Адкрылася мастацкая выстава да 95-годдзя абвяшчэння БНР

Вечарам 22 сакавіка ў мінскай сядзібе Партыі БНФ адкрылася выстава да 95-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У экспазіцыі — каля 30 твораў жывапісу, графікі, скульптуры і дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, створаныя мастакамі суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў.



Мікола Купава


Сярод аўтараў — Генадзь Драздоў, Уладзімір Крукоўскі, Мікола Рыжы, Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Уладзімір Вішнеўскі, Юрась Несцярук, Алесь Шатэрнік і Ніна Пілюзіна. Яны прадставілі партрэты выбітных дзеячаў нацыянальнай гісторыі і культуры, выявы памятных мясцінаў і плакаты.

Дэманструецца мемарыяльная дошка для дома № 9 па вуліцы імя Валадарскага (былая Серпухоўская). Менавіта на трэцім паверсе гэтага дому 25 сакавіка 1918 года ў восем гадзінаў раніцы былі прынятая Трэцяя ўстаўная грамата, у якой абвяшчалася незалежнасць БНР. Гэты памятны знак скульптар Алесь Шатэрнік зрабіў яшчэ 20 гадоў таму, але гарадскія ўлады адмаўляюцца ўсталяваць дошку на фасадзе дому па Валадарскага, 9. Ніна Пілюзіна экспануе свой габелен з нацыянальнай сімволікай — бел-чырвона-белым сцягам і гербам “Пагоня”. Гэты габелен да 1995 года ўпрыгожваў будынак сельсавету, дзе жыла мастачка. Аляксей Марачкін прадставіў партрэты генерала Станіслава Булак-Булаховіча і міністра БНР Палуты Бадуновай з Гомеля.

Як адзначыў куратар выставы, мастак і грамадскі дзеяч Міколы Купава, адкрыццё экспазіцыі прымеркавана да сумнай для кожнага беларуса даты — 22 сакавіка 1864 года ў Вільні на Лукішках быў пакараны смерцю сапраўдны нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі. “Веліч гэтай асобы, якая аддала жыццё за Бацькаўшчыну, будзе толькі ўзрастаць у гісторыі Беларусі”, — падкрэсліў мастак.

Ён пазнаёміў з сваім графічным партрэтам Каліноўскага, на якім ён ўвасоблены, як рэдактар знакамітай “Мужыкай праўды”. Менавіта з яе старонкі кіраўнік нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863 года супраць расійскага самаўладдзя звяртаўся да народа пад псеўданімам “Яська-гаспадар з-пад Вільні”.

Купава нагадаў, што “Пагоня” абвясціла бягучы год Годам Каліноўскага, а роўна праз год запланавана вандроўка па памятных мясцінах Вільні, дзе бываў, жыў і змагаўся кіраўнік паўстання, дзе прайшлі апошнія хвіліны яго жыцця і дзе ён пахаваны.

Затым паэт Генадзь Тумаш прачытаў свой выдатны верш-прысвячэнне Кастусю Каліноўскаму “Яська-гаспадар з-пад Вільні”, каторы шмат гадоў не друкаваўся і пабачыў свет толькі ў трэцім нумары часопісу “Дзеяслоў” за 2010 год.

Мікола Купава паведаміў, што ў бягучым годзе “Пагоня” правяла ў гарадах Беларусі чатыры выставы, прысвечаныя Кастусю Каліноўскаму, а на 29 сакавіка ў Мінску, у Канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі, запланаваны канцэрт, прысвечаны 150-годдзю паўстання, з выкананнем твораў ягоных удзельнікаў. Прычым, да гэтага канцэрту ў зале Рыгора Шырмы будзе разгорнутая адмысловая выстава суполкі “Пагоня”, сказаў Купава.

Ён нагадаў, што дзякуючы даследчай працы навукоўцаў адкрываюцца новыя імёны ўдзельнікаў паўстання. “Сярод іх — імя Мікалая Караткевіча — верагодней за ўсе продка класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Стала вядома, што ў паўстанні бралі ўдзел продкі мастака Казіміра Малевіча, кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча і Надзеі Крупскай”, — адзначыў Мікола Купава.

Фота аўтара

Каментаваць