У Мінску адкрылася VI рэспубліканская мастацкая выстава шрыфта і каліграфіі “Літарт-2012”.

7 сакавіка ў Мінску, у галоўнай залі Палаца мастацтва адкрылася VI рэспубліканская мастацкая выстава шрыфту і каліграфіі “Літарт-2012.



7 сакавіка ў Мінску, у галоўнай залі Палаца мастацтва адкрылася VI рэспубліканская мастацкая выстава шрыфту і каліграфіі “Літарт-2012.

Выстава пад дэвізам “Фэст літары у рамках Году кнігі арганізаваная Беларускім саюзам мастакоў, Міністэрствам інфармацыі, Беларускім саюзам дызайнераў і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў. Сярод удзельнікаў выставы - вядомыя мастакі-каліграфы Павел Семчанка, Генадзь Мацур, Уладзімір Васюк, Юры Тарэеў, Сяргей Саркісаў, Усевалад Свентахоўскі, Аляксандр Кулажэнка, Уладзімір Цэслер, Раман Сустаў, Вячаслаў Паўлавец, Уладзімір Правадохін, Павел Татарнікаў і Юры Якавенка, дызайнеры, якія прадставілі шырокі дыяпазон графічных знакаў, ініцыялаў і лагатыпаў, а таксама студэнты кафедраў графічнага дызайну і станковай графікі са сваімі пошукамі новых вобразна-фармальных кампазіцый на аснове літар.

На думку мастацтвазнаўцы Міколы Паграноўскага, сёння каліграфічнае пісьмо з’яўляецца добрым напамінам пра цудоўныя часы, калі манахі прыгожымі літарамі перапісвалі кнігі, чыноўнікі-канцылярысты вялі адказнае справаводства, а вучні старанна рыпелі пёркамі, выводзячы літары на уроках чыстапісання. “Сёння рукапіс востраканцовым і шырокаканцовым пёркамі знік з паўсядзённага ўжытку і стаў набыткам сучаснага мастацтва, дзе літара выкарыстоўваецца самастойна і як сродак у іншых галінах мастацтва. Каліграфія ахапіла шмат стыляў, дзе яскрава сябе праяўляюць розныя графікі: мануальная (рукапіснае напісанне літар), паліграфічная (тыпаграфіка) і камп'ютарная. Каліграфія спрыяе развіццю індывідуальных здольнасцей, іх спалучэнню з пэўнымі традыцыямі, пошуку новых формаў, якія падштурхоўваюць да лепшага разумення нацыянальных асаблівасцей у выкарыстанні лаціны. Каліграфія дапамагае развіццю беларускага друкарскага шрыфту, графічных варыяцый беларускага грамадзянскага скорапісу. Вока ўспрымае сусвет на інтэлектуальна-эмацыйным узроўні, а эмоцыі, як вядома, нараджаюць адпаведныя нюансы. Сапраўдная каліграфія – гэта нюансы і віртуознасць, на якіх будуецца высокае мастацтва, - лічыць мастацтвазнаўца.

 



Кансультант Мінінфармацыі Валер Рагалевіч адзначыў, што ён вельмі ўражаны экспазіцыяй і атрымаў ад яе вялікае задавальненне. Паводле яго слоў, сённяшняму беларускаму кнігавыдавецтву “вельмі не хапае такой эмацыйнасці і смеласці, якія пануюць на выставе. “Чамусьці вокладкі нашых кнігі нясмелыя і мастакі неяк боязна кампануюць шрыфты, - сказаў Рагалевіч.

Заснавальнік беларускай школы каліграфіі, прафесар Павел Семчанка выказаў задавальненне, што за 20 год у краіне стала столькі каліграфаў, што іх творчасць нават не змагла ўмясціць галоўная зала Палаца мастацтваў. Паводле яго слоў, нацыянальная школа каліграфіі вядомая ва ўсім свеце.

  



Як адзначыў удзельнік выставы, выбітны кітайскі каліграф Лі Цзо, гісторыя каліграфіі ў Паднябеснай налічвае амаль 5 тысяч гадоў, прычым самы вядомы майстар Ван Січжы (IV стагоддзе) з яго прадмовай да “Вершаў, створаных у Павільёне архідэй. Паводле яго слоў, самымі аўтарытэтнымі для сучасных майстроў з’яўляюцца школы каліграфіі іань, лію (дынастыя Тан, VII-X стагоддзі) і чжао (дынастыя Юань, XIII-XIV стагоддзі). Дарэчы, творы Лі Цзо на конкурсах па каліграфіі ў КНР адзначаны пяццю залатымі і сярэбранымі медалямі. 



Вядомы беларускі паэт, аўтар назвы выставы Алесь Разанаў прапанаваў каліграфам сумесны праект, на якім ён будзе агучваць намалёванае мастакамі, а яны – маляваць тое, што ён склаў з літар у сваіх вершаказах і пункцірах.  

Выстава працуе да 25 сакавіка.

Каментаваць