У пошуках беларускага золата

Так хочацца спадзявацца, што калі кнігу Уладзіміра Хільмановіча «Беларускае золата» прачытаюць «чорныя капальнікі», якія сёння знішчаюць курганныя магільнікі X-XVIII стагоддзяў, архітэктурныя помнікі, магілы, старыя сядзібы, шукаючы скарбаў, спыняцца займацца вандалізмам. Хаця ў гэта мала верыцца.



Тым не меней, і розныя бываюць «чорныя капальнікі». А раптам у некага зашчыміць на сэрцы, што ён шкоду робіць нашай роднай зямлі, нашым людзям, нашай гісторыі і зразумее, што золата захоўваецца не ў курганных шматвяковых магільніках, а яно побач — гэта помнікі, рэкі, азёры, людзі, падзеі, перамогі, кнігі, песні, музыка. Вось гэта самае дарагое, бясцэннае наша золота, беларускае золата, якое не мае аніводная краіна свету. І што наша беларускае золата трэба берагчы. І што наша беларускае золата — гэта наш нацыянальны скарб, наша багацце, падораныя нам Богам і лёсам.
 
 
«Беларускае золата» Уладзіміра Хільмановіча — выданне даволі арыгінальнае, неабходнае і вельмі цікавае. І будзем спадзявацца, што гэта толькі першая кніга, а з цягам часу напішуцца новыя выданні пра беларускае золата, ахопліваючы шырока яшчэ і Усходнюю Беларусь.
 
 
Кніга «Беларускае золата» свет пабачыла ў Беластоку, дзякуючы Радыё Рацыі, на добрай якаснай паперы, са здымкамі аўтара да кожнага артыкула, з шыкоўным дызайнам Адама Паўлоўскага. Сапраўды, вёрстка кнігі мне вельмі спадабалася. За выключэннем хіба размяшчэння загалоўкаў артыкулаў, лепш было б, каб назовы артыкулаў былі змешчаны злева на цотных старонках, тады яны адразу кідаліся б у вочы і чытачам былі б добра бачны. А так — загалоўкі губляюцца ў сярэдзіне кніжкі. Але гэта не такая і вялікая бяда, галоўнае ў кнізе — змест.
 
 
Твор Уладзіміра Хільмановіча складаецца з 120 артыкулаў. Гэта невялікія, але вельмі чытэльныя і кампактныя артыкулы-развагі з гістарычнай і сучаснай афарбоўкай, фактамі і канкрэтнымі прыкладамі. Пісаліся яны аўтарам на працягу больш чым двух гадоў і друкаваліся на старонках «Нівы» і гучалі па Радыё Рацыі.
 
 
Распачынаецца кніга артыкулам «Крыж Еўфрасінні Полацкай» і заканчваецца «Плошчай 2010». У першым матэрыяле аўтар мяркуе, што «пакуль арыгінал крыжа Еўфрасінні Полацкай не вернецца на Беларусь, ні даравання, ні любові, ні вольнасці нам не дачакацца… Калі крыж вернецца на радзіму, беларуская гісторыя пойдзе зусім іншым шляхам».
 
 
А ў «Плошчы 2010» гучыць надзея-працяг першага артыкула, што «пройдзе больш працяглы час і дата 19.12.2010 стане ў адным шэрагу з 25 сакавіка, з 27 ліпеня, стане як вяха ў змаганні за нашу дзяржаўнасць, волю, праўду, справядлівасць, адвечнае права людзьмі звацца, стане асобнай гістарычнай каштоўнасцю нашай краіны».
 
 
Магчыма так. Толькі калі знойдзецца і вернецца наш бясцэнны крыж Еўфрасінні Полацкай, які згубіўся ў Другую сусветную вайну? Найверагодней, што наша святыня трапіла ў расійскія музейныя сховішчы а далей, магчыма, — у прыватную калекцыю Морганаў у ЗША. Хаця па апошніх інфармацыях СМІ, крыж Еўфрасінні Полацкай у калекцыях Морганаў адсутнічае. Значыць, ён захоўваецца ў адным з музейных сховішчаў у Расіі, куды яго з Магілёва завезлі людзі ў форме НКВД у 1941 годзе.
 
 
У арыкуле «Нясвіжская скарбонка» Уладзімір Хільмановіч прыгадвае і 12 апосталаў з золата і серабра, якія былі «вывезены ў французска-расейскую вайну 1812 году». Аўтар кажа, што «жыве і легенда пра тое, што галоўная скарбонка была дзесьці закапана ў ваколіцах». Краязнавец з Нясвіжа Клаўдзя Шышыгіна-Патоцкая (1935-2005) некалі пісала, што Дамінік Радзівіл, які ваяваў на баку Напалеона, аднойчы завітаў у Нясвіжскі замак і загадаў свайму эканому тэрмінова схаваць 12 апосталаў. Слуга выканаў загад князя, скарб хутка схаваў, а падземны ход, які вёў да 12 апосталаў, ён узарваў. Калі ў Нясвіж увайшлі рускія войскі пад кіраўніцтвам Паўла Чычагова, яны вельмі хацелі знайсці скарб з 12 апосталамі. Акупанты схапілі эканома і доўга яго катавалі і дапытвалі, але ён нічога ім не сказаў. Рускія павесілі эканома ў двары замка. А праз пэўны час смяртэльна быў ранены і Дамінік Радзівіл. Так, двух чалавек, якія ведалі пра месцазнаходжання тайніка, хутка не стала. А 12 залатых апосталаў ужо два стагоддзі ніхто не можа адшукаць, хаця пошукі вядуцца на розных узроўнях, ды вынікаў няма. Відаць, час і 12 апосталаў, як і час крыжа Еўфрасінні Полацкай, яшчэ да нас не завітаў, бо чужы пакуль час сёння на Беларусі. І толькі тады ўсе нашы скарбы могуць вярнуцца, калі па-сапраўднаму будзе вольнай і незалежнай наша Бацькаўшчына. Уладзімір Хільмановіч шчыра ўспамнае і Клаўдзю Шышыгіну-Патоцкую ў іншым сваім артыкуле пра Нясвіж, які называецца «Сонечны Нясвіж».
 
 
Але не толькі гэтым золатам багата наша Айчына. Беларускае золата, як сцвярджае Уладзімір Хільмановіч, гэта і Кушляны Багушэвіча, і свет Янкі Маўра, і шлях Скарыны, і Завоссе Міцкевіча, і каласы Караткевіча, і дом Багдановіча, і Вязынка Купалы, і музей Луцкевіча, і калыханка Бураўкіна, і подзвіг Напалеона Орды, і байкі Крапівы, і Зэльва Геніюшаў, і лябёдка Іваноўскіх, і феномен Касцюшкі, і сцежкі Ажэшкі, і вежа Гедыміна, і Станькава графа Чапскага, і паэма «Новая зямля». З аўтарам шчыра можна пагадзіцца, што для беларусаў свая ўласная зямля заўсёды была багаццем, заможнасцю і незалежнасцю. У каго было шмат зямлі — той быў багатым чалавекам. Таму і Якуб Колас сваю паэму прысвяціў зямлі. І ўсе мы ў школе вывучалі ягоную «Новую зямлю», і ўсе мы памятаем, хаця б першыя радкі: «мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы…». Вялікі твор беларускай літаратуры — золата нашай літаратуры, твор, які заўсёды нас вяртае ў маленства, у школьныя гады, у маладосць, а таксама на радзіму, дзе мы нарадзіліся і дзе адчувалі заўсёды бесклапотнасць і волю.
 
 
Наогул, кніга Уладзіміра Хільмановіча «Беларускае золата» — гэта своеасаблівы карысны падручнік для школьнікаў і навучэнцаў. Нават нічога не трэба больш выдумляць, а браць кнігу Хільмановіча і 120 гадзін дзецям распавядаць пра беларускае золата. Распавядаць, дапаўняючы ілюстрацыямі пра тое, што знаходзіцца побач з намі, і пра што мы павінны ведаць, а таксама што, і каго шанаваць. А калі са школьнікамі ці з навучэнцамі, ці са студэнтамі абыйсці ўсе гэтыя мясціны, пра якія згадвае ў сваёй кнізе аўтар, то можна смела спадзявацца, што маладыя асобы пасля школы ці іншай навучальнай установы, пра родную Беларусь будуць ведаць шмат. Таму падобныя выданні павінны выдавацца ў Беларусі вялікімі накладамі і бясплатна распаўсюджвацца па школах. Бо сёння, на жаль, і настаўнікі мала ведаюць Беларусь, многім педагогам абы дзень адбыць у школе. Сёння ў нас мала Белакозаў, Урбановічаў, Жамойціных, Марціноўскіх, Петрыкевічаў, Ракуцяў, Карповічаў, якія ў школах былі апантанымі краязнаўцамі, гісторыкамі і педагогамі, за якімі цягнуліся дзеці, і з якімі было цікава вывучаць не толькі школьныя прадметы, але і родны край.
 
 
Чытаючы «Беларускае золата» я заўважыў, што артыкулы ў ім хаатычны чаргуюцца адзін за адным. Пасля крыжа Еўфрасінні Полацкай, Статута Вялікага Княства Літоўскага, раманса «Зорка Венера», шляху Скарыны надрукаваны ў кнізе тэкст пра востраў Чайчын. На маю думку, тэкст пра Чайчын павінен у кнізе знаходзіцца трохі далей ад Полацкай, Статута, Скарыны, а бліжэй да гэтых тэкстаў павінны былі быць надрукаваны артыкулы пра Вострую Браму, вежу Гедыміна, гонар Грунвальду, Полацкую Сафію і г.д. З іх пачыналася наша вялікая Бацькаўшчына, з іх і павінны пачынаецца добрыя кнігі, адкуль чытачы сёння працягваюць адкрываць для сябе сапраўдныя старонкі беларускай гісторыі.

Каментаваць