У Мінску прэзентавана кніга Алеся Краўцэвіча "Гедымін. Каралеўства Літвы і Русі (1316-1341)"

8 чэрвеня ў Мінску, у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбылося адкрыццё выставы кніжнага праекта Ігара Гардзіёнка “Гедымін і прэзентацыя кнігі доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча "Гедымін. Каралеўства Літвы і Русі (1316-1341)".

Гэтае 150-старонкавае навукова-папулярнае выданне на беларускай і англійскай мовах, густоўна аздобленае мастаком Ігарам Гардзіёнкам, выйшла ў прыватным сталічным “Выдавецтве Святланы Татарнікавай накладам ў 2 тысячы паасобнікаў.



8 чэрвеня ў Мінску, у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбылося адкрыццё выставы кніжнага праекта Ігара Гардзіёнка “Гедымін і прэзентацыя кнігі доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча "Гедымін. Каралеўства Літвы і Русі (1316-1341)".

Гэтае 150-старонкавае навукова-папулярнае выданне на беларускай і англійскай мовах, густоўна аздобленае мастаком Ігарам Гардзіёнкам, выйшла ў прыватным сталічным “Выдавецтве Святланы Татарнікавай накладам ў 2 тысячы паасобнікаў.

Рэдактар кнігі Міхась Скобла назваў “унікальным цудам паліграфіі гэтае выданне, якое “павінна быць у кожным беларускім доме, бо яна разам з кнігамі Францішка Скарыны і Статутамі ВКЛ закладвае падваліны нашай незалежнасці. “У кнізе выдатныя тэксты нашага слаўнага гісторыка і пісьменніка Алеся Краўцэвіча спалучаюцца з прыгожымі ілюстрацыямі нашага вядомага графіка Ігара Гардзіёнка, якія ўспрымаюцца абсалютна незалежна, як выдатныя творы мастацтва, —  сказаў Скобла. Паводле ягоных слоў, найбольшае ўражанне ад знаёмства з вобразам вялікага князя ВКЛ Гедыміна выклікала яго вялікая сям’я – 14 дзяцей, у тым ліку 8 сыноў і 6 дачок, што засведчана ў выданні. “Гэта сведчыць пра тое, што яшчэ ў тыя даўнія часы Гедымін разумеў — беларусаў павінна быць шмат, — сказаў Скобла. Ён нагадаў, што сем гадоў таму ў Мінску адбылася прэзентацыя першай кнігі Краўцэвіча “Міндаўг з 20-томнай серыі “Жыццяпісы вялікіх князёў літоўскіх“ і пажадаў аўтару рэалізаваць гэты важны для беларусаў выдавецкі праект.   

Паводле слоў Алеся Краўцэвіча, беларусы дрэнна ведаюць сваіх герояў. “Гедымін – асоба стоадсоткава неацэненая ў сваёй краіне з той прычыны, што ўпершыню ў айчынным мінулым гэты князь пераважна мірным шляхам аб’яднаў у адной дзяржаве усе гістарычныя вобласці Беларусі – Панямонне-Літву, Палессе, Русь (Віцебшчыну і Полаччыну) і Падняпроўе. І менавіта гэтае аб’яднанне ў адзіным палітычным арганізме і дало будучую Беларусь. Як пішуць даследчыкі, дзіўная краіна, каторая не мае натуральных рубяжоў – яны размешчаны на водападзелах паміж Дняпром, Заходняй Дзвіной і Нёманам. Гэтыя рубяжы нас не лучаць, а раздзяляюць. І самая трывалая повязь, самы галоўны механізм, каторы нас злучыў – гэта Вялікае Княства Літоўскае. І за 20 гадоў незалежнасці ў масавай свядомасці беларусаў удалося зрабіць пералом, што ВКЛ — не дзяржава паноў польскіх і летувіскіх, а дзяржава нашая. Паколькі ВКЛ загарантавала паспяховы этнагенез беларусаў, у Беларусі павінны быць плошчы Гедыміна, помнікі Гедыміну, павінна быць дзяржаўная прэмія імя Гедыміна і ордэн Гедыміна, — падкрэсліў Краўцэвіч.

Паводле ягоных слоў, нават такі жанр, як літаратурны нарыс, абавязвае аўтара да пэўнай дысцыпліны. “Я не магу пісаць тое, што не ведаю. Каб пісаць пра такую гістарычную асобу, як Гедымін, трэба, каб узнік эфект прысутнасці, які дасягаецца месяцамі працы ў архівах з дакументамі і даследаваннямі гісторыкаў. Пасля заглыблення ў гэты матэрыял я і пачаў пісаць, прычым нічога не выдумляў, а толькі часам інтэрпрэтаваў некаторыя факты. І гэта вельмі важна – вучыць і прасвятляць на сапраўдных рэчах. Нельга падманваць чытачоў, як нельга падманваць дзяцей, бо здаецца за гэты падман цябе ніхто не пакарае, але пакарае Бог “, — адзначыў гісторык.  

Паводле ягоных слоў, Ігар Гардзіёнак мастак такога класу, які не дазваляе указваць, што яму маляваць. “Я толькі папрасіў калегу прафесара Юрася Бохана кансультаваць мастака наконт аўтэнтычнасці выяў, каб ілюстрацыі ў кнізе былі гістарычна дакладнымі, — сказаў Алесь Краўцэвіч. Ён паведаміў, што завяршаецца праца над трэцяй кніжкай з серыі “Ад Войшалка да Віценя. Выпрабаванне на трываласць, аздабленне якой робіць суветна вядомы беларускі мастак Павал Татарнікаў.

Паводле словаў Ігара Гардзіёнка, гэтая кніжка для яго вельмі дарагая, бо рабіў яе пасля  творчай паўзы, згаладалы па творчасці. “Гэтая кніга прысвячаецца яе чытачу – культурнаму і неабыякаваму чалавеку, які патрэбны нам усім, — падкрэсліў мастак. Ён выказаў падзяку тым, хто спрычыніўся да выдання кніжкі, у тым ліку і яе мецэнатам Анатолю Луневічу і Паўлу Дарагому.

Аўтараў выдання павіншавалі вядомыя дзеячы беларускай навукі і культуры – гісторыкі Валянцін Голубеў, Алег Трусаў і Юрась Бохан, пісьменнікі Вольга Іпатава і Уладзімір Арлоў, мастакі Павал Татарнікаў і Уладзімір Вішнеўскі. Вядучы сустрэчы Міхась Скобла ўручыў ім сімвалічныя ордэны Гэдыміна.  

Выстава працуе да 30 чэрвеня.

Каментаваць