У Мінску адкрылася выстава ў гонар выбітнага беларускага танцоўшчыка, балетмайстра і збіральніка харэаграфічнага фальклору Янкі Хвораста

22 лютага ў Мінску, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адкрылася выстава “Жыццё ў танцы, прымеркаваная да 110-годдзя з дня нараджэння таленавітага беларускага танцоўшчыка, балетмайстра, збіральніка беларускага харэаграфічнага фальклору Янкі (Івана Маркавіча) Хвораста (1902–1983).



22 лютага ў Мінску, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адкрылася выстава “Жыццё ў танцы, прымеркаваная да 110-годдзя з дня нараджэння таленавітага беларускага танцоўшчыка, балетмайстра, збіральніка беларускага харэаграфічнага фальклору Янкі (Івана Маркавіча) Хвораста (1902–1983).

Аснову экспазіцыі, якая распавядае пра жыццёвы і творчы шлях Хвораста, складаюць дакументы і матэрыялы з яго асабістага архіва, які захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі з 1982 года. Сярод экспанатаў — біяграфічныя матэрыялы, у тым ліку атэстат сталасці, дыплом магістра філасофіі і пасведчанні асобы.

Дзейнасць Хвораста як збіральніка танцавальнага фальклору адлюстроўваюць шматлікія запісы беларускіх народных танцаў, карагодаў, кадрылей і харэаграфічных кампазіцый. На выставе прадстаўлены два выпускі зборніка “Беларускія танцы, выдадзеныя ў 1974 і 1977 гадах, а таксама выданне 1991 года “Танцы Янкі Хвораста, у склад якіх увайшлі беларускія скокі, запісаныя збіральнікам фальклору. У экспазіцыю ўключаны здымкі Янкі Хвораста розных гадоў, фатаграфіі фрагментаў розных танцаў у выкананні самога танцоўшчыка, танцавальнай групы Віленскай беларускай гімназіі, салістаў Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы, а таксама афішы канцэртаў з удзелам Янкі Хвораста, лісты і ўспаміны. Усе матэрыялы выстаўкі дэманструюцца ўпершыню.

У інтэрв’ю карэспандэнту “Новага часу загадчык сектара навуковай апрацоўкі рукапісаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі Таццяна Жук паведаміла, што Янка Хвораст быў з музыкальнай сям’і: яго маці — славутая спявачка, а стрыечны брат — народны артыст Беларусі і СССР Рыгор Шырма. Паводле яе слоў, усё свае жыццё Янка быў закаханы ў музыку і танец, прычым лічыў апошні душой народа. Падчас вучобы ў Віленскай беларускай гімназіі ён у 1927 годзе арганізаваў танцавальную групу, а падчас вучобы на філасофскім факультэце Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя Янка браў прыватныя ўрокі балетнага мастацтва, сказала Жук. Прычым, юнак з такім захапленнем ставіўся да заняткаў, што педагогі дазвалялі яму вучыцца бясплатна.

                                                   Фрагмент выставы

Больш за 10 гадоў Хвораст працаваў галоўным балетмайстрам Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца, у якім паставіў больш за 60 танцаў і харэаграфічных кампазіцый, у тым ліку і знакамітую “Лявоніху, адзначыла Жук. Паводле яе слоў, архіў Янкі Хвораста, які налічвае каля 380 адзінак захоўвання, як і сама асоба гэтага выбітнага дзеяча беларускай культуры, яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў.

                                     Зінаіда Мажэйка

Доктар мастацтвазнаўства Зінаіда Мажэйка адзначыла, што, на вялікі жаль, унікальнае і высакароднае імя Янкі Хвораста, якое ўславіла беларускую культуру, яшчэ не ацэнена належным чынам. Паводле яе слоў, у прафесійнай асобе Хвораста тонка злучылася высокая культуры былой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага Вільні з глыбокай укаранёнасцю ў беларускую народную культуру, у яе дух, настрой і характар. Маэстра цудоўна адчуваў прасторавую кампазіцыю беларускіх народных танцаў, не баяўся выкарыстоўваць у народнай харэаграфіі элементы дзіцячага і гульні, падкрэсліла навукоўца. На яе меркаванне, прафесійны ўзровень Хвораста як балетмайстра застаецца непераўзыдзеным да гэтага часу.

У адкрыцці выставы ўдзельнічаў ансамбль салістаў “Класік-Авангард пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава.

Каментаваць