і тых, што ў яго склад не ўваходзяць.



7 сакавіка ў Мінску, у Палацы мастацтва адкрылася рэспубліканская мастацкая выстава “Маладзёжная-2012.

На выставе, якая дэманструецца ў залах першага паверха палаца, экспануюцца творы графікі, жывапісу, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва маладых мастакоў ва ўзросце да 35 гадоў, як сябраў Беларускага саюза мастакоў, так і тых, што ў яго склад не ўваходзяць.

Як адзначыў першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, прыйшла вясна – час, калі ўсё навокал пачынае сваё аднаўленне. “Менавіта зараз, пасля доўгай і самотнай зімы хочацца нечага новага, яркіх эмоцый і ўражанняў. Таму нездарма адкрыццё гэтай выставы запланавана напярэдадні галоўнага веснавога свята. Штогадовая рэспубліканская маладзёвая выстава – гэта заўсёды важная падзея ў культурным жыцці  краіны. Яе правядзенне дапамагае выявіць вобраз сучаснага мастацтва беларускай творчай моладзі і садзейнічае яго папулярызацыі. Не абмежаваная пэўнай тэматыкай, выстава дае яе ўдзельнікам шмат свабоды, пачынаючы з выбару фармату, тэхнікі, кампазіцыйнай, пластычнай, каларыстычнай, жанравай разнастайнасці і заканчваючы магчымасцю максімальна поўна ўвасобіць ў мастацкім творы ўласную канцэпцыю светаўспрымання.

Творчыя эксперыменты – гэта заўсёды цікава як для саміх мастакоў, так і для гледачоў. Наведвальнікі выставы змогуць адзначыць для сябе новыя імёны здольных і таленавітых маладых аўтараў, пабачыць новыя тэндэнцыі ў развіцці сучаснага беларускага мастацтва, -- сказаў Сітніца



Паводле яго слоў, і ў будучым Беларускі саюз мастакоў будзе спрыяць сваёй змене, якая спрычыняецца да сапраўднай творчасці, не губляючы галавы і пэўных арыенціраў, выпрацаваных тысячагоддзямі, у тым ліку – і нацыянальных каштоўнасцей. Разам з тым, намеснік старшыні БСМ заклікаў маладых мастакоў да разняволення ў творчым мысленні, каб “трошачкі болей здзіўляць сваіх настаўнікаў і прыхільнікаў выяўленчага мастацтва. Сітніца выказаў пажаданне, каб наступныя маладзёжныя выставы былі “найцікавейшымі, каб пра іх гаварылі ў сталіцы і краіне, каб ў Палац мастацтва ламіліся людзі, і кожны з вас можа гэтаму дапамагчы.     

 



Паводле слоў намесніка старшыні Беларускага саюза мастакоў па выставачнай дзейнасці Сяргея Цімохава, з кожным годам арганізатары маладзёжнай выставы звужаюць яе рэгламент. “Спачатку мы дазвалялі экспанаваць творы, зробленыя на працягу сямі апошніх гадоў, потым звузілі гэты тэрмін да пяці, трох гадоў. На наступнай выставе ўжо можна будзе выстаўляць працы, зробленыя цягам апошніх двух гадоў. Гэта робіцца толькі для таго, каб засяродзіць нашых маладых мастакоў на творчасці, каб кожны год яны стваралі новыя працы. Мы жадаем такога творчага выбуху, каб прыйсці ў гэтую залу, ахнуць і больш нікуды не сыходзіць, - сказаў Цімохаў. Ён павіншаваў удзельнікаў выставы з тым, што яны прайшлі суровы адбор, а гледачоў - са станоўчымі ўражаннямі, якія ствараюць цудоўны вясновы настрой.

Выстава працуе да 25 сакавіка.

Каментаваць