У Мінску адкрылася III беларуская біенале “Тэстамент”

5 снежня ў мінскім Палацы мастацтва адкрылася III беларускае біенале жывапісу, графікі і скульптуры “Тэстамент, прысвечаная памяці выбітнага айчыннага мастака, былога намесніка старшыні Беларускага саюза мастакоў (БСМ) па выставачнай дзейнасці Сяржука Цімохава (08.09.1960, вёска Кротаў Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці ― 09.10.2012).
 



Як адзначыў нядаўна абраны новы намеснік старшыні БСМ па выставачнай дзейнасці Леанід Хобатаў, мэта выставы ў тым, каб прарваць замкнёнае кола мастацкага асяродку і выйсці насустрач беларускаму гледачу.


Паводле ягоных слоў, праект, каторы павінен прадоўжыць пачынанне Сяржука Цімохава, ўяўляе сабою смелую эксперыментальную форму адкрытай мастацкай лабараторыі, у межах каторай цягам першага тыдня прастора ўсіх залаў палаца ператворыцца ў адну вялікую майстэрню, дзе мастакі ў рэжыме “тут і цяпер будуць ствараць свае арт-аб’екты для экспазіцыі непасрэдна на вачах гледачоў. “І тое, што звычайна ўтоена ад вачэй звычайных абывацеляў, не звязаных с мастацтвам, стане галоўным візуальным атракцыёнам, у каторым адбудзецца амаль незвычайная для беларускага гледача непасрэдная размова з мастаком. Такая форма арганізацыі выставачнага праекта дазволіць мастакам папрацаваць з рэальнай прасторай і яе маштабамі, а таксама будзе садзейнічаць выбудове новых прынцыпаў зносінаў з калегамі і айчыннай публікай, ― сказаў Хобатаў.



Ён назваў біенале не шараговым выставачным праектам, а творчай акцыяй нацыянальнага маштабу, якая мае на ўвазе далейшы выхад беларускіх мастакоў на еўрапейскую і сусветную мастацкую арэну, каб прадставіць Беларусь на міжнародных выставах, конкурсах, пленэрах і ў іншых творчых праектах. “А гэта дарагога каштуе. Вось чаму мастакі вельмі сур’ёзна адносяцца да біенале, дзе змогуць не толькі канцэптуальна выказацца, але ж і прэтэндаваць на новае слова ў мастацтве, ― падкрэсліў намеснік старшыні БСМ.  



Для прыцягнення інтарэсу гледачоў і дзеля агульнай адукацыі публікі ў азах мастацтвазнаўства пад час першага тыдню біенале (з 5 па 12 снежня) культурніцкі партал kyky.org запланаваў паралельную праграму, у якую ўвайшлі лекцыі экспертаў, майстар-класы для дарослых і дзяцей па сучаснай харэаграфіі, маляванню і архітэктуры, выступы музыкаў розных стыляў і ды-джэяў, экскурсіі па выставе з удзелам мастацтвазнаўцаў, якія дапамогуць зразумець дэманстраваныя творы.

Леанід Хобатаў



Па выніках першага працоўнага тыдня будзе сфарміравана асноўная экспазіцыя біенале, каторая ўрачыста адкрыецца 12 снежня а 17.00.

Прафесійнае журы вызначыць пераможцаў біенале ў трох намінацыях – жывапіс, графіка і скульптура. Але на вынікі конкурсу будзе ўплываць і галасаванне гледачоў, для чаго неабходна запоўніць анкету наведвальніка з указаннем імя і прозвішча аўтараў трох твораў у кожнай намінацыі, якія найбольш спадабаліся.   

Біенале працуе да 23 снежня.

Каментаваць