У Мінску развіталіся з мастаком Гаўрылам Вашчанкам

Цырымонія развітання з народным мастаком Беларусі Гаўрылам Вашчанкам прайшла 15 лютага ў Палацы мастацтваў у Мінску. Праводзіць у апошні шлях народнага мастака Беларусі сабраліся сотні людзей – родныя, калегі, сябры і вучні.



Адзін з вучняў мастака, старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца выказаў шчырае спачуванне ўсім, хто ведаў Гаўрылу Вашчанку. “Я вельмі любіў гэтага чалавека і для мяне было вялікай радасцю сустрэцца з ім у двары дома па вуліцы Сурганава і паразмаўляць. І колькі б ні доўжылася гэтая размова – дзве хвіліны ці дваццаць – гэта былі вялікія хвіліны. Мы развітваемся з геніальным чалавекам, але не развітваемся з геніальным мастаком. Вялікую мы маем ласку ад Госпада Бога, што адыходзячы з гэтага свету, мы пакідаем тое, што зроблена”, -- сказаў старшыня БСМ.
 
 
 
 
Ён назваў мастака “абліччам нашай Бацькаўшчыны”. “І хто хоча хразумець душу беларуса, ягоную энергетыку і мелодыю, павінен глядзець творы Гаўрылы Харытонавіча Вашчанкі. І сколькі будзе Беларусь, столькі будзе і Вашчанка. Сёння ён становіцца ў адзіны шэраг з Купалам, Коласам, Быкавым, Багдановічам і Караткевічам”, -- падкрэсліў Рыгор Сітніца.
 
 
Ён адзначыў, што кіраўніцтва БСМ будзе звяртацца да ўладаў, каб Карцінная галерэя твораў Гаўрылы Вашчанкі ў Гомелі стала музеем народнага мастака і займела статус агульнанацыянальнай установы культуры, а таксама да кіраўніцтва Беларусі і сталіцы, каб у Мінску была ўшанавана памяць гэтай найвялікшага сына Айчыны і беларускай нацыі.
 
 
 
 
 
Старшыня БСМ назваў Гаўрылу Вашчанка “хлапчуком з беларускай вёскі, які вучыўся ў блізкай нам Украіне, працаваў у блізкай нам Малдове, а потым вярнуўся на Бацькаўшчыну, дзе зрабіў столькі, колькі, дай Божа, зрабіць кожнаму з нас”.

Каментаваць