У Мінску адкрылася выстава акварэлі Івана Пратасені “Акорды майго натхнення”, прысвечаная 80-годдзю майстра

1 лютага ў мінскім Палацы мастацтва распачала працу выстава акварэлі Івана Пратасені “Акорды майго натхнення, прысвечаная 80-годдзю аднаго з старэйшых беларускіх акварэлістаў.

У экспазіцыі прадстаўлены каля 90 прац розных гадоў, жанраў і тэмаў, у тым ліку партрэты, тэматычныя карціны, краявіды і нацюрморты, творы кніжнай графікі з музеяў і асабістага збору мастака.



1 лютага ў мінскім Палацы мастацтва распачала працу выстава акварэлі Івана Пратасені “Акорды майго натхнення, прысвечаная 80-годдзю аднаго з старэйшых беларускіх акварэлістаў.

У экспазіцыі прадстаўлены каля 90 прац розных гадоў, жанраў і тэмаў, у тым ліку партрэты, тэматычныя карціны, краявіды і нацюрморты, творы кніжнай графікі з музеяў і асабістага збору мастака.

Намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў па выставачнай дзейнасці Сяргей Цімохаў адзначыў, што Пратасеня стварыў хрэстаматыйныя творы, з якімі многія беларусы пазнаёміліся яшчэ ў дзяцінстве і юнацтве падчас вучобы ў школе, паколькі рэпрадукцыі прац акварэліста ўпрыгожвалі падручнікі і вучэбныя дапаможнікі. “Дзякуючы гэтым ілюстрацыям, я ўжо ў школе ведаў, што на Беларусі ёсць такі своеасаблівы мастак з вельмі цікавымі творамі, — сказаў Цімохаў. Ён павіншаваў Пратасеню з 80-годдзем і выказаў надзею на новыя выставы, бо ў сённяшняй экспазіцыі адлюстравана толькі невялікая частка яго багатай творчай спадчыны.

Паводле слоў старшыні секцыі графікі Беларускага саюза мастакоў Міхаіла Басалыгі, праз усё свае жыццё яго зямляк Іван Пратасеня прыстойна нясе сцяг сваёй творчасці. “Ён ніколі не змяняў акварэлі, і правільна рабіў. Ягоныя творы здатныя ўпрыгожыць залу любога музея і мастацкай галерэі любой краіны свету, — сказаў Басалыга. Ён назваў Пратасеню “прыгожым чалавекам, які такім быў заўсёды ў жыцці і сваёй творчасці.

Як адзначыла мастацтвазнаўца Галія Фатыхава, акварэлі Пратасені — гэта повязь рэалістычных традыцый, фальклору і народнай творчасці. Паводле яе слоў, у працах мастака заўсёды прысутнічае ўменне, вялікі талент, захапленне прыгожасцю роднай зямлі, яе багатай гісторыяй і вялікімі асобамі. “Асаблівай увагі вартыя цудоўныя шматпланавыя тэматычныя сюжэты і кампазіцыйныя партрэты славутых постацей беларускай зямлі, такіх, як Кірыла Тураўскі, Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Кастусь Каліноўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас і Іван Мележ. У гэтых творах мастак праявіў сябе таленавітым кампазітарам, выдатным майстрам прапрацоўкі дэталяў, тонкім каларыстам. У залежнасці ад тэматыкі мастак умела выкарыстоўвае розныя тэхнікі і прыёмы пісьма акварэллю, што надае яго працам адметную індывідуальнасць і пазнавальнасць, — сказала мастацтвазнаўца. Паводле яе слоў, у мастацтве акварэлі Пратасеня дасягнуў такога высокага ўзроўню, што яго працы да гэтага часу ўпрыгожваюць падручнікі і энцыклапедыі. “Асноўная рыса яго пісьма — гэта тонкі пераход ад аднаго колеру да другога. Гэта вельмі цяжка зрабіць у акварэлі, але Пратасеня гэта ўмела перадае. Увесь час ён у пошуку і працуе на адным дыханні. Яго творы вылучаюцца далікатнасцю лініі і духоўнасцю, нясуць добры настрой людзям, — сказала Фатыхава.

Мастак выказаў падзяку сваім родным, блізкім і сябрам па творчасці за падтрымку ў стварэнні вобразаў, многія з якіх навеяныя бацькамі і жонкай, дзяцьмі і ўнукамі. Іван Пратасеня нарадзіўся 1 лютага 1931 года ў вёсцы Старцавічы (цяпер — Знамя) на Случчыне ў Мінскай вобласці. У 1957 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1965 годзе — Маскоўскі паліграфічны інстытут. Выстаўляецца з 1965 года. Шмат гадоў працаваў мастаком і мастацкім рэдактарам у шэрагу рэдакцый і выдавецтваў. Творы Івана Пратасені знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Мастацкім фондзе Беларускага саюза мастакоў, у зборах шматлікіх музеяў і прыватных калекцый Беларусі і замежжа.

Выстава працуе да 16 лютага.
 

Каментаваць