У Мінску адкрылася выстава пра гісторыю сяброўства Янкі Купалы і Якуба Коласа

10 ліпеня ў Мінску, ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адчынілася выстава “Мой дружа, Янка, прысвечаная 100-годдзю з дня першай сустрэчы класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, гісторыі іх сяброўства.


У экспазіцыі з фондаў музея прадстаўлены першыя зборнікі вершаў паэтаў — “Жалейка і “Песні жальбы, выданні нумароў газеты “Наша ніва з творамі беларускіх песняроў, вершы-прысвячэнні Коласа Купалу, рукапісы ўспамінаў і артыкулаў Коласа, прысвечаных Купалу.



10 ліпеня ў Мінску, ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адчынілася выстава “Мой дружа, Янка, прысвечаная 100-годдзю з дня першай сустрэчы класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, гісторыі іх сяброўства.


У экспазіцыі з фондаў музея прадстаўлены першыя зборнікі вершаў паэтаў — “Жалейка і “Песні жальбы, выданні нумароў газеты “Наша ніва з творамі беларускіх песняроў, вершы-прысвячэнні Коласа Купалу, рукапісы ўспамінаў і артыкулаў Коласа, прысвечаных Купалу.


Як паведаміла дырэктар музея Зінаіда Камароўская, адкрыццё выставы прымеркавана да 130-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, што адзначалася 7 ліпеня. Паводле яе слоў, пазнаёміліся народныя паэты Беларусі завочна, праз творы, якія друкаваліся ў “Нашай ніве. “У сваіх успамінах Колас піша, што Купала “становіцца частым і плодным супрацоўнікам “Нашай Нівы. Амаль у кожным нумары з’яўляюцца творы Купалы. І гэтыя творы ўсё болей і болей мацнеюць, набываюць сілу сапраўднай народна-дэмакратычнай паэзіі.


Першая сустрэча паэтаў адбылася толькі ў 1912 годзе. Колас не мог паехаць да Купалы, так складваліся абставіны яго жыцця, ён быў пад наглядам паліцыі. Таму Купала вырашыў наведаць свайго калегу па пяру. У лісце ад 26 ліпеня 1912 года Купала піша: “У суботу еду ў Стоўбцы да Коласа. А сам Колас так апісвае іх першую сустрэчу: “…Хтось з дому прыбег у сяло, знайшоў мяне і сказаў мне тры словы: “Прыехаў Янка Купала. Гэтыя словы мяне радасна ўсхвалявалі. Быў ужо даволі позні жнівеньскі вечар. Я жыва раздабыў кварту гарэлкі і борздзенька накіраваўся ў Смольню. Так звалася места, дзе была сядзіба маіх родных. У хаце гарэла лямпа. На лаве каля стала сядзеў малады, статны, жыццярадасны хлопец з вясёлымі, крыху насмешлівымі жаўтавата-карычневымі вачамі. Мы павіталіся, зірнулі адзін аднаму ў вочы, пацалаваліся. І ён мне, і, напэўна, я яму паказаліся зусім не такімі, як гэта прадстаўлялі мы сабе адзін аднаму ў нашым уяўленні…


Сапраўднае сяброўства паэты пранеслі праз усё жыццё — разам працавалі ў “Тэрміналагічнай камісіі, у Інстытуце беларускай культуры, у Акадэміі навук БССР, разам ездзілі на з’езды саветаў, на сесіі Вярхоўнага Савета СССР. У 1930-я гады, калі абодва паэты жылі ў Мінску, яны амаль кожны дзень хадзілі адзін да аднаго ў госці, гулялі ў шахматы, дзяліліся сваімі творчымі планамі. Колас успамінае: “Купала быў маім частым госцем, таксама як і я быў госцем у Купалы. Мы ішлі рука ў руку дарогамі нашага жыцця.


Вострым болем у сэрцы Коласа адгукнулася смерць Купалы. Свайму сябру Колас прысвяціў верш “Над магілаю друга, дапамагаў выдаць кнігу памяці Купалы, якая выйшла ў Маскве ў 1943 годзе, — адзначыла Камароўская.


Паводле яе слоў, 10 жніўня ў філіяле музея ў Смольні (Стаўбцоўкі раён Мінскай вобласці) адкрыецца мемарыяльны знак і выстава, прысвечаныя 100-годдзю першай сустрэчы народных паэтаў.


Сын Коласа Міхась Міцкевіч распавёў, што першая сустрэча Купалы з Коласам адбылася, калі ім было па 30 гадоў, і 30 гадоў доўжылася іх сяброўства. Затым спадар Міхась узгадаў словы бацькі пра яго першую сустрэчу з Купалам: ён, як шляхцюк, хацеў спадабацца і купіў новы пінжак з кароткімі рукавамі і меншыя за свой памер туфлікі, якія страшна ціснулі ногі.

“І Купала расшнураваў туфлікі, калі сядзеў і чакаў Коласа. А калі той увайшоў, Купала падняўся, зачапіўся за свае шнуркі і чуць не паваліўся. Гэтая смешная сцэнка выклікала ўзаемную няёмкасць, якая хутка прайшла, бо паэты вельмі паважалі адзін аднаго і знялі гэты стрэс першай чаркай і размовай, — сказаў Міцкевіч.


Паводле слоў паэтэсы Раісы Баравіковай, Бог паспрыяў беларусам, што ў адзін год у народа з’явіліся два волаты — Янка Купала і Якуб Колас. Паводле яе слоў, паэтаў радніць моц таленту, але было і шмат таго, што іх розніць. “Усё гэта толькі дапаўняе хараства, паўнаты, глыбіні нашаму прыгожаму пісьменству. Уся нашая літаратура XX і XXI стагоддзяў бярэ вытокі ад Купалы і Коласа. І сяброўства гэтых паэтаў прыгожае і асаблівае, бо ў ім прысутнічае муза, натхненне і нейкі вэлюм таемнасці, — сказала Баравікова.


На здымках: фрагменты экспазіцыі, выступае Міхась Міцкевіч.
 

Каментаваць