У Мінску прайшла вечарына “Якуб Якубоўскі ў беларуска-татарскім культурным адраджэнні”

Вечарам 28 кастрычніка ў Мінску, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася вечарына “Якуб Якубоўскі ў беларуска-татарскім культурным адраджэнні”.



На прымеркаванай да вечарыны кніжнай выставе “Здабыткі Якуба Якубоўскага” былі прадстаўленыя творы даследчыка, кнігі з ягонага збору, а таксама энцыклапедычныя выданні, падрыхтаваныя з удзелам навукоўцы.

Выставу аздобіў твор вядомага беларускага жывапісца Алеся Цыркунова “Якуб Якубоўскі ў месяцовым святле”.

Пад час вечарыны адбылася прэзентацыя кнігі “Мы з Іманам жывём на зямлі Беларусі: беларускі татарын Якуб Якубоўскі”. Загалоўкам кнігі абраны першы радок гімну беларускіх татараў, словы якога належаць аднаму з лідараў беларуска-татарскага культурнага адраджэння 1990-х гадоў, прадстаўніку старадаўняга шляхоцкага татарскага роду, географу, гісторыку, філолагу і энцыклапедысту, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі Якубу Якубоўскаму (4.4.1932, горад Відзы Браслаўскага павета Віленскага ваяводства, цяпер гарпасёлак на Браслаўшчыне – 14.9.1998). У 140-старонкавае ілюстраванае навукова-папулярнае выданне, што нядаўна выйшла ў сталічным выдавецтве “Тэхналогія” накладам у 300 паасобнікаў,  укладальнікі краязнаўца Іван Драўніцкі і кандыдат геолага-мінералагічных навук Таццяна Якубоўская ўключылі ўспаміны пра Якуба Якубоўскага, нарысы пра ягоныя родныя мясціны і сям’ю, асабістыя артыкулы, нататкі і інтэрв’ю адраджэнца.

Тэксты і здымкі адлюстроўваюць дзейнасць Якуба Якубоўскага ў рэдакцыі “Беларускай энцыклапедыі” з 1967 па 1992 гады, а таксама грамадскі чын на ніве нацыянальнага адраджэння беларускіх татараў. У афармленні вокладкі выдання выкарыстаная частка трыпціху Алеся Цыркунова “Адвечнае святло Беларусі”, прысвечанага беларускім татарам.

Сярод здабыткаў Якуба Якубоўскага – стварэнне і рэдагаванне першага беларускамоўнага часопіса  татараў-мусульман “Байрам” – органа Беларускага згуртавання татараў-мусульман “Аль Кітаб”, падрыхтоўка рукапісу энцыклапедычнага даведніка “Татары Беларусі, Літвы і Польшчы”, даследаванні гісторыі старажытных татарскіх шляхоцкіх родаў на Беларусі. стварэнне архіву пра знакамітых беларускіх дзеячаў татарскага паходжання, удзел у выданні “12-томнай “Беларускай Савецкай Энцыклапедыі”.

Менавіта Якуб Якубоўскі ў адказ на паблажлівую заўвагу “Ну колькі вас, татараў, -- нейкая жменька” з гонарам і годнасцю адказаў “Нас з беларусамі дзесяць мільёнаў!”. У гэтых словах – 600-гадовая повязь двух народаў на землях Бацькаўшчыны, узаемаабагачэнне іх культур і супольная гісторыя.    

Імя Якуба Якубоўскага занесена ў Кнігу гонару Мінскага гарадскога культурна-асветніцкага клубу “Спадчына” “Рупліўцы твае, Беларусь”.

Муфцій Ісмаіл Александровіч адзначыў дабрыню і сціпласць Якуба Якубоўскага, які мала гаварыў, аднак вельмі шмат зрабіў для беларуска-татарскага культурнага адраджэння.

Доктар гістарычных навук Леанід Лыч параўнаў лідараў беларускіх татараў 1990-х гадоў Якуба Якубоўскага і Ібрагіма Канапацкага з волатамі беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку XX стагоддзя Янкай Купалам і Якубам Коласам. На думку навукоўцы, гэтыя выдатныя людзі ўздымалі такія праблемы, вырашэнне якіх дазваляла татарам і беларусам адчуць сябе гаспадарамі на роднай зямлі.

Акадэмік Радзім Гарэцкі назваў Якуба Якубоўскага выбітнай асобай татарскага і беларускага адраджэнняў – чалавекам багатай культуры, глыбокіх ведаў і надзвычай добразычлівым у адносінах да іншых. Менавіта дзякуючы ягонай ініцыятыве і вялікім высілкам была падрыхтаваная ўнікальная для свайго часу “Энцыклапедыя прыроды Беларусі”, заўважыў Радзім Гарэцкі.

Паэт і выдавец Яўген Гучок адзначыў, што ў ягонай памяці Якуб Якубоўскі назаўжды застаўся асобай тонкай, інтэлігентнай і паэтычнай – у паўсядзённым жыцці, навуковых і выдавецкіх справах.  

Каментаваць