У Мінску адкрылася фотавыстава Марыны Бацюковай “Вяртанне”

Вечарам 26 студзеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (былым Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва) адкрылася фотавыстава-ўспамін Марыны Бацюковай “Вяртанне”.



Фотамастачка нарадзілася ў Мінску. Пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэту інфарматыкі і радыётэхнікі была прынятая ў Беларускі саюз мастакоў. Вучылася ў творчых майстэрнях Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па класу фатаграфіі, стажыравалася ў Маскоўскай школе фатаграфіі і мультымедыя імя Аляксандра Родчанкі. З 2007 году — сябра творчага аб’яднання “Фотамастацтва”.

Марына Бацюкова спецыялізуецца ў галіне дакументальнай і канцэптуальнай фатаграфіі ў такіх тэмах, як паўсядзённасць, псіхалагічны стан асобы і яе ўзаемаадносіны з навакольным асяроддзем, а таксама паводзіны чалавека ў грамадстве. Аўтар 10 персанальных выстаў у Арменіі, Беларусі і Славакіі. Працы Марыны Бацюковай захоўваюцца ў зборах шэрагу музеяў Беларусі і Эстоніі, а таксама ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і Эстонскай мастацкай акадэміі.

Марына Бацюкова

Як зазначае мастацтвазнаўца Вольга Рыбчынская, камерны, медытатыўны, інтымны фотапраект Марыны Бацюковай “Вяртанне” апелюе да глыбока патаемнага і заўжды жывучага ва ўсіх людзей — да ўспамінаў пра дзяцінства.

Фатаграфічная выява становіцца асноўным элементам ствараемага памятнага вобразу, а дакладней, збору вобразаў-успамінаў, спакаваных у старую стужку. Пры гэткім падыходзе выключаюцца хоць нейкая апрацоўка і любыя маніпуляцыі з зыходнай выявай, усё знята на стужку. І тады дзіўныя эфекты старой стужкі, дэфекты тэхнічнага працэсу становяцца тым самым унікальным спосабам візуалізацыі ўспамінаў, пераводу ў канкрэтныя выявы перажытага, уводзіны яго ў кантэкст універсальных міжчасавых катэгорый. Так ствараецца памятны і зразумелы вобраз. У дадзеным выпадку фатаграфія з’яўляецца медыюмам, матэрыяльным носьбітам няўлоўнага і неартыкулюемага. Адбываецца змяшчэнне далікатнай матэрыі памяці ў рэальныя аб’екты і выявы.

Марына Бацюкова будуе выставачную прастору, складваючы новую аўтарскую фатаграфічную серыю, сямейны архіў і старыя прадметы, якія набываюць новае жыццё і цэласнае выказванне. Прычым прынцып пабудовы экспазіцыі звязаны з ідэяй пагружэння. Аўтар правакуе стан, у якім адбываецца ўкараненне чалавека ў нейкі час, што згубіў свае межы. Фотамастачка ўзнаўляе не столькі саму падзею, колькі яе абалонку, уключаючы наведніка ў поле для ўзаемадзеяння — экспазіцыю з горадам як цэнтрам апавядання.

На выставе дэманструецца заснежаны, радасны, шчаслівы горад дзяцінства Марыны Бацюковай: “Замёрзлая Свіслач, дзе каталіся на каньках, старыя панадворкі, царква, у якую хадзіла мая маці, пазней там узяла шлюб я…”.  Мінск, якога даўно няма, аднак які назаўжды застаўся чароўным успамінам, куды жадаецца зноўку і зноўку вяртацца.

Марыну Бацюкову віталі дырэктарка музею Наталля Шаранговіч, намеснік старшыні Беларускага саюзу мастакоў, скульптар Алесь Дранец, а таксама калегі і сябры фотамастачкі.

Выстава працуе да 13 лютага.

На здымках фрагменты выставы Марыны Бацюковай.

Каментаваць