У пошуках беларускасці на паўднёвай Пскоўшчыне

Беларуская гаворка на паўднёвай Пскоўшчыне цягам апошніх амаль 200 год была адзіным бастыёнам беларускасці. Але ўзнікае пытанне: ці яна доўга будзе трываць?



Кірмаш у Невелі, дзе большасць гандляроў прыязджае з Беларусі, фота аўтара


Больш за 100 год таму лінгвісты і этнографы, якія вывучалі дыялекты, духоўную і матэрыяльную культуру, вызначалі межы рассялення беларускага этнасу. Лінія, вызначаная, напрыклад, А. Рыціхам ў 1875 г. ці Я. Карскім у 1903 г. значна выходзіла па-за сучасныя межы Беларусі. Беларусы жылі на тэрыторыях, што сёння належаць да Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі і Расіі. Гэта тычыцца таксама паўднёвай часткі Пскоўшчыны (не ў гістарычным сэнсе, а менавіта той часткі, якая калісьці ўваходзіла ў Віцебскую губерню, а з 1957 г. знаходзіцца ў межах сучаснай Пскоўскай вобласці).

Стастычныя дадзеныя канца ХІХ і пачатку ХХ ст. выразна паказваюць, што гэтыя паветы былі населеныя беларусамі і мелі відавочна беларускі характар. Напрыклад, ў 60-х гадах ХІХ ст. у Невельскім павеце беларусы складалі 60,8% ад усіх жыхароў, у Вяліжскім і Себежскім — нават 90,2% і 80,9% (для параўнання палякаў было адпаведна 0,9%, 3,1%, 2,2%). Гэтыя дадзеныя падцвярджаюць таксама даследванні Я. Карскага, чальцоў Маскоўскай Дыялекталагічнай Камісіі (1914 г.) і П. Бузука (1926 г.). П. Бузук асабіста наведаў Невельскі і Вяліжскі паветы і адназначна падцвердзіў беларускі характар гаворкі мясцовага насельніцтва. Самыя жыхары гэтых земляў таксама бачылі сваю моўную адрознасць ад расійцаў і беларусаў з поўдня. Бузук прыводзіць у сваёй публікацыі словы жыхаркі колішняга Вяліжскага павету: Нас называюць пылякамі (г. зн. беларусамі – П.Б.), калі паедзім за Вялікіе Лукі, а за Неўлем сьмяюцца з нас ужо за тое, што мы больше ныварачуем пы-расійську.

Змены ў навуковых падыходах у справе моўнай прыналежнасці мясцовых гаворак адбыліся пасля Другой сусветнай вайны. Праўда, яшчэ ў 1949 г. знакаміты лінгвіст Р. Аванэсаў залічыў гэтыя тэрыторыі да беларускамоўных, але ўсе наступныя працы (напр., падручнікі расійскай дыялекталогіі) залічваюць гэтыя землі да “заходняй зоны паўднёварасійскага дыялекта”, а мяжой паміж беларускімі і расійскімі дыялектамі становіцца... адміністрацыйная мяжа. Гэты пункт гледжання, на жаль, не выклікаў афіцыйнага пратэсту беларускіх мовазнаўцаў.

Фрагмент карты Я. Карскага (1903 г.), чырвоная лінія азначае рассяленне беларускага этнасу паводле гаворакФрагмент карты Я. Карскага (1903 г.), чырвоная лінія азначае рассяленне беларускага этнасу паводле гаворак

З часоў даследванняў Карскага мінула больш за 100 год і я вырашыў спраўдзіць, як змянілася моўная сітуацыя і ідэнтыфікацыя жыхароў паўднёвай Пскоўшчыны. Дадзеныя ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай Федэрацыі (2002 г.) цяпер вельмі адназначныя: беларусы ў Невельскім раёне складаюць толькі 2,26% ад усяго насельніцтва (ці 711 чалавек), падобная сітуацыя і ў Себежскім раёне. Я звярнуўся да лінгвістычных матэрыялаў. Аналіз распаўсюджання моўных рысаў, якія прадстаўленыя ў “Диалектологическом атласе русского языка” (1986, 1989 г.) пацвердзіў тое, чаго чакаў бы кожны гісторык ці дыялектолаг — у большасці выпадкаў гэтыя межы супадаюць з былымі межамі Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Віцебскай губерні. ТаксамаПсковский областной словарь паказвае, што і пасля ІІ сусветнай вайны ў мове насельніцтва захаваліся шмат беларусізмаў (бацькабацян,бульбаведацьёнкаліяго і т. д.) Я наведаў паўднёвую Пскоўшчыну два разы — летам 2014 і 2015 г. і вывучаў вёскі каля Себежа і Невеля (найбольш паўночных узмоцненых пунктаў колішняга Вялікага Княства Літоўскага).

Я звярнуў увагу найперш на сацыялінгвістычную сітуацыю і пытанне нацыянальнай тоеснасці. Усе асобы, з якімі я размаўляў вельмі выразна падкрэслівалі расійскую нацыянальнасць, часам узгадвалі пра бабулю польку ці пра прадзеда паляка, але ніхто з іх не назваўся беларусам. Але глыбейшае даследаванне пытання прынесла пэўны вынік. Жанчына (1939 г. н.) з паўночнай часткі Себежскага раёну, якая нарадзілася ў малой вёсцы Ржаўкі Літоўскія (на другім боку рэчкі знаходзяцца Ржаўкі Рускія — гэта колішняя мяжа Віцебскай губерні), калі я яе спытаў пра тое, як называлі насельніцтва з Пскоўшчыны па розныя бакі мяжы, сказала: нас называлі пылякамі, літвінамі, а мы іх скабарямі

Такія адказы я чуў неаднойчы, прычым словы палякі, літвіны, беларусыўжываліся ў якасці сінонімаў ці як супрацьвага адносна Расіі. Гэта паказвае, што ў свядомасці мясцовага насельніцтва найстарэйшага веку колішнія адміністрацыйныя і дзяржаўныя падзелы існуюць да сёння. Пошук іншых слядоў беларускасці не прынёс значных эфектаў. Гэта не здзіўляе — тут не было беларускіх школаў, арганізацыяў ці беларускай прэсы. Няма таксама надмагілляў з надпісамі па-беларуску, але ёсць па-польску (напр., у Себежы). Беларуская тоеснасць не магла захавацца на гэтых землях, бо яна тут таксама не мела шанцаў сфармавацца на мяжы ХІХ і ХХ ст. Інакш было на Падляшшы, Віленшчыне, Латгаліі ці нават на Смаленшчыне, дзе ў міжваенным часе функцыянавалі беларускія школы.

Жыццё ў межах расійскай дзяржавы і дыялекты, вельмі набліжаныя да расійскіх, выклікалі і тое, што мясцовае насельніцтва называе сваю мову расійскай: У мяне рускій язык, крісціянскій, рускій [жанчына, 1933 г. н., в. Новахаванск]; У меня рускій, у нас всех рускій, мы все рускіе [жанчына, 1932 г. н., в. Спас-Балаздынь]. Калі я паглыбляю тэму і пытаю, ці іх мова такая самая, якой ўжываюць на тэлебачанні, тады некаторыя рэспандэнты пачынаюць звяртаць увагу на “мяшаны” характар сваёй гаворкі: Бывает акцэнт такой, сам замеціш, што эта ня чіста рускій, рускій з хахлом, рускій з евреям, ад палякаў очень многа ўзялі [словаў] [жанчына, 1925 г. н., в. Апухлікі]. Таксама я спытаўся, чым адрозніваюцца беларусы ад расійцаў: Па труду атлічалі, беларус очень трудаспасобный, і па языку атлічыш, такім пахабным языком разгаварівают. [На бульбу казалі] бульба, лук — цыбуля, бурак, во, буракі ты там цягала, пара буракі цягаць [жанчына, 1925 г. нар., в. Апухлікі]. Аднак тыя беларусы, нават у свядомасці жыхароў на поўдзень ад Невеля знаходзяцца далёка на поўдзень ад іх і гэта зусім іншыя людзі, вельмі адрозныя ад іх саміх і іхных суседзяў. Гэта сведчыць пра вельмі інтэнсіўны працэс русіфікацыі. Беларускасць ператрывала ў гаворках, таму менавіта яны сталіся асноўным аб’ектам маіх даследванняў.

Каб спраўдзіць узровень русіфікацыі гаворак у параўнанні з часамі Карскага і Бузука я быў у мясцовасцях, размешчаных на паўночным усходзе, паўднёвым усходзе, паўночным захадзе і паўднёвым захадзе ад Себежа і Невеля. У гэтым кантэксце вельмі добрым параўнаўчым матэрыялам могуць быць беларускія гаворкі з латышскага і беларускага боку мяжы. Калісьці гэта быў агульны дыялектны абшар, цяпер жа асобы, якія на іх гавораць, жывуць ў трох розных краінах.

Датычна паўночных межаў колішняй Віцебскай губерні цяжка ўжо казаць пра беларускія гаворкі — мясцовую мову можна ўжо лічыць расійскай з элементамі беларускіх гаворак. Нават падчас размовы з жанчынай з Ржавак Літоўскіх беларускія рысы чуюцца спарадычна, нават такія адметнасці беларускай мовы як звонкі “г” ці “нескладовае у” сустракаюцца радзей, чым характэрныя для расійскай мовы гукі. Таксама дзеканне і цеканне тут не такое выразнае, як у суседніх раёнах Латвіі і Беларусі.

Значна лепш выглядае сітуацыя на поўдзень ад Себежа і на паўднёвы захад ад Невеля, дзе мову мясцовага насельніцтва можна назваць мяшанай беларуска-расійскай гаворкай. Мне ўдалося занатаваць амаль усе беларускія рысы, якія заўважылі Карскі і Бузук амаль стагоддзе таму на ўсіх узроўнях мовы (фанетыка, марфлогія, лексіка і сінтаксіс). Аднак, яны выступаюць адначасна з расійскімі рысамі. Большасць мясцовага насельніцтва лічыць, што гаворыць па-расійску, бо найбольш расійскіх рысаў можна знайсці менавіта ў лексіцы. Найменш у міжчалавечай камунікацыі перашкаджае фанетыка, таму на гэтым узроўні структуры мовы беларускія рысы захаваліся найлепш і менавіта на падставе фанетыкі ў мовазнаўстве акрэсліваецца прыналежнасць канкрэтных гаворак да пэўнай мовы. Беларуская гаворка на паўднёвай Пскоўшчыне цягам апошніх амаль 200 год была адзіным бастыёнам беларускасці. Але ўзнікае пытанне: ці яна доўга будзе трываць? У параўнанні з часамі Карскага і Бузука межы яе распаўсюджання зменшыліся на некалькі дзесяткаў кіламетраў. Адзінай падтрымкай беларушчыны на гэтых землях могуць быць толькі гандляры з Беларусі, якія прыяжджаюць на мясцовыя кірмашы ў Себеж і Невель і прапануюць расійцам бульбуцыбулю і буракі, а не картошкулук ці свёклу.

 

thepointjournal.com

Пераклад на беларускую: Андрэй Ціхаміраў

Артыкул з'явіўся па-ангельску ў Belarusian Review, Vol. 27, No. 3-4.
© 2015 The_Point Journal/Belarusian Review

Каментаваць