У Мінску адкрылася выстава войлачных вырабаў

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва 18 снежня адкрылася выстава “Соль зямлі”. Мастачкі Настасся Арайс і Веранiка Фамiна паказалі гледачам сваё бачанне беларускіх каштоўнасцей, якія былі зроблены з валянай воўны.



Беларускія валуны


“Соль зямлі” — гэта тое самае каштоўнае, што ёсць у Беларусі: валуны, каменны крыж, урослы ў зямлю… Але вартасць выставы пачынаецца ўжо са спосабу стварэння яе аб’ектаў — традыцыйнага валяння, якое само па сабе з’яўляецца “соллю” Беларусі.

Асноўны колер выставы — гэта розныя адценні шэрага, ці “колер нашых беларускіх авечак”. Толькі яскравыя кветкі вылучаюцца сярод змрочных колераў выставы. Але колер, адзін з кампанентаў, які надае глыбіню і сакральнасць экспазіцыі. Па-асобку аб’екты, прадстаўленыя на выставе, разглядаць нельга. Усе яны выбудоўваюцца ў ланцужок, ствараючы ў гледача сваё бачанне і разуменне беларускіх таямніц.

Працэс вырабу валяных рэчаў досыць складаны і доўгі. Майстрыцы набываюць састрыжаную з авечак воўну, апрацоўваюць, вычэсваюць, а потым ужо непасрэдна з яе валяюць рэчы, якія былі задуманыя.

Валяныя формы заварожваюць сваімі памерамі. “Тое, што вы бачыце на гэтай выставе, — падзяліліся Настасся Арайс, — гэта прынамсі той максімум, якога можна дасягнуць у войлачнай справе. Лямец мае здольнасць асядаць прыкладна ў два разы. Калі вы планавалі выраб даўжынёй у два метры, то на выхадзе ў вас атрымаецца толькі метр. Таму аб’екты, якія прадстаўлены ў нашай выставе, можна назваць магутнымі валянымі рэчамі”.

Веранiка Фамiна і Настасся Арайс

Дуэт Настассі і Веранікі ўтварыўся некалькі год таму. Жанчыны пазнаёміліся на майстар-класе вядомай шведскай майстрыцы Гунілы Пэтаў Шоберг. Тады ў мастачак узнікла ідэя стварыць “войлачны дуэт”. Спачатку яны ладзілі выставы лялек, якія рабіліся тэхнікай валяння, потым вырашылі перайсці да больш глыбокіх формаў. “Тое, што вы бачыце зараз на выставе — гэта пачатак. На працягу яе стварэння, у нас з’явіліся новыя ідэі, якія стануць працягам солі нашай зямлі”.

Усе зацікаўлены могуць наведаць выставу да 17 студзеня 2015 года.

фота Андрэй Салата

Абмеркаванне:

  • фцф
  • 2014-12-20 11:19:52
Напэўна ўсё ж і дуэт, і вырабы будуць лямцавыя, а не "войлачныя". Як бы "нязручна" не было гэта для расейскамоўнага вуха.

Каментаваць