У Мінску адкрылася выстава акварэлі Івана Петручыка (фота)

Вечарам 25 студзеня ў Мінскай гарадской бібліятэцы №7 імя Якуба Коласа адкрылася першая персанальная выстава маладога беларускага мастака Івана Петручыка “Акварэллю пра ўбачанае”.



Арганізатарамі выставы выступілі Мінская гарадская арганізацыя Беларускага таварыства інвалідаў і сталічны клуб-студыя жывапісу “Палітра радасці”.

Іван Петручык нарадзіўся ў 1991 годзе на Украіне. Школьнікам пачаў займацца спортам, у 16 гадоў стаў майстрам спорту па лыжах. Чатырохразовы чэмпіён Беларусі ў гэтым паралімпійскім відзе спорту. Удзельнік міжнародных спаборніцтваў. З 16 гадоў піша абразы. У 2014 годзе закончыў Белдзяржуніверсітэт па спецыяльнасці “дызайн” і пачаў працаваць у жанры акварэлі. Выкладае ў нядзельнай школе. З мінулага году — сябра Беларускага саюзу дызайнераў.

Мастака вітае старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Людміла Калмыкова

Як адзначае мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн, рэалістычныя акварэлі Івана Петручыка — своеасаблівы погляд на свет: калі пільны, які выхоплівае дэталь, твары, кветку, калі нібыта з птушынага палёту лунаючы над лесам, сенажацямі, рэчкамі, калі застылы ад захаплення погляд на храм, старадаўнюю архітэктуру, гарадскую вулачку, вясковую цэркаўку. Усе набывае святло ў аўтарскім бачанні, пачуцці і перажыванні пры гэтым захоўваюць дакладнасць. У акварэлях мастака — ягоная душа, пачуцці, шчырасць, што перакладзеныя на мову колеру, святла і паветра. У ягоным святло-паветраным асяродку камфортна гледачу.

Паводле словаў кіраўніцы клубу-студыі “Палітра  радасці” Ганны Гадзіравай, акварэлі Івана Петручыка вылучаюцца прыгажосцю, далікатнасцю, душэўнасцю і велічнасцю. І вельмі прыемна, што працы мастака былі адзначаны на даволі высокім узроўні. Так, у бягучым годзе Іван Петручык прадстаўляў Беларусь ў Расіі, у маскоўскім “Цэнтральным доме мастака” Міжнароднай канфедэрацыі саюзаў мастакоў у праекце “Мір без межаў”, дзе быў адзначаны двума медалямі: залатым — журы і бронзавым — гледачоў.   

Мастака павіталі ягоныя калегі і сябры. У сваю чаргу Іван Петручык выказаў шчырую ўдзячнасць сваім бацькам і ўсім тым, хто дапамагае яму рэалізавацца ў жыцці. 

Каментаваць