У «Піўной Гісторыі» адабралі ўдзельнікаў сёлетняй «Бардаўскай Восені»

17 чэрвеня адборачны тур на «Бардаўскую Восень» зноў вярнуўся ў «Піўную гісторыю». Гэтым разам ён нетрадыцыйна прайшоў улетку. У канцэрце прынялі ўдзел больш за трыццаць канкурсантаў, а ў якасці госця выступіла Рэспубліка Паліна.



17 чэрвеня адборачны тур на «Бардаўскую Восень» зноў вярнуўся ў «Піўную гісторыю». Гэтым разам ён нетрадыцыйна прайшоў улетку. У канцэрце прынялі ўдзел больш за трыццаць канкурсантаў, а ў якасці госця выступіла Рэспубліка Паліна.

Адборачны канцэрт адбываўся ледзь не на дзве сцэны: пакуль у сутарэннях адбывалася конкурсная частка, на вуліцы іншыя музыкі спявалі пад гітару «Ляпісаў». «Бардаўская Восень» ужо даўно выйшла за рамкі класічнага бардаўскага фармату: фактычна адзіным абмежаваннем стаў акустычны выступ. Таму класічныя барды гэтым разам былі ў меншасці: большую частку канкурсантаў складалі дуэты і нават цэлыя гурты.

Але журы аддала перавагу сольным выканаўцам. Паводле слоў сябра журы Міхала Анемпадыстава гурты ставяць у няроўныя ўмовы сольных выканаўцаў, бо гучанне музыкі ў выкананні цэлага калектыву заўжды больш багатае. Да таго ж, у наступным годзе адной з умоў удзелу ў адборачным туры плануецца зрабіць абавязковае выкананне цалкам аўтарскіх песень.

У выніку, на «Бардаўскую Восень» у Бельск-Падляшскі сёлета паедзе 9 асноўных канкурсантаў: барды Ілля Паплёўка, Святлана Трапук, Раман Абрамчук, Канстанцін Бельскі , Яўген Сокалаў і Арцём Сітнікаў, дуэты «Нельга забыць» і «Пацукі», а таксама гурт «Дзівасіл». На выпадак форс-мажору адабралі і трох запасных выступоўцаў: Мар'яну Леанард, Таццяну Казановіч, а таксама гурт «Супольнасць загінулых паэтаў».

Гурт «Голая Манашка» вырашылі запрасіць выступіць на фестывалі ў якасці госця. А яшчэ аднаго канкурсанта, што паедзе ў Польшчу напрыканцы кастрычніка, абралі наведнікі сайту Ultra-Music. Ім стаў гурт «Горад N». Ён выступіў напрыканцы канцэрту па-за межамі конкурснай часткі.

Фіналам імпрэзы стаўся выступ Рэспублікі Паліны — маладой спявачкі, што стала пераможцам конкурсу ў мінулым годзе. Перамога ў мінулагодняй «Бардаўскай Восені» стала для яе сапраўдным штуршком да вядомасці. За апошні год Рэспубліка Паліна паспела адыграць шэраг сольных канцэртаў і нават запісаць альбом з гуртом «Hasta La Fillsta», у якім раней спявала легендарная Вольга Самусік.

"Пацукі"


"Голая манашка"

"Горад N"

Рэспубліка Паліна

 


 

Каментаваць