У Мінску прэзентавалі Полацк

19 чэрвеня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прэзентаванае навуковае выданне “Полоцк з серыі “Найстаражытнейшыя гарады Беларусі.

Кніга падрыхтаваная супрацоўнікамі акадэмічных Інстытута гісторыі і Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.



19 чэрвеня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прэзентаванае навуковае выданне “Полоцк з серыі “Найстаражытнейшыя гарады Беларусі.

Кніга падрыхтаваная супрацоўнікамі акадэмічных Інстытута гісторыі і Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Гэтае 744-старонкавае багата ілюстраванае выданне на рускай мове, надрукаванае накладам ў тысячу асобнікаў, нядаўна выйшла ў сталічным выдавецтве “Беларуская навука. У кнізе разглядаюцца розныя бакі гісторыі горада ад першых яго наcельнікаў у IX стагоддзі да падзей XVIII стагоддзя ўключна, у тым ліку рамёствы, грашовы зварот і гандлёвыя сувязі (па дадзеным археалогіі, нумізматыкі і пісьмовых крыніц), а таксама культура і адукацыя.  

Дырэктар Інстытута гісторыі, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч нагадаў, што  Полацк — самы старажытны беларускі горад, які з’яўляецца калыскай беларускай дзяржаўнасці, сімвалам беларускай нацыі і дзяржаўнасці. Паводле ягоных слоў, багатая і слаўная гісторыя гэтага горада выклікае цікаўнасць і захапленне, бо па колькасці знакамітых гістарычных асоб Полацк не мае аналагаў сярод іншых гарадоў краіны.

“Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва акадэміі і дзяржавы вучонымі інстытута за апошнія гады зроблены значны крок наперад у справе вывучэння мінулага горада і Полацкай зямлі. Згодна з указам прэзідэнта ў інстытуце ў 2008 годзе створана пастаянна дзеючая комплексная экспедыцыя па даследаванню Полацка на чале з загадчыкам цэнтра па вывучэнню даіндустрыяльнага грамадства, доктарам гістарычных навук Вольгай Ляўко. Напрыканцы мінулага года ўбачыў свет археалагічны зборнік з вынікамі чатырохгадовай працы гэтай экспедыцыі — першае выданне ў гонар 1150-годдзя Полацка. На жаль, так сталася, што да гэтага часу горад не меў належнага адлюстравання ў выглядзе фундаментальнага даследавання. І як дырэктар інстытута, я вырашыў падтрымаць такое выданне, — сказаў Даніловіч.

На думку даследчыка археалогіі Полацка, кандыдата гістарычных навук Сяргея Тарасава, імя горада павінна быць у прэамбуле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, што горача дыскутавалася напрыканцы 1980-х — на пачатку 1990-х гадоў. “Сапраўды, гэты горад адметны для нас,  кожны беларус павінен яго наведаць і пакланіцца полацкім святыням. Менавіта так сёння і адбываецца. Добра, што кніга выйшла, хай будуць наступныя, бо Полацк можна даследаваць бясконца і гэтай працы хопіць яшчэ не аднаму пакаленню даследчыкаў. Але трэба не забываць, што вывучэнне Полацка пачалося не з нас, — адзначыў Тарасаў. Сярод выбітных даследчыкаў мінулага горада ён назваў беларускіх гісторыкаў Аляксандра Ляўданскага і Георгія Штыхава, а таксам расійскага археолага Леаніда Аляксеева.
      
Паводле слоў кіраўніка аўтарскага калектыву выдання Вольгі Ляўко, паколькі ў краіне налічваецца каля 30 старажытных гарадоў, а ў серыі вышлі толькі дзве кнігі пра Віцебск і Полацк, наперадзе ў гісторыкаў шмат працы, адкрыццяў і новых выданняў.

Да прэзентацыі ў бібліятэцы была арганізавана выстаўка “Патрыярх гарадоў беларускіх (да 1150-годдзя Полацка). На ёй прадстаўлены выданні XVI—XXI стагоддзяў, якія распавядаюць пра багатую падзеямі гісторыю горада.

 

Каментаваць