У Мінску адкрылася выстава «Gvalt»

У галерэі Беларускага саюза дызайнераў 6 сакавіка адкрылася мастацкя выстава «Gvalt» («Гвалт»), якая з’яўляецца часткай супольнага праекту беларускіх мастакоў з  гуртом «Гаротніца».



Пра што спявае гурт “Гаротніца?” Адзін з музыкаў Андрусь Такінданг адказаў на гэтае пытанне так: 

— «Гаротніца» распавядае пра жаночу долю. Песні гурта — гэта маналогі жанчыны пра свой нялёгкі лёс, але пад вясёлую музыку.

На жаль, асабліва патанчыць пад вясёлую музыку на прэзентацыі не атрымалася. У «Гаротніцы» гэта была першая спроба акустычнага выканання. А на выступ змаглі прыйсці толькі некаторыя музыканты. Усяго ў гурце налічваецца восем чалавек, сярод якіх толькі адна дзяўчына — салістка Валерыя Валадзько.

Па словах спявачкі, ідэя супрацоўнічаць з дызайнерамі прыйшла спантанна. Калі музыкі ўжо скончылі запіс альбома і пачалі працаваць над вокладкай да Валерыі прыйшла думка звярнуцца да знаёмых мастакоў з незвычайнай прапановай аб супрацоўніцтве. І ўсе да аднога з творцаў пагадзіліся на такі эксперамент. Міця Післяк, Аксана Лакоза, Мілаш Яўгенавіч адмыслова пісалі карціны пад песні. У астатніх мастакоў нешта было ўжо намалявана, што магло бы падыйсці да пэўнай кампазіцыі.

Прэзентацыя альбома "Гвалт” адбылася яшчэ 24 студзеня 2015 года. Там жа былі прадстаўлены карціны-спадарожнікі да альбома. Але, натуральна, на канцэрце на іх не рабілі акцэнту.

Намесніца старшыні саюза беларускіх дызайнераў Наталля Паторская падзялілася:

— Пасля прэзентацыі мы вырашылі ў нашай галерэі прадставіць мастацкую частку праекту. Калі чалавек слухае музыку, ён не заўжды, можа быць, услухваецца ў словы. А візуальны шэраг крышку дапамагае і падтрымлівае. Выстава не з’яўляецца проста афарбоўчай часткай праекту. Разам з тым нельга ўспрымаць працы асобна ад музыкі. З аднога боку, кожная праца — самастойная. Але ўспрыняцце карціны будзе няпоўным, калі не ведаць яе бэкграўнд — у дадзеным выпадку адпаведную музычную кампазіцыю. Нельга сказаць, што экспазіцыя вытрымана ў адным стылі. Розны ўзрост мастакоў, рознае бачанне свету, розная тэхніка выканання — але карціны аб’ядноўвае адна мэта.

Наталья Паторская раіць наведвальнікам усё ж такі паслухаць альбом гурта перад візітам на выставу.

— У асноўным, карціны падыходзяць пад настрой песняў. Але часам глядзіш на карціну і задаешся пытаннем "а чаму так?”. І пачынаеш капацца ў галаве, яшчэ раз слухаць тэкст і музыку. І складаецца ўжо зусім іншае ўспрыманне. Калі глядзець карціны без праслухоўвання песні, то суджэнне пра яе будзе няпоўным, бо гэта ўсё ж супольная праца.          

                    

Каментаваць