У Мінску экспануецца выстава ў гонар 120-годдзя з дня нараджэння Уладзіславы Францаўны Луцэвіч

У Мінску, у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы экспануецца літаратурна-дакументальная і мастацкая выстава “Зерне, кінутае ў ніву, усходзіць ды красуе…, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння першага дырэктара музея, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, Уладзіславы Францаўны Луцэвіч — жонкі першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. 



У Мінску, у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы экспануецца літаратурна-дакументальная і мастацкая выстава “Зерне, кінутае ў ніву, усходзіць ды красуе…, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння першага дырэктара музея, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, Уладзіславы Францаўны Луцэвіч — жонкі першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. 

У інтэрв'ю карэспандэнту “Новага часу аўтар выставы, вядучы навуковы супрацоўнік музея Фаіна Ваданосава паведаміла, што экспазіцыя з фондаў установы культуры распавядае пра дзейнасць Уладзіславы Францаўны — стваральніцы музея народнага песняра, пра шматбаковасць яе асобы і значнасць яе ў нацыянальнай гісторыі, паказвае панараму музейнага жыцця 1940-х — 1950-х гадоў. Выстава складаецца з чатырох раздзелаў, прычым тры з іх названы радкамі з вершаў песняра, прысвечаных Уладзіславе Францаўне: “У душы ўскрэсне здань быўшых дзён… (гісторыя сям’і Станкевічаў, з якой паходзіла жонка Купалы), “Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея… (знаёмства з Купалам і вянчанне. Спадарыня Уладзіслава — гаспадыня Купалавага дома) і “Вольная птушка сумнай зямліцы… (педагагічная дзейнасць “цёці Уладзі). У назве IV раздзела — “Там дух яго і яе жыве... (Уладзіслава Луцэвіч — стваральнік і першы дырэктар музея Янкі Купалы) — выкарыстаны словы лепшай сяброўкі спадарыні Уладзіславы Канстанцыі Буйло, якія гэта паэтка напісала ў кнізе водгукаў пасля наведвання музея. 

Рэканструкцыя часткі інтэр’ераў Купалавага дома па сталічнай вуліцы Кастрычніцкай і кабінета першага дырэктара музея, выкарыстанне асабістых рэчаў дапамагаюць наведвальнікам акунуцца ў атмасферу 1920-х — 1950-х гадоў. У экспазіцыі выкарыстаныя прыжыццёвыя фотаздымкі, жывапісныя і графічныя партрэты песняра і яго жонкі, у тым ліку вядомага беларускага мастака Пятра Сергіевіча, а таксама мастацкія творы, якія былі заказаныя спадарыняй Уладзіславай падчас стварэння музея.



“Ёсць постаці, імёны якіх, дзякуючы руплівай працы і энергіі, засталіся ў гісторыі. Яны пакінулі спадчыну, якой ганарацца наступныя пакаленні. Да такіх асоб адносіцца і Уладзіслава Францаўна, намаганнямі якой быў сабраны і захаваны архіў Янкі Купалы, створаны яго музей, праведзена вялікая работа па выданні твораў песняра, у тым ліку пасляваеннага збору твораў. Больш за 25 гадоў Уладзіслава Францаўна была вернай спадарожніцай Купалы, чулым яго сябрам. Яе асоба не памеркла ў прамянях славы народнага паэта. Яна  пакінула пра сябе добрыя ўспаміны ў сучаснікаў. Маладым паэтам і сваім выхаванцам ў дашкольных установах, дзе працавала доўгі час, яна нагадвала клапатлівую, добрую матулю. “Цёця Уладзя славілася сваёй адкрытасцю, добразычлівасцю, гасціннасцю, — адзначыла Ваданосава.

 Уладзіслава Францаўна нарадзілася 25 снежня 1891 года ў вёсцы Вішнева Валожынскага павета. Яе маці Эмілія Манэ, па паходжанні францужанка, была настаўніцай. Ад яе дачка пераняла любоў да дзяцей і педагогікі. Бацька Франц Станкевіч працаваў ляснічым у Каралінаве на Валожыншчыне. Уладзіслава вучылася ў Вільні і Варшаве, пад псеўданімам “Станкевічанка пісала вершы і апавяданні, складала зборнікі вершаў, казак, загадак і песень для дзяцей, працавала ў дзіцячых установах, у Наркамасвеце, літаратурным супрацоўнікам на радыё ў Мінску. 

З Купалам Уладзіслава пазнаёмілася ў 1908 годзе ў рэдакцыі “Нашай Нівы. Паэт прысвяціў ёй шэраг вершаў. 23 студзеня 1916 года яны павянчаліся ў касцёле святых Пятра і Паўла ў Маскве.    

Выстава працуе да 8 сакавіка.

Каментаваць