У Новы год з шэдэўрамі беларускага жывапісу

28 снежня 2012 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя календароў на 2013 год, выдадзеных кампаніяй Белдзяржстрах — «Шэдэўры беларускіх мастакоў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь».



Аддрукаваныя тыпаграфіяй «Плутас-Інфа», яны з’явіліся ў 3 відах — вялікі рэпрэзентатыўны каляндар фармата А2, падобны памерам да невялікага мастацкага палатна, офісны, са зручным размяшчэннем па вертыкалі адразу трох памесяцавых старонак, і настольны каляндар-дамок. Ілюстратыўны шэраг у іх супадае: гэтым разам Музей папулярызуе творы лепшых мастакоў краявідаў ад ХІХ да ХХІ стагоддзяў — Апалінарыя Гараўскага, Станіслава Жукоўскага, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Віталя Цвіркі, Леаніда Шчамялёва, Ігара Бархаткова. Ад класікаў да сучаснікаў — паважаны мэтр Леанід Шчамялёў у лютым святкуе 90-годдзе персанальнай выставай у Нацыянальным мастацкім, а Ігар Бархаткоў і сёння актыўны мастак, калекцыянер і экспазіцыянер.

Як зазначыў дырэктар Музея Уладзімір Пракапцоў, выбар твораў прадыктаваны жаданнем нагадаць пра пачынальнікаў краявіду ў беларускім жывапісе — у асобе Гараўскага, і асабліва адзначыць ключавую постаць у развіцці жанру Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Апошняму ў 2012 годзе споўнілася 140 год (а 30 год таму адкрыўся яго музей у Магілёве). Калі б Бялыніцкаму давялося нарадзіцца не ў Беларусі і вучыцца не ў Маскве, а ў Парыжы, яму, майстру тонкіх колеравых гармоній і настрою, была б гарантаваная слава еўрапейскай зоркі яшчэ пры жыцці. Яго талент наследаваў любімы вучань, Антон Бархаткоў, той узгадаваў захапленне айчыннымі краявідамі ў сына Ігара: пераемнасць пакаленняў рэалістычнай традыцыі ў беларускім жывапісе.

Прадстаўнік Белдзяржстраха Мікалай Дуброва падкрэсліў, што сяброўства кампаніі-спонсара выданняў з Нацыянальным мастацкім цягнецца аддаўна — праз страхаванне работ і арганізацыі выстаў. Істотна, што ў Беларусі, якая панесла надзвычайныя страты часам войнаў і рэвалюцый, засталіся яшчэ значныя багацці. Сховішчам для іх служыць Музей, а Белдзяржстрах мае гонар унесці маленькую кропельку намаганняў у справу іх праслаўлення, «бо гістарычная памяць не мусіць заставацца незапатрабаваным пластом». Календары, якія штомесяц дораць магчымасць атрымліваць асалоду ад выдатных карцін з калекцыі Музея, плануецца выпускаць і надалей, вар’іруючы выбар тэм, накірункаў, стыляў: у перадсвяточны час яны — добры падарунак і зручны спосаб сцвердзіць пачуццё гонару нацыянальнымі культурнымі здабыткамі. Гэта свайго роду традыцыя: калісьці свае календары выпускала і першая беларуская газета «Наша ніва».

Варта дадаць, што Музей прысвячае мастакам — героям календара не толькі папулярную друкаваную прадукцыю. У гэтым годзе падрыхтаваныя кнігі пра трох майстроў пейзажа: Вітольда Бялыніцкага-Бірулю, Станіслава Жукоўскага і Віталя Цвірку.

Дызайн календара выканала Наталля Кузьмянкова.

На фота: На прэзентацыі календароў — Уладзімір Пракапцоў, Мікалай Дуброва, Наталля Кузьмянкова

Каментаваць