У майстэрні Алеся Марачкіна

Знакаміты беларускі мастак, выкладчык і адзін з лідараў суполкі «Пагоня» прафесар Алесь Марачкін спецыяльна для «НЧ» прэзентаваў сваю новую карціну — палатно «Здані («Пераможцы»)» 2011 года.



Знакаміты беларускі мастак, выкладчык і адзін з лідараў суполкі «Пагоня» прафесар Алесь Марачкін спецыяльна для «НЧ» прэзентаваў сваю новую карціну — палатно «Здані («Пераможцы»)» 2011 года.

Першае ж пытанне, якое ўзнікла пры поглядзе на твор — а ці не натхніў мастака выдатны здымак з Плошчы Незалежнасці вечарам 19 снежня 2010 года, дзе над шэрагамі згуртаваных АМАПаўцаў пагрозліва ўзвышаецца скульптурная постаць Леніна. Відавочную сувязь са здымкам Алесь Антонавіч адмаўляць не стаў: той рэпартажны шэдэўр яго таксама ўразіў. Дадаў толькі што бачныя з правага боку гаражы — водгук журналісцкага даследавання «Нашай Нівы» наконт гаража, з якога паходзіла паказаная на БТ выбухоўка, і які аказаўся ўласнасцю некага з адміністрацыі. Ну а лысая гума пры гаражах тлумачэння не патрабуе.

Варта адзначыць, што ў параўнанні з добра вядомым творам «Плошча» 2006 года, стыль якога мастак сам прызнаў «плакатным», у новым творы маэстра ўзняўся да большай ступені лаканізму і абагульнення. І палатно адразу загучала значна выразней, прыцягваючы не толькі сэнсоўнымі, але і мастацкімі якасцямі. Некаторыя яго элементы — як букет у руках пачварнай постаці-манекену ў цэнтры — сапраўдныя маленькія шэдэўры жывапісу. Як і вобразна выразны шыхт пустадомкаў-прыблудаў з металічнымі шчытамі, над якімі, як на дзідах тэўтонцаў, узвіваюцца лукашэнкаўскія сцяжкі. Пустыя жоўтыя вачніцы, адсутнасць тулава ў цэнтральнай манекеннай постаці ў берцах: вобразы, вобразы яскравыя і трапныя. Такім чынам, адказ на пытанне, а ці здольнае сучаснае рэалістычнае мастацтва быць і актуальным, і выразным — вырашаецца ў станоўчы бок у нас на вачах.

Аляксей Антонавіч дэклараваў, што шырокая публіка хутка зможа ўбачыць яго новы твор.

Каментаваць