У Мінску пройдзе акустычны фестываль беларускай музыкі «Травень» (абноўлена)

Гурты Re1ikt, «Людзі на балоце», HandMade, праект Naka piano і спявачкі Тацяна Беланогая і Кася Камоцкая стануць гасцямі першага акустычнага фестывалю «Травень».



Фестываль павінен быў адбыцца 18 траўня на пляцоўцы мінскага клубу «Мулен Руж». Але за некалькі дзён да пачатку фэстывалю «Травень» арганізатары прынялі рашэнне аб пераносе імпрэзы на іншую пляцоўку.

Звязана гэта з тым, што папярэдні попыт на квіткі аказаўся ня вельмі высокім. «Мы стаялі перад дылемаю — ці наогул адмяняць мерапрыемства, ці ўсё ж зладзіць сьвята не зважаючы ні на што. І абралі другі варыянт. Вырашылі правесьці канцэрт у „Графіці“, камэрнай абстаноўцы», — вядзецца ў афіцыйным паведамленьні арганізатараў «Траўня».

У фестывалі возьмуць удзел самыя цікавыя беларускія каманды і выканаўцы, якія працуюць у плыні акустычнай музыкі. Заяўлены выступ шасці выканаўцаў. І кожны з іх рыхтуе свой адметны сэт. Найлепшы беларускі гурт-2013 па версіі парталу Tuzin.fm Re1ikt прадэманструе сваё новае гучанне з духавымі інструментамі, Naka piano сыграе пад акампанімент піаніна новыя беларускія творы, поўным складам пакажа сваю абноўленую праграму гурт Handmade, Тацяна Беланогая прадставіць нізку песень на словы Яўгеніі Янішчыц, а «Людзі на балоце» на вершы Дануты Бічэль; свае найлепшыя песні за 25 год, а таксама некалькі новых зайграе першая беларуская рок-князёўна Кася Камоцкая.

Мерапрыемства ладзяць інтэрнэт-партал Tuzin.fm, грамадска-культурная кампанія «Будзьма беларусамі!» і творчая каманда паб-клубу «Графіці». «Мы збіраем на адной сцэне разам улюбёных музыкаў-сонграйтэраў, найлепшых прадстаўнікоў бард-року, гурты, якія з дапамогай толькі акустычных інструментаў дасягаюць неверагоднага гучання і надаюць вялікую ўвагу Слову», - кажуць арганізатары фестывалю.

«Травень» мае стаць традыцыйным і праходзіць двойчы на год. Ідэя фестывалю акустычнай музыкі ўжо выклікала вялікі водгук у беларускіх музыкаў, таму вырашана абвесціць адбор на другі фэст, які пройдзе ўжо гэтай восенню.

Каментаваць