У Мінску адбыўся музычны фестываль “Каласы пад сярпом тваім” (шмат фота)

Асноўныя ўдзельнікі фестывалю “Каласы пад сярпом тваім”— дзеці, у тым ліку прыёмныя, са шматдзетных сем’яў, а таксама сямейныя калектывы. Галоўная ўмова — беларуская мова выканання. А рэпертуар пажадана, каб меў дачыненне да хрысціянскай тэматыкі, прымаюцца таксама песні пра Радзіму, каханне, агульначалавечыя каштоўнасці.



Фестываль праводзіцца ўжо пяты раз, пачынаючы з 2010 году. Сёлета яго арганізуюць царква “Узнясенне” і грамадская арганізацыя шматдзетных сем’яў і сем’яў з прыёмнымі дзецьмі “Надзея дзецям”. 27 верасня у Мінску адбывалася ўласна фінальная частка фестывалю.

“У гэтым годзе каля 250 заявак мы атрымалі. У фінал адабралі каля 20 калектываў і асобных выканаўцаў. Падрыхтаваныя прызы і падарункі. Ёсць таксама прыз глядацкіх сімпатый. Мэта фестывалю — даць магчымасць дзецям з глыбінкі выступіць побач з вядомымі калектывамі, такімі як “Тэзаўрус”, Alni Band. Для дзяцей гэта сапраўднае свята”, — адзначае адзін з арганізатараў, шматдзетны бацька Леанід Скарабагаты.

Вельмі запамінальныя выступы былі ў гуртоў “Tesaurus”, “Каўчэг”, “Alni Band”, “Радуніца”, “Зоркі забылі ззяць”, “Новая зямля”, “Сямейны ачаг”, “Сям’я Прыстаўкі”.

Цудоўныя песні выканалі Вольга Мазго, Глорыя Заляціла, Давід Дыман, Рыната Тамашэўская, Вера Скарабагатава, Сяргей Мельянец. Алег Кулікоўскі выканаў кампазіцыю на саксафоне. Соф’я Гормаш і Аліна Трудава сыгралі на фартэпіяна. Па-за конкурсам некалькі пранікнёных песень выканаў сябра журы Андрэй Плясанаў.

Усе прысутныя падчас выступаў мелі магчымасць прагаласаваць за лепшага выканаўцу, што потым улічвалася пры абранні пераможцаў.

Як паведаміў адзін з арганізатараў фестывалю сябра Рады царквы “Узнясенне” Мікалай Кійка, фэст з чыста мінскай з’явы вырас да ўзроўню нацыянальнай імпрэзы. Сёлета ёсць удзельнікі з Мінскай вобласці, з Віцебска, з Гомельскай вобласці, з Магілёўшчыны.

“Наша царква імкнецца пашыраць беларускомоўнае служэнне ў асяродку хрысціян-баптыстаў. Фестываль “Каласы пад сярпом тваім” быў задуманы менавіта для таго, каб гуртаваць беларускамоўных вернікаў і працаваць з беларускамоўнымі людзьмі ўвогуле, прыцягваць іх да сябе. У вытоках фэсту стаіць вядомы паэт Артур Вольскі. Што тычыцца назвы, “Каласы пад сярпом тваім” — гэта ад Караткевіча. Мы вельмі шануем Уладзіміра Караткевіча. Ён нам вельмі блізкі. Вядома, што эпіграфамі да першай і другой частцы рамана былі цытаты з Евангеля… Яшчэ гэта аналогія на хрысціянскае свята “Жніво”, пэўны жыццёвы этап, калі чалавек падводзіць вынікі сваёй працы, збірае яе плады”, — адзначае Мікалай Кійка.

“Мы сталі ўдзельнікамі спантанна. У нас музычна сям’я. Усе шасцёра дзяцей атрымліваюць музычную адукацыю, ды я таксама тры гады вучыўся на віяланчэль. Жонка добра спявае. Вырашылі стварыць свой сямейны музычны калектыў. Нас запрасілі ў 2010 годзе паўдзельнічаць у фэсце. Тады здарылася цікавая гісторыя: за паўгадзіны да выступу мы даведаліся, што трэба спяваць па-беларуску, а ў нас была рускамоўная песня. І што вы думаеце? Я жонцы кажу: “Давай перакладзем хуценька!” Мы на хаду пераклалі і выканалі песню на беларускай, роднай мове! Мы заўсёды гатовыя выступаць, праслаўляць наш родны край, услаўляць Бога”, — распавёў удзельнік сямейнага музычнага калектыву з Бабруйска “Сямейны ачаг” Павел Гормаш.

“Мне было вельмі цікава і карысна для майго развіцця. Я займалася вакалам з пятага класу спачатку ў музычнай школе, потым у цэнтры дзіцячай творчасці. Зараз развіваю голас, удзельнічаю у конкурсах”, — адзначыла фаварытка конкурсу, дзяўчына з Лепеля Вольга Мазго.

“Любім беларускую мову, любім Беларусь, любім Хрыста, яго царкву. Таму мы ўдзельнічаем у фестывалі. Беларусь павінна размаўляць па-беларуску, любіць сваю мову, Радзіму, працаваць дзеля яе. Такія фэсты вельмі патрэбныя. Дзеці навучаюцца беларускай культуры, вучацца прыгожа спяваць, творча развіваюцца”, — патлумачыў свой сталы ўдзел у фэсце сябра гурту “Каўчэг” Аляксандр Ферысюк.

Сёлета ў межах музычнага фэсту праходзіла таксама выстава дзіцячай творчасці, таксама яе фінальная частка, для якой былі адабраныя лепшыя творы.

“Сутнасць у тым, што экспазіцыя пераважна складзена з твораў, намаляваных дзецьмі з шматдзетных сем’яў, а таксама прыёмнымі дзецьмі. Мы выставілі гэтыя малюнкі, каб людзі маглі пабачыць іх і падтрымаць гэтых дзяцей эмацыйна, дапамагчы ім самавыразіцца, каб у іх быў стымул развівацца”, — распавяла адказная за арганізацыю мастацкай выставы Вольга Казначэй.

“Уражанні ад малюнкаў вельмі добрыя. Я б сказаў ёсць нават прафесійнага ўзроўню працы. Некаторыя дзеці, якія прадставілі свае працы на выставу, маюць абмежаваныя фізічныя магчымасці, і ўзровень іх працаў асабліва ўражвае ў сувязі з гэтым. Удзел у выставе дазваляе дзецям адчуць любоў і прызнанне. Вельмі добра, што ёсць такі фэст і што ў яго арганізацыі дапамагае царква. Гэта самае лепшае, што можа быць на свеце”, — дадаў Андрэй Плясанаў.

Каментаваць