У Мінску адзначылі 75-годдзе Аляксея Марачкіна

Вечарам 30 сакавіка ў Мінску адзначылі 75-годдзе выбітнага дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння Алеся Мары (Аляксея Марачкіна).



Павіншаваць знакамітага творцу і грамадскага дзеяча, стваральніка суполкі “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў прыйшлі прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку грамадскія дзеячы, выдаўцы, кінематаграфісты, літаратары, мастакі, музыкі і навукоўцы.

Юбіляр узгадаў некаторыя старонкі свайго яскравага жыцця і тых людзей, што  паўплывалі на яго, у тым ліку мастакоў Язэпа Драздовіча і Яўгена Куліка, а таксама навукоўцу Арсеня Ліса, прадставіў шэраг сваіх знятых з выставаў і канфіскаваных твораў, падзяліўся думкамі пра сённяшні дзень і будучыню Беларусі. 

Як зазначыў паэт Анатоль Вярцінскі, галоўная гераіня твораў Алеся Мары — Беларусь, якая адлюстраваная ў вобразах бацькоў мастака, сучаснікаў і гістарычных дзеячаў, у выявах родных мясцінаў, шэдэўраў дойлідства і іншых нацыянальных каштоўнасцяў, у жывапісу, графіцы і паэзіі. 

Паэт Уладзімір Някляеў сказаў, што ва ўсіх творах Алеся Мары, каля якіх часцяком проста заміраеш, прысутнічае ягоная асоба, шчодра адораная Богам. 

Паводле словаў доктара філалагічных навук Арсеня Ліса, Аляксей Марачкін разам з Яўгенам Куліком, Віктарам Маркаўцом і Міколам Купавай належыць да той кагорты слынных беларускіх мастакоў, якія ў 1970-ы гады зрабілі пералом у беларускім выяўленчым мастацтве. Арганізаваныя імі выставы, прысвечаныя Цётцы, Міколе Гусоўскаму і Язэпу Драздовічу, забяспечвалі Аляксею Марачкіну і яго сябрам ініцыятыву і перспектыву ў мастацкім жыцці краіны, сказаў навукоўца. Паводле ягоных словаў, менавіта гэтыя мастакі, якія мацуюць дух народа, вярталі ў беларускае выяўленчае мастацтва нацыянальную сімволіку і выбітных гістарычных постацяў Бацькаўшчыны. Апроч таго, Аляксей Марачкін творча асэнсоўвае падзеі найноўшай гісторыі Беларусі, у тым ліку трагедыі Курапатаў, Чарнобылю і 19 снежня 2010 года, зазначыў Арсень Ліс.      

Грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка звярнуў увагу на тое, што з творчасці Аляксея Марачкіна, якая вылучаецца жанравай шматстайнасцю, зменлівасцю і небанальнасцю, паўстае не штучная, а сапраўдная Беларусь. “Менавіта свет гэтай Бацькаўшчыны адкрыў нашаму пакаленню гэты нязломны і прынцыповы чалавек, якога немажліва ўявіць прымаючым прэмію нейкай там саюзнай дзяржавы”, — падкрэсліў Вінцук Вячорка.

Сваім пранікнёным выкананнем песень беларускага нацыянальнага адраджэння вечарыну ўпрыгожыла салістка Белдзяржфілармоніі Таццяна Матафонава.

Каментаваць